Знакамітыя мазаікі ў Менску, самы вялікі габелен, які ўнесены ў кнігу рэкордаў Гінэса, спадчына з сотняў станковых жывапісных палотнаў, а таксама добрая памяць як пра выкладчыка Беларускай Акадэміі мастацтваў – усё гэта пра нашага таленавітага суайчынніка Аляксандра Кішчанка.

91 гадоў таму нарадзіўся выбітны беларускі мастак Аляксандр Кішчанка – аўтар філасофскіх і касмічных карцін, які таксама працаваў у жанрах партрэта, нацюрморта і пейзажа. У яго жывапісу заўважны след фавізму і кубізму, а таксама ўласна створанага стылю «усяленскага рэалізму». Ён любіў колер, геаметрычныя і абстрактныя формы, а таксама розныя матэрыялы. Кішчанка праявіў сябе і ў мазаіцы, кераміцы, габеленах, жывапісу і графіцы. Прапануем прайсціся па найбольш вядомых старонках творчасці мастака.
Мазаіка
Усе жадаючыя могуць проста зараз адправіцца ў натхняльную экскурсію па Менску ў пошуках мазаікі Аляксандра Кішчанкі – гэта можа быць такі нетрывіяльны спосаб паказаць сябрам і знаёмым сталіцу. Мазаіка гэта від манументальнага або дэкаратыўнага мастацтва, школа беларускага манументалізму ў мазаіцы пачынаецца з такіх творцаў як Вашчанка, Стальмашонак, Савіцкі, Кішчанка. Аляксандр Кішчанка стварыў у Менску некалькі велізарных і выбітных мазаік. Яны зачароўваюць сваёй прасторавай глыбінёй, дынамікай і кантрастамі. А сёння гэта цудоўная нагода пазнаёміцца з марамі мінуўшчыны – пра космас, спартыўныя дасягненні, людзей будучыні і самаадданых працаўнікоў. Вось вам невялічкі гайд:




- Гасцініца «Турыст» на Партызанскім праспекце – тут можнай знайсці знакамітую мазаіку «Беларусь партызанская». Суворыя твары беларускіх партызан, выкананыя ў карычневых адценнях сваімі масштабамі дакладна здзівяць кожнага.
- Па адрасе вул. Сухая, 2 знойдзем не менш здзіўляльную мазаіку аўтара пад назвай «Кастрычнік». Удзельнікі рэвалюцыйных падзей адлюстраваныя пад крутым ракурсам зверху, а чырвоныя вогненыя адценні сцэны адразу ўказваюць на напружаны характар тых падзей.
- «Наступная станцыя – Усход». Адразу пасля выхаду з метро немагчыма не звярнуць увагу на шэраг мазаік на жылых дамах. Гэта таксама спадчына Кішчанкі. 4 мазаікі памерам з 16-павярховы дом, кожная са сваёй тэматыкай. «Горад культуры», «Горад навукі», «Горад будаўнік», «Горад воін», а дзе якая – задача для вас, даследнікаў і даследніц Менскіх мазаік.
- Лета – цудоўная нагода паглядзець на яшчэ адну мазаіку Кішчанкі, якая размяшчаецца ў залі з басэйнам гасцініцы «Беларусь» па адрасе Старажоўская, 15. Гэта адна з самых светлых і натхняльных мазаік аўтара – жоўтыя і блакітныя колеры, выявы вады, птушак, людзей і сонца. Вядома, ва ўнікальным стылі мастака.
Габелены
Беларускі манументалізм таксама знаходзіць сваё выражэнне і ў габеленах – тканных аднабаковых палотнах з вобразнай кампазіцыяй. Аляксандр Кішчанка – аўтар мабыць аднаго з самых галоўных габеленаў 20 стагоддзя. Над гэтым габеленам мастак працаваў больш чым 5 гадоў, ён быў скончаны ў 1995 годзе і называецца «Габелен веку». Калі вы ўсё яшчэ не можаце адчуць значэнне беларускага манументалізму, вам варта азнаёміцца з гэтым габеленам. Рэч у тым, што яго памер – з шасціпавярховы будынак, а вага каля 300 кілаграм. На ім адлюстраваныя больш за 100 фігураў, уздымаюцца тэмы дабра і зла, вечнасці і будучыні. Вядома, у гэтай працы мы можам ўбачыць і мастацкі стыль Кішчанкі і яго ідэі. Але ў манументальных творах, як правіла, уздымаюцца складаныя агульначалавечыя пытанні, і адлюстраваны яны такім чынам, каб уразіць і адгукнуцца ў сэрцах многіх. Яны адлюстроваюць не толькі асобу мастака, але цэлае пакаленне, народ або нават чалавецтва.

Цяпер зусім не дзіўна, што такая праца была дададзеная у кнігу рэкордаў Гінэса.
Іншы не менш знакаміты габелен Кішчанкі называецца «Чарнобыль», ён быў створаны раней за «Габелен веку», але мае не менш яскравы лёс. Гэты габелен быў падораны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як памяць пра страшную для нашага рэгіёна і ўсяго свету трагедыю. Ён знаходзіцца ў будынку Генеральнай Асамблеі ААН у Н’ю-Ёрку. Габелен выкананы ў пазнавальным стылі Кішчанкі: прастора з абстрактных геаметрычных фігур, выявы людзей, жывых істот, анёлаў: цэнтральная фігура са змеямі сімвалізуе саму падзею, страшэнны выбух. Справа мы бачым маць з дзіцём, як надзею на будучыню. Кішчанка ўкладаў розныя сімвалы ў свае працы, ён заўсёды задаваўся філасофскімі пытаннямі: пра месца чалавека ў свеце, пра сусвет і космас.

Жывапіс
Жывапісныя палотны мастака сёння знаходзяцца ў многіх музэях і прыватных калекцыях свету. За сваё жыццё Кішчанка напісаў ня мала жывапісных карцін, у рознай стылістыцы і з рознымі ідэямі. Ён, як чалавек, які шмат думае і задае пытанні, такім чынам даследваў свет і дзяліўся сваімі думкамі і ўяўленнямі. На яго карцінах мы можам убачыць як больш раэлістычнае адлюстраванне людзей (Як на карціне «Разліў», «Думкі маці»), так і партрэты з больш умоўнымі формамі, яскравымі неўласцівымі для чалавека колерамі (чырвоны, блакітны), якія нават нагадваюць знакамітыя партрэты Мадыльяні. У яго карцінах мы бачым цудоўнае валоданне колерам, а галоўнае любоў мастака да яго. У сваіх працах ён спалучае кантрастныя колеры, у большасці – колер пануе над формай. Яго жывапіс таксама напоўнены сімвалізмам і «усяленскім рэалізмам». Мы бачым выявы геаметрычных фігур, які ствараюць глыбіню прасторы ў спалучэнні з выявамі людзей і прыроды (як у карціне «Вечар»).






У Кішчанкі можна павучыцца любві да колеру, уважлівасці да дэталяў, шырокаму светапогляду, што дазваляе мастаку змяшчаць у сваіх карцінах мноства сімвалаў і ахопліваць розныя тэмы. Кішчанка асягнуў такую розную рэчаіснасць – ад казкі і сноў да кранальнага сапраўднага, ад прыроды, дрэў і вады да недасяжнай чалавечаму разуменню будовы сусвету.
Спадчына мастака неабдымная, як і наш сусвет, і ў гэтым яе прыгажосць.
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка






Оставьте комментарий