Сёння такой прыладай як дыктафон нікога не здзівіш, ён ёсць у кожным смартфоне.  Але раней дыктафоны маглі ўмяшчаць у сабе гісторыю, кавалачак света чалавека. І аднойчы мне трапіўся такі рарытэт…

Спачатку там, унутры, нешта крахтала, быццам прачышчала горла, каб паведаць тое, што запомнілася. І вось, адтуль пачуліся галасы. Адзін старэчы, другі зусім малады. На хвіліну падалося, што гэта я задаю пытанні, але гэта быў голас маёй маці. А старэйшы голас, як потым патлумачыла мне бабуля, належыў майму прадзеду. Мне было дзіўна, я яго ніколі не бачыла, але на запісу прадзед быў жывы, быццам сядзіць побач і расказвае цікавыя гісторыі…

“… Неяк мы з таварышам гулялі ў хованкі. Гэта было ці вясной, ці летам, зараз дакладна не памятаю. Памятаю, што на прыгуменку стаяла старая бяроза.  Яна многа, відаць, гадоў давала свае сокі, а потым сагніла, абразаваўшы ў сярэдзіне дупло. На працягу гульні заглянуў туды і ўбачыў медную кружку, якая ляжала ў дупле на самым дне, вось. Сваім дзіцячым розумам, от, дайшоў, што гэта кружка не прастая, што трэба яе дастаць. Але яна была там замацавана нечым і вельмі цяжкая, от, таму я расказаў дома маме. На следуюшчы дзень я зноў туды пайшоў, каб паспрабаваць выцягнуць тую кружку шчэ раз. На жаль, яе там ужо не было. Но потым выеснілася, што дзеда таго хлопца, з каторым я гуляў, забрала НКВД за хованку золата. Вось так…

Потым голас на касеце змяніўся, і я пазнала сваю прабабулю. А далей пачула і яе гісторыю:

У Каменцы, значыць, жыў пан. А дзядзька мой, Пятро, служыў у таго пана парубком. Дзядька Пятро і жыў там, на том селішчы, дзе быў дом пана. Ну і калі прыйшла савецкая уласць, той пан даў дзядзьку золата: ідзі ты, парубок, схавай яго, цябе ругаць не будуць. Гэты парубок прыйшоў у Маісееўку да сваей цешчы, схаваў тое золата пад парогам, замест якога быў камень, такі шырокі, плоскі. Падкінуў, значыць, золата, пакуль цешча не бачыла, і пайшоў назад у Каменку. Прыходзіць, а таго пана б’юць, трасуць, дапытваюцца, дзе золата. Дзядзька Пятро зноў пайшоў у Маісееўку да цешчынай хаты. А з іх ніхто і не ведаў, што пад парогам золата закопанае ляжыць. Вярннуўся, аддаў золата пану. Раскулачылі таго пана потым, саслалі кудысь. А парубок той застаўся жыць на селішчы, дзе жыў пан. Месца там было добрае, яны сяліліся толькі на лепшых землях, тые паны: крыніца цякла, на бугры стаяў дом, там было смародзіны! Так і застаўся там жыць дзядзька Пятро, а пасля і яго дзеці…

Касета адматвала плёнку. Чуліся галасы маіх бацькоў, такія звонкія і маладыя. Затым нейкая класічная мелодыя… Я чула яшчэ і яшчэ. Чула кавалкі жыцця дваццацігадовай даўнасці. А касета ўсё далей адматвала плёнку…

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Популярные

Больше на The EHU Times

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше