Калі вы жывяце ў Літве, то напэўна чулі імя Мікалоюса Чурлёніса. Гэта знакаміты літоўскі кампазітар і мастак, які дасягнуў ня малых посьпехаў у музыцы, а пасьля пачаў навучацца жывапісу ў знаёмага нам Фердынанда Рушыца. Мастацкае натхненьне Чурлёніса было настолькі вялікім, што ён ня змог абмежавацца толькі сьветам гукаў: у сваёй творчасьці ён маляваў музыку і сачыняў музычныя кампазіцыі паводле карцін.
Ён адкрыў сьвет сімвалізму Літвы, ва ўсходне-еўрапейскім мастацтве яму няма падобных. У некаторых палотнах відаць больш абстракцыянізму, чым сімвалізму.
Ці змог мастак абагнаць свой час?
Мікалоюс Чурлёніс нарадзіўся ў сям’і арганіста ў горадзе Варэне, але пражылі яны там нядоўга, пасьля перабраліся ў Друскінінкай. Мастак атрымаў добрую першасную адукацыю, а бацька ў сваю чаргу навучыў яго ігры на фартэпіана і аргане. Чурлёніс адразу абраў шлях мастацтва – дамашнія ўрокі музыцы, удзел у мясцовым аркестры. Для далейшай адукацыі з дапамогай князя Агінскага (сваяка таго самага Міхаіла Клеафаса Агінскага, што напісаў знакаміты паланэз «Разьвітаньне з Радзімай») паступіў у Варшаўскую кансерваторыю на спецыяльнасьць Кампазіцыя. Там ён знаходзіўся ў інтэлегентным коле дзеячоў мастацтва, шмат чытаў і натхняўся самымі сучаснымі ідэямі. Але і шмат працаваў, каб дапамагаць малодшым братам – Чурлёніс даваў прыватныя ўрокі музыцы. Таксама Мікалоюс нядоўга павучыўся ў Лейпцыгу і ўжо ў 1901 годзе напісаў адну з сваіх найзнакамітых сімфанічных паэмаў «У лесе».
Сучасныя перадавыя ідэі знаходзяць сваё адлюстраваньне ў розныя часы ў розных мастацтвах. Так і на рубяжы 20-га стагоддзя сімвалізм спачатку з’явіўся ў музыцы, але жывапіс хутка прыняў эстафету. Магчыма, Чурлёніс адчуў, што каб перадаць яго ўражаньне і думкі наконт сучаснага жыцьця, больш усяго будзе пасаваць менавіта жывапіс. Новыя сродкі выражэньня сучаснага яму жывапісу падаваліся тым, што так дакладна перадае дух часу і душу мастака.
У 1902-1903 гадах піша свае першыя цыклы карцін, сярод іх «Жалобная сімфонія». А ў 1904 годзе паступае ў Варшаўскае мастацкае вучылішча, дзе сярод іншых выкладаў мастак з беларускімі каранямі Фердынанд Рушыц. У хуткім часе пачынае выстаўляць свае працы ў рамках студэнцкіх выставаў у Варшаве, але ўжо ў 1906 удзельнічае ў першай выставе літоўскіх мастакоў у Вільнюсе, дзе экспанаваліся ягоныя цыклы «Стварэнне свету», «Бура» і іншыя працы. З тых часоў выстаўляецца ў гарадах Літвы і Польшчы, а таксама ў 1908 годзе, зблізіўшыся з удзельнікамі тврчой групы «Свет мастацтва», удзельнічае ў выставе ў Санкт-Пецярбурге, дзе былі прадстаўлены 125 ягоных работ.
Карціны Чурлёніса сімвалічныя і абстрактныя, больш за тое – музыкальныя. Некаторыя з цыклаў маюць назвы «Саната», «Фантазія», «Фуга». У адрозненьні ад іншых прадстаўнікоў сімвалізму, ён больш эксперыментаваў з абстрактнымі формамі, каляровымі плямамі, амаль не пісаў людзей і далёка не на ўсіх ягоных працах можна заўважыць падобныя на рэальны сьвет аб’екты. Але абстрактнасьць ягоных працаў можа тлумачыцца абраным зьместам – складана з дапамогай рэальных аб’ектаў перадаць такія тэмы як «Стварэньне сьвету». Як і іншыя сімвалісты Чурлёніс занурыўся ў казку – на яго палотнах зоркі і планеты, стыхіі, цудоўныя гарады і фантастычныя пейзажы.
Па-сапраўднаму адчуць ягоныя палотны могуць тыя, хто разумеюць класічную музыку. Напрыклад 9-ая карціна з цыклу «Стварэньне сьвету» гэта буйства гукаў, рытмаў, але між тым – гармоніі. Чырвоныя цудоўныя кветкі як акорды, так мастак перавадзіў шматгалосыя сімфоніі ў сьвет фарбаў.


У працы «Алегра» з цыклу «Зорная саната» мы можам бачыць нешта падобнае на ўладкаваньне сьвету, шмат міроў, зорак, туманнасьцяў. Гледзячы на працы Чурлёніса, можна з упэўненнасьцю сказаць, што падчас іх напісаньня ён чуў музыку і рукой перадаваў яе на палатно.

Але і без музычнай адукацыі, кожны чалавек, гледзячы на палотны мастака, зможа ацаніць нязвычайныя мастацкія прыёмы, спалучэньне колераў і ў сваім уяўленьні занурыцца ў казку.
Мікалоюс Чурлёніс праявіў сябе ў музыцы, жывапісу, літаратуры і нават фатаграфіі. Некаторыя пачуцьці лепш выражаюцца ў словах, а некаторыя – у санатах. Чурлёніс вучыць таму, што трэба слухаць сваё сэрца, і часам браць алоўкі ў рукі, нават калі ты ніколі гэтага не рабіў. Спрабаваць новае і не абмяжоўваць сябе – гэта тое, што дапаможа кожнаму развіць і праявіць сябе яшчэ яскравей.
Не чытай, лепш глядзі!
Вось дзе сёння можна паглядзець на працы Чурлёніса ў Літве (і ня толькі):
- Дом-музэй Чурлёніса ў Друскінінкаі
- Нацыянальны мастацкі музэй М.К. Чурлёніса ў Каўнасе Там можна ўбачыць пастаяную экспазіцыю з працамі мастака, а таксама часовыя выставы, такія як «Чурлёніс і дызайн», якая будзе працаваць да чэрвеня 2024 года.
- Дом-музэй Чурлёніса ў Вільне
- Музэй Бэльведэр у Нідэрляндах зрабіў першую персанальную выставу з працамі мастака, якая будзе працаваць да 9 чэрвеня 2024 года. Калі хтосьці раптам знаходзіцца па абмене ў Нідэрляндах, звадзіце туды мясцовых студэнтаў і пазнаёмце з цудоўным літоўскім мастаком.
- У Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільнюсе можна занурыцца ў нацыянальнае літоўскае мастацтва 20 стагоддзя і знайсьці некалькі працаў Мікалоюса Чурлёніса






Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка






Оставьте комментарий