Як мастак, што натхняўся сваёй роднай беларускай вёскай, паўплываў на культуру Польшчы і Літвы. Якую ролю сыграла самае загадкавае палатно Фердынанда Рушыца для разумення таго, што дзеецца ў нашых душах калі мы марым пра нешта. Бо абставіны рэчаіснасці заўсёды супраць нас. Але на нашае шчасце, мы маем неўміручае і непахіснае знутры сябе: вобразы мілых рэчаў, вобразы родных мейсцаў.
Фердынанд Рушыц шмат працаваў у полі мастацтва і культуры Польшчы і шмат чаго дасягнуў. Таго ж і датычыцца ягонае асабістае мастацтва.
Аднак што падсілкоўвала ўвесь гэта час ягоную душу? На карцінах ― беларуская вёска Багданава, дзе ён нарадзіўся, мілы дом, знаёмая рэчка, ціхія дрэвы, высокае неба. Шмат каму адгукнецца творчасць Рушыца, колькі паэтыкі ў штодзённым сюжэце. У сваіх працах ён навучыўся ўвасабляць тонкія душэўныя станы ў фарбы. Мастак пачынаў пад уплывам сваіх настаўнікаў як рэаліст, і знайшоў сябе ў адлюстраванні станаў душы праз пейзаж. У паэтызацыі мілага для душы і роднага кутка.
Але ў 1904 годзе ён намаляваў карціну, якая нашмат адрознівалась ад ягонай стылістыцы. На ёй ― мора і карма карабля. Больш усяго яго натхнялі знаёмыя пейзажы, часта рэчка. Але адкуль раптам мора? Карціна Nec mergitur нарадзілась цалкам у свядомасці, рэальных правобразаў няма. Акром таго, яна больш іншых ягоных твораў пагружае ў казку, у свет абстрактных думак.
Калі эскізы будучай працы ўсталяваліся хутка, то назва не прыходзіла доўгі час. Адзін з першых варыянтаў назвы ― Пурпура. Гэта адсылае нас да твора Генрыка Сенкевіча «Парусная легенда», якім у гэты час зачытываўся Фердынанд Рушыц. Тут і знаходзіцца крыніца шэдэўра. Вобраз жа адвечна неспакойнага мора быў мастаку знаёмы з ягоных падарожжаў.
Рушыц імкнуўся захаваць вобраз як мага казачней. Ад таго карабль больш падобны на каштоўнае ўпрыгожванне, што яскрава свеціць у цемры чырвоным і залатым агнём. Водбліскі ад яго падаюць на ваду, што ў сваю чаргу адлюстроўвае блакітнае святло месяца і пераліваецца ад сіняга да пурпурнага. На заднем плане ― начное неба, млечны шлях з пляядаю разнакаляровых зорачак. Кампазіцыя цікавая і ўласцівая аўтару. Глядач тоне ў хвалях, знізу глядзіць на карабль, што ўздымаецца кармай да неба. Такое сустракаецца на пейзажах мастака, напрыклад шэдэўры «Зямля», «У касцёла», дзе большую частку палатна займае неба, што робіць звычайныя жыццёвыя карціны манументальнымі і паэтычнымі.


Што датычыцца назвы, пад якой і па сённяшні дзень мы ведаем працу: Nec mergitur ― гэта частка дэвіза горада Парыжу: Fluctuat Nec Mergitur, што азначае «Яго бьюць хвалі, але ён не тоне». У адрозненне ад твора Сенкевіча, дзе карабль ёсць сімвал надзеі на адноўленую Польшчу, праца Рушыцы пазбаўлена нацыянальных ці грамадзянскіх прыкметаў. На прыканцы Рушыц прыбраў з кармы карабля арла, які быў у адным з першых эскізаў, не згадваў і ў сваіх лістах нічога пра патрыятычна-грамадзянскія сэнсы каціны.
Чаму працаваў ён з аднолькавым запалам і для культуры Літвы, і для мастатцва Польшчы? Магчыма, ён сам не мог адказаць на гэтае пытанне. З пакутлівай сваёй маленькай радзімы, дзе ніколі не было проста і лёгка, ён ведаў, што хацеў паўплываць на лёс культуры. Мілае Багданава, што падаравала імпульс, якому ўдзячныя сёння паспяховыя і нашмат больш шчаслівыя краіны, як Польшча і Літва. А нарадзілась надзея ў беларускай вёсцы. Надзея, што нараджаецца ад тонкага імпульса, ад маленькага агеньчыка святла. Ад куста ружы побач сямейнай хаты. Ад мілага, схаванга ад ўсіх, але не ад цябе, берага ракі, дзе можна пабыць сам насам. Пазней чалавек выбірае сабе поле, ў якім будзе раэлізоўваць свае надзеі пра лепшую будучыню, куды прыкласьці сваю душу, каб зрабіць навакольную рэчаіснасць прыгажэй і лепей, каб парадаваць блізкіх, каб парадаваць суайчыннікаў. Але імпульс любові і святла зараджаецца ў чымсьці малым. І з упэўненасцю можна сказаць, што для Рушыца гэта была ягоная вёска і наваколле.
Ці дасягнуў Рушыц сваіх мараў у поўнай меры? Мы ня можам ведаць. Але рабіў ён неверагодна шмат, і вынікі ягоных крокаў пэўна наблізілі да лепшага лёсу…
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка