Такія імёны як Хаім Суцін і Файбіш-Шрага Царфін прыўнеслі ў гісторыю беларускага мастацтва французскія традыцыі жывапісу і зрабілі Смілавічы пад Менскам радзімай вялікіх мастакоў. Два генія, што пачалі маляваць у раннім вясковым дзяцінстве, вучыліся ў Вільнюсе і далей праз жыццёвыя прыгоды сустрэліся толькі у Францыі. Царфін, які быў адзіным чалавекам, якому Суцін дазваляў глядзець як ён малюе, назаўсёды захаваў любоў да жывапісу ў сваім сэрцы. Пасля вайны Шрага Царфін з сям’ёй пасяліўся пад Парыжам і пачаў працаваць з чыстага ліста. Так як амаль не засталося даваеных карцін, мастак паўстае перад намі адразу наймацнейшымі сваімі палотнамі. Гэта карціны французскіх сабораў і пейзажаў у сінім, сіне-зялёным, смарагдавым, пурпурным калейдаскопе фарбаў.


Роквіт талента Царфіна адбыўся ў Парыжы, дзе ён з 1924 года быў удзельнікам Салона Незалежных і таксама супрацоўнічаў з дамамі моды, такімі як Шанэль, як мастак па тканях. Ён шмат дзе прыкладаў свой мастацкі талент, каб зарабіць на жыццё. Але паводле парады Суціна, ў 1836 вяртаецца ў жывапіс і займаецца толькі ім.
Мала вядома пра даваенныя працы Царфіна, бо падчас вайны ўладальнік яго кватэры ў Парыжы выкінуў усю ягоную маёмасць. Але нам вядома, што ён вывучаў жывапіс імпрэсіяністаў і экспрэсіяністаў, адзін час яго творы былі блізкі да фавізму.
Шмат шэдэўраў Шрагі Царфіна сёння знаходзяцца ў Францыі: у прыватных калекцыях аматараў, яго сям’і і таксама ў дзяржаўных калекцыях і музэях. Сярод іх найбольш выбітныя пасляваеныя карціны сабораў і іх інтэр’еры. Такі вобраз як сабор быў вельмі важным для мастака, таму знаходзіў частае адлюстраванне на палотнах. Саборы, як і пейзажы Царфіна вылучаюць святло, звышнатуральную энэргію, якую бачыў і адчуваў мастак, і якую адлюстроўваў з дапамогай гульні і пераліванняў света. Прырода, дрэвы, палі — ўсё на роўне з саборам падаецца тыямнічым і значным. Навакольны свет як цуд, саборы як месца адпачынку душы.
Жывапіс Царфіна напоўнена святлом у цемры і разнакаляровым ззяннем. Можа гэта месяц ноччу асвятляе ўзгоркі і палі. А можа гэта дзіўныя вітражы, ці паўпразрыстыя тканіны. Царфіну падабаецца эфект празрыстасці і накладання шматлікіх слаёў, магчыма ён пераняў гэта з сваёй працы з тканню. Рэчаіснасць тады выглядае загадкавай і казачнай. Дакладнасць формы, яе аб’ёмнасць — не будуць галоўным для мастака традыцыі 20 стагоддзя. Эфекты, колеры даюць пачатак прадмету.



Жыццё Царфіна сапраўды было зверхнасычанае на падзеі. Магчыма таму ў сваіх карцінах ён хацеў схапіць імгненне ў яго пераліванні і шматлікай зменлівасці станаў. Пасля вайны, калі ягоная служба і ўкрыццё, з прычыны габрэйскага паходжання, скончыліся, пасля ягоных прыгодаў і вучобы ў Еўропе і на Палестыне — ён проста знаходзіў асалоду ў шпацырах, невялікіх паездках з сям’ёй да мора ці да гор. Назіранне навакольнага цуду і адлюстраване яго як замаруджанай ідыліі. Царфін любіў шпацыраваць. Гэта была ягоная звычка з Смілавічаў, бясконцае блуканне па наваколлю. Любіў ён і ўсе храмы, усе рэлігіі. На ягоных карцінах Рэймскі і Руанскі саборы, сабор у Брэтані, дзе ён жыў, і шмат іншых.
Самыя абстрактныя ягоныя працы — інтэр’еры сабораў. Але наколькі гарманічнымі яны выглядаюць. Душа сапраўды адпачывае, калі глядзіш на іх. Перад намі карагод плямаў, што падсвечваюцца знутры і толькі крыху нагадваюць абрысы сабора сваімі паўкруглымі зводамі і выцягнутымі плямамі святла — вокна гатычных сабораў.
Нярэдка Царфін адлюстроўваў і людзей. На яго палотнах працоўныя, дзеці ў інтэр’еры сабора, каля ракі, у асяроддзе прыроды. Але зліваюцца іх воборазы з плоскасцю, фарбы усё аб’яднаюць: людзі становяцца часткаю нефа сабора, альбо навольканага пейзажа. Можа зусім гэта не людзі, а душы. Якія мастак змог знайсці і захаваць паўпразрыстымі абрысамі ў чароўнай ідыліі.



Ёсць агульнае ў ягоных працах — усе яны як тонкае шкельца альбо лёд, што пачынае таяць і дэфарміраваць прадметы вобразы, якія бачна скрозь яго. Вобразы бруяцца як вада і пераліваюца на сонцы. Царфін сапраўды адлюстраваў пералівы светла на льдзінцы. Магчыма, Царфін аднойчы зазірнуў на вуліцу праз вітраж сабора і тады яна падалася яму казачным месцам. Бо так, усе рэлігіі аказвалі на Царфіна заспакаяльнае ўздзеянне. У храмах ды цэрквах пачуваеш сябе гарманічна, і свет праз вітраж сабору таксама будзе падавацца найбольш абсалютным. Лёд можа замарудзіць момант, каб жыццё разгортвалася павольней. Так з змерзлым возерам звязаны адзін моцны ўспамін Шрагі Царфіна з дзяцінства: як ён катаўся па льду на каньках, калі раптам лёд трэснуў і маленькі Царфін апынуўся ў вадзе. Напэўна тады момант сапраўды замер. І захаваўся сваімі сінімі і галубымі адценнямі ў памяці мастака.
Сёння геній Царфіна часткова вярнуўся на Радзіму, беларускія калекцыянеры куплялі шэдэўры мастака, у самых Смілавічах праводзіліся выставы. У беларускай сталіцы можна зазірнуць на свет вачыма Шрагі Царфіна. Альбо ў любым месцы зямлі — паспрабаваць паглядзець на горад праз дзіўны вітраж сабора альбо тонкую ільдзінку, каб праверыць, ці сапраўды момант замаружваецца і ці бачна скрозь яго прывіды.
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка