У яго гонар названы рэстаран у Гродна, а ў Менску праходзіла выстава яго эскізаў і карцін. Хоць Леў Бакст пражыў у Беларусі толькі першыя гады свайго жыцця, мы шануем яго прыналежнасць да нашай краіны і яго творчасць, якая ззяла на шматлікія сотні кіламетраў ад яго дома. Парыж быў заварожаны балетнымі пастаноўкамі, аздобленыя яго сцэнаграфіяй і касцюмамі. А на мастацкіх выставах яго карціны атрымлівалі вышэйшыя ўзнагароды.

Леў Бакст (сапраўднае імя Лейб-Хаім Разенберг) — знакаміты тэатральны мастак, жывапісец і графік. Ён нарадзіўся 9 мая 1866 года ў Гродна, у сям’і гандляра. Дзяцінства і юнасць правёў у Санкт-Пецярбургу, куды пераехала яго сям’я. Скончыўшы там гімназію, у 1883 годзе паступіў ва Імператарскую акадэмію мастацтваў, аднак быў расчараваны ў акадэмічнай сістэме, як і многія маладыя мастакі ў той час.
Пакінуўшы акадэмію, мастак выбіраў свой шлях самастойна. У 80-90х гадах ён працаваў кніжным ілюстратарам, браў урокі акварэлі, працаваў у тэатрах, удзельнічаў у многіх выставах.
На сваёй першай выставе ў 1889 годзе прадставіўся сваім знакамітым сёння імём — Леў Бакст.
З 1891 года пачынае вандраваць па Еўропе і наведваць Парыж, дзе атрымлівае буйныя заказы, а таксама працягвае навучанне ў студыях мастакоў. Аднак не разрывае сувязі з Санкт-Пецярбургам, у якім знаёміцца з творчым аб’яднаннем «Свет мастацтва», створаным Аляксандрам Бенуа і Сяргеям Дзягілевым. Знаёмства з Дзягілевым адзначыла сабой пачатак іх 30-гадовага супрацоўніцтва. З 1909 года мастак на пастаяннай аснове жыве ў Парыжы і становіцца вядучым мастаком «Рускіх сезонаў за мяжой» у рускім балеце Дзягілева. Займаецца сцэнаграфіяй для балетаў «Клеапатра» (1909), «Шахерэзада» і «Жар-птушка» (1910), «Нарцыз»(1911), «Дафніс і Хлоя» і іншых. Бакст захапляецца стварэннем адзення, стылізацыямі і творча пераасэнсоўвае антычныя і ўсходнія матывы, і такім чынам распачынае ў Еўропе моду на турбаны, шаравары, кімано, персідскую вышыўку і арнаменты.



Такім чынам, спалучэнне яго прыхільнасці да рускай супольнасці мастакоў з іх асаблівым позіркам на мастацтва, а таксама досьвед жыцця ў Еўропе пачатку 20 стагоддзя, дзе ён натхняўся перадавымі ідэямі мадэрна і сімвалізма адкрылі Баксту асаблівы шлях і магчымасць узбагаціць мастацтва яго бачаннем.
Праз усю яго творчасць, жывапісныя палотны, партрэты і тэатральныя ілюстрацыі, якія зрабілі балет «Рускія сезоны за мяжой» Дзягілева адным з самых паспяховых у свеце, мы бачым любоў мастака да колераў, яго ўменне працаваць з ім, перадаваць нюансы настроя і пачуццёў праз глыбокі колер, а таксама пластычныя лініі і плаўныя формы, уласцівыя для мастацтва мадэрна — мы бачым геніяльнага прадстаўніка мастацтва мадэрна, які яго мастацкімі сродкамі змог выразіць міфалагічны задумлівы і рамантычны свет і запрасіў нас летуцець разам з ім.
А цяпер паглядзім бліжэй на яго творчасць.
Графіка
Першымі сур’ёзнымі працамі мастака былі ілюстрацыі для дзіцячых кніг. Гэта была распаўсюджаная праца для маладых мастакоў, якая ў сваю чаргу прыносіла хоць нейкі даход, але і дазваляла вучыцца і практыкавацца ў графіцы. Хоць зараз амаль не захавалася прыкладаў прац Бакста для дзіцячых кніг, мы маем уяўленне аб ім як аб цудоўным графіку, дзякуючы яго графічным ілюстрацыям у часопісах, такіх як «Свет мастацтва», «Залатое руно» і іншых.

