Зусім хутка адбудзецца Retrospective12. А што гэта і чаму гэта сапраўды круты івэнт, зараз раскажам. З намі падзялілася адна з арганізатарак фэсту Ліза Еграшына, студэнтка ЕГУ. Пагналі!
Спачатку пра фэст
Retrospective12 — некамерцыйны фестываль студэнцкага кіно. 12 — бо праводзіцца ў дванаццаты раз. На гэты раз мы плануем зрабіць свята яшчэ больш яркім і запамінальным. Галоўнае наша адрозненне ў тым, што мы студэнткі, якія ствараюць для студэнт_ак! Наша галоўная тэма — беларускі і балтыйскі кантэкст кінавытворчасці. Мы хочам аб’яднаць маладых людзей, захопленых кіно, каб стварыць моцную і крэатыўную міжнародную супольнасць і даць магчымасць студэнт_кам-кінематаграфіст_кам паказаць свае фільмы на вялікім экране.
Як з’явіўся канцэпт фэсту?

— Шмат гадоў таму, больш за 10 гадоў, у ЕГУ з’явіўся канцэпт штогадовага прагляду студэнцкіх работ, фільмаў ад студэнтаў_ак розных праграм і кірункаў. Гэта маглі быць працы ад курсу, напрыклад, медыявытворчасці або ад студэнтаў_ак праграмы «Візуальны дызайн» (напрамкі анімацыі), але таксама ўсе студэнты_кі іншых напрамкаў, якія так ці інакш цікавіліся кіно, кінавытворчасцю, маглі даслаць сваю працу і прыняць удзел у фэсце.
І гэта быў такі «камерны» прагляд гэтых работ, дзе Альміра Усманава (выкладчыца ЕГУ) разам з іншымі нашымі выкладчыкамі_цамі давалі нейкія фідбэкі. Мы проста ў выдатнай абстаноўцы глядзелі працы і, у прынцыпе, натхняліся тым, што робяць нашы студэнты_кі.
Што адбывалася з фэстам далей?

— З 2022 года фармат і канцэпцыя фэсту трошкі змяніліся, і мы вырашылі выходзіць ужо на такі міжнародны, не пабаюся гэтага слова, узровень, прыцягваць як мага больш студэнтаў_ак, у прыватнасці з нашага ўніверсітэта, аб’ядноўваць іх са студэнтамі_камі іншых універсітэтаў. Карацей, рабіць такое інтэрнацыянальнае асяроддзе, казаць пра тое, што мы — студэнцкая супольнасць, мы шмат усяго робім цікавага для свету, для кінатворчасці ў прыватнасці.

Retrospective сёння
А што будзе ў гэтым годзе? Чаго чакаць ад фэсту?

— Сёлета ў нас стала яшчэ больш жадання працаваць, зрабіць круцей! Мы разлічваем на тое, што зможам падключым яшчэ больш людзей. Канцэпт міжнароднага кіно захоўваецца, таму зараз у нас сабраны працы ад студэнтаў_ак розных універсітэтаў, пачынаючы ад Берліна, Беларусі, заканчваючы ўніверсітэтамі Сеула і нашымі калежанкамі адтуль.
Якія ў цябе, як у суарганізатаркі, уражанні ад фэсту?

— Мне здаецца, гэта такі вельмі класны міжнародны досвед, дзе мы можам прыцягваць людзей, дзе мы можам казаць пра тое, што мы, студэнты_кі, робім для студэнтаў і студэнтак. І гэта крута, давайце рабіць, давайце ствараць мастацтва разам!
Таму я шчыра спадзяюся, што гэты вопыт кінафестывалю сёлета для вас таксама стане магчымасцю выказаць свае эмоцыі, паглядзець фільмы ў дзвюх катэгорыях: відэа-арт і гульнявае кіно. Там, праўда, вельмі моцныя працы, і мне здаецца, што гэта добры спосаб не толькі неяк акадэмічна напоўніцца, дзякуючы лекцыям нашых спікераў_ак, але таксама гэта магчымасць класна правесці свае выходныя.

Арына, су-арганізатарка фэсту:

— Наша каманда займаецца арганізацыяй гэтага фестывалю другі год запар. Мінулы вопыт дапамог нам стварыць атмасферу, у якой удзельнікі_цы змогуць натхніцца і адчуць важнасць таго, чым яны/мы займаемся. Спадзяюся, RETROSPECTIVE12 стане месцам, дзе маладыя фільммэйкеры_кі змогуць адчуць сябе часткай вялікага кіно-кам’юніці, а сам факт удзелу ў ім надасць упэўненасці і стане адпраўной кропкай у свет вялікага кіно!
Крыху фідбэкаў
Маша, студэнтка ЕГУ, удзельніца Retrospective11:

— Мне здаецца, што Retrospective — гэта ў першую чаргу пра людзей, пра аўтараў і аўтарак, пра супольнасць вакол іх, пра сяброў_вак і знаёмых, і проста пра тых, хто цікавіцца ці робіць гэта кіно. І ў мінулым годзе, як і ў гэтым, я ўпэўнена, што будзе так жа цікава, займальна паглядзець з іншага пункту гледжання на гісторыі, падыходы і жанры, якія падрыхтавалі студэнты_кі і розныя аўтары і аўтаркі.

Нагадвалка!
Запрашаем далучыцца да фестывалю Retrospective12 ужо ў гэтыя выходныя! Фестываль будзе праходзіць 2 дні. За гэты час плануецца паказаць больш за 10 фільмаў маладых кінематаграфіст_ак і правесці 2 лекцыі з прафесіянал_камі індустрыі.
А падрабязнасці і праграма фэсту тут
Сачыце за апдэйтамі і навінамі фэсту ў Instagam🙂
Аўтарка: Кацярына Медвідзь






Оставьте комментарий