Для прыхільнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» была характэрна любоў да графікі, графічнай асновы мастацтва. Мінімальныя сродкі — толькі лінія і пляма павінны адлюстраваць максімум выразнасці. І ў маладога Бакста гэта выдатна атрымлівалася. Рух асобы, дынаміка прыроды, моцная кампазіцыя — усяго гэтага дамагаўся Бакст у сваіх чорна-белых ілюстрацыях да кніг. Напрыклад, можам паглядзець на такія яго ілюстрацыіі як «Антычная візія» для часопіса «Залатое руно» і ілюстрацыя для кнігі А. Блока «Снежная маска». У іх спалучаецца і ўраўнаважаная кампазіцыя элементаў, гульня чорных і белых плямаў, дынамізм і дэкаратыўнасць. Але галоўнай усё ж застаецца лінія, якой па-майстэрску авалодаў Бакст.
Тэатральныя ілюстрацыі
Ужо са сваіх самых першых спроб у тэатры, Бакст паказаў яскравую фантазію праз створаныя ім дэкарацыі і касцюмы. Але сапраўдны росквіт яго тэатральнай дзейнасці адбыўся пасля пераезду ў Парыж у 1909 годзе. Там ён стаў галоўным мастаком для «Рускіх сезонаў». Ён пакарыў Парыж сваімі мнагаслойнымі, казачнымі і глыбокімі дэкарацыямі. Разам з Дзялгілевым імі было пастаўлена 16 сумесных балетаў, дзякуючы якім сталіцу Францыі ахапіла мода на ўсё ўсходняе і рускае. Бакст не толькі рабіў эскізы касцюмаў для такіх вядомых пастановак як «Жар-птушка», «Шахеразада», «Дафніс і Хлоя» і іншых, ён працаваў з дызайнерамі, тканню, і нават сам ствараў арнаменты на тканні для будучых касцюмаў і ўбораў!
А цяпер інтэрактыў: выбяры свой! Яскравыя ілюстрацыі касцюмаў для тэатральных пастановак Бакста цікава разглядаць і сёння. Больш за тое, сярод іх можна выбраць свой фаварыт, а можа нават і натхніцца на святочны ўбор на Раство ці Новы год, каб дакладна быць самым запамінальным на вечарыне. Кім апранешся ты: тотал-блэк юнаком у масцы або яскравай і дзёрзкай Клеапатрай?
Жывапіс
У 1900-1910 адбываецца росквіт мастацтва Льва Бакста, аднак не толькі ў тэатральнай ілюстрацыі, але і жывапісу. У гэты час Бакстам былі напісаныя мноства жывапісных карцін: партрэтаў, пейзажаў, палотнаў на міфалагічныя тэмы. Бакст пісаў партрэты яго сучаснікаў, адзін з найбольш вядомых гэта партрэт Дзягілева. На карціне мы бачым як непасрэдна і свабодна стаіць фігура Дзягілева, адначасова элегантная і натуральная. Мяккія лініі, спакойны выраз твару — усё гэта перадае вельмі жывы і шчыры вобраз. Няня ў глыбіні інтэр’ера дадае настрою палатна як мяккасці, так і дынамізма.
Яшчэ адна знакамітая карціна «Вячэра». Мы бачым элегантную дэкадантку ў чорным убранні з загадкавай усмешкай. Як мы пісалі раней, мастаку важна навучыцца графіцы, каб мець вялікую будучыню і ў жывапісу. На гэтай карціне мінімальнымі сродкамі створаны максімальна выразны вобраз жанчыны.
Аднак найбольш знакамітае жывапіснае палатно Бакста, гэта мабыць карціна «Terror Antiquus». Яна была высока ацэненая на выставе ў Парыжы, а пазней мастак атрымаў за яе залаты медаль на міжнароднай выставе ў Брусэлі. На карціне мы бачым манументальны пейзаж — горы і мора Грэцыі. Мастак шмат вандраваў, адно з яго падарожжаў захапіла і Грэцыю — краіну поўную антычных памятнікаў і слядоў, якія так важна вывучаць мастаку.
На гэтым, здаецца, спакойным і ўраўнаважанным палатне мы назіраем апакаліптычную карціну — антычны горад разбураны сіламі прыроды, вада нярвова бушуе над зямлёй, антычныя будынкі яшчэ стаяць, але ў любы момант могуць быць разбураныя. Што ўжо казаць пра людзей, ледзве прыкметныя і малыя, як мурашы, яны будуць першымі сцертыя стыхіяй. Аднак над усім гэтым хаосам узвышаецца традыцыйная скульптура жанчыны-коры, спакойная і статычная, з птушкай на руцэ.
Мастакі сімвалісты адлюстроўвалі на сваіх карцінах асабісты міф, яны натхняліся міфалогіяй, героямі і паэзіяй. Аднак на сваіх палотнах яны часта адлюстровалі новыя ідэі, пераасэнсаванні. Кожны чалавек вольны інтэрпрэтаваць палатно як яму бліжэй. Аднак з адным мы можам пагадзіцца, на гэтым палатне Баксту ўдалося адлюстраваць манументальнае адчуванне бясконцага і адвечнага, параўнанне света людзей і прыроды, бессмяротнага мастацтва і смяротнага «жывога».
Бакст спрабаваў сябе ў розных тэхніках, служыў тэатру, выкладаў і пісаў артыкулы пра мастацтва. Служыўшы свайму натхненню і бачанню, ён знайшоў аднадумцаў і прыхільнікаў. Стылі ў мастацтве з кожным годам зменьваюцца ўсё хутчэй, але адна рэч застаецца нязменнай — быць прыхільным сабе, дзіляцца сваёй шчырасьцю і спрабаваць новае. Гэтыя пункты абавязкова павінны апынуцца ў кожнага ў іх планах на новы год!
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка






Оставьте комментарий