У Познані напрыканцы студзеня адкрылася выстава плякатаў дызайнера Альгерда М., студэнта ЕГУ, графічнага дызайнера.

*па жаданню дызайнера замест фота мы выкарыстоўваем ягонае лога.
Выстава праходзіць у культавым для беларусаў месцы Познані — бары і прасторы «MY», дзе можна павесяліцца і пасумаваць разам з іншымі беларусамі ў эміграціі. У гэтыя дні кожны можа бясплатна наведаць выставу, яна будзе працаваць на працягу лютага.
Плакаты Альгерда М. (больш у instagram: alherdmichalovicz)





На прадстаўленых працах Альгерда можна прасачыць тэму нацыянальнага – Каляды з іх выразнымі маскамі, сімваламі казы і сонца, на іншым плякаце – бусел, які свабодна ляціць наперад, увысь. Больш за тое, у плякатах і канцэптуалізацыя беларускай сучаснасьці: дзе нараджаецца свабода, у стабільнасьці альбо хаосе?
Візуальна працы Альгерда вельмі чапляюць – яскравы цэнтральны вобраз у графічнай апрацоўцы, стыльная тыпаграфіка – і ўсё гэта разам спалучаецца ў выразны мэсэдж, які здольны зачапіць кожнага.
Мы спыталі ў аўтара пра тое, што ўсё ж такі важней: сэнс ці візуальная частка, а галоўнае: як праз плякат выразіць сябе?
«У першую чаргу адчуваю патрэбу падзякаваць сябрам з МЫ – Насьце і Мікіце, ня толькі за тое, што арганізавалі выставу і прасоўваюць маю творчасьць штодня, але і за падтрымку.
Не магу сказаць, што выстава наўмысна планавалася аб Беларусі і эміграцыі, хутчэй, гэтак сталася праз тое, што большасьць маёй творчасьці натхнёна і прасякнута гэтай тэматыкай. Сабраўшыся з рабятамі, мы абралі некалькі работ, якія добра выглядаюць адна з адной. А ў выніку атрымалася канцэптуальная выстава аб эміграцыі, межах, свабодзе і Радзіме, якой я вельмі задаволены.

У сваёй творчасьці да гэтага моманту я намагаўся адлюстроўваць свае рэфлексіі на тое, што адбываецца сёньня ў Сьвеце, асабліва з Беларусьсю. Часам навіны выклікаюць такія нясьцерпныя эмоцыі і пачуцьці, што хапаеш свой лаптоп і пачынаеш накідваць новы плякат, у якім намагаешся адлюстраваць гэты спектр. Часам удала, часам не, але як сэанс тэрапіі – мастацтва вельмі дапамагае. Галоўны рухавік для мяне, я нават не ведаю як назваць гэта, бо сюды можна ўключыць шмат рэчаў… Вядома, можна выбраць нешта пафаснае, як напрыклад: любоў да Радзімы; але гэта ня будзе цалкам так. Я бы акрэсліў гэта так – нясьцерпнае жаданьне ствараць, якое падпітваецца жыцьцём з усімі яго складнікамі. Родная жа Беларусь і эміграцыя занялі вялікую частку ў гэтым працэсе – бо надта баліць».
Твае плякаты вельмі асабістыя і шчырыя, хоць у большасьці людзей плякаты часьцей асацыююцца з камерцыйным дызайнам (плякаты мерапрыемстваў, канцэртаў і г.д.). Як табе прыйшла ідэя гаварыць праз плякаты пра асабістае? Ці адчуваеш ты сябе мастаком, які праз кожную новую працу раскрывае сябе?
«Адказваючы на апошняе пытаньне, я бы сказаў, што хутчэй адчуваю сябе чалавекам які назірае за тым, што адбываецца навокал і праз свае плякаты выказвае свае думкі. Плякат для мяне – максімальна гібкі сродак камунікацыі ў мастацтве, больш зразумелы чым жывапіс, ці нават кінастужкі. Ён можа быць створаны вялікаю колькасьцю спосабаў, з вялікай колькасьцю прыладаў. Тут залежыць толькі ад тваёй фантазіі. Таму, праглядзеўшы розных творцаў плякату ў Інстаграме, я вырашыў с самага пачатку ўкладаць у свае працы нейкі сэнс. Вядома бывае, што хочаш нешта стварыць, але ідэяў няма, тады я магу зрабіць калаж, які будзе дастаткова абстрактны, каб кожны знайшоў там нешта сваё. Яшчэ вялікі ўплыў на мяне мела польская школа плякату, калі паглядзець на яе, можна заўважыць, што для палякаў плякат – гэта не толькі маркетынг, а хутчэй як я і ўзгадаў – сродак камунікацыі, медыўм, праз які яны рэфлексуюць, выражаюць сябе, даносяць нейкія мэсэджы да публікі.
Ну і вядома, вельмі мала беларускага кантэнту ўвогуле,
а яшчэ меньш беларускага плякату. Таму мне здавалася неабходным зрабіць нешта сваё.
Ну і вядома, вельмі мала беларускага кантэнту ўвогуле, а яшчэ меньш беларускага плякату, калі ён увогуле ёсьць у тым выглядзе масавага мастацтва, як у іншых краінах. Таму мне здавалася неабходным зрабіць нешта сваё. А адкрыцьцё для сябе магчымасьці прасоўваць нешта беларускае ў масы, нават невялічкае – была яшчэ большай на то нагодай».
На выставе мы ўбачылі плякаты, галоўным наратывам якіх з’яўлялася Беларусь. Як ты ўвогуле знаходзіш тэму для плякатаў? Спачатку ідзе думка (ідэя) альбо візуальны вобраз, які зачапіў?
«Ідэя знаходзіцца вельмі проста, як я ўжо ўзгадваў, рэфлексіі – гэта адна з падставаў. Таму шмат маіх плякатаў – гэта думкі, якія ўзніклі праз нейкія падзеі. Часам думкі ўзнікаюць на пустым месцы, калі проста задумваюся аб чымсьці, ці бачу нешта і аналізую, і ў рэшце рэшт нібы лямпачка над галавою ўзнікае – думка, якая ператвараецца ў ідэю і запісваецца ў нататкі майго смартфона. Насамрэч гэта прасьцей чым здаецца, на мой погляд, бо шмат залежыць ад нагледжанасьці чалавека. Калі маеш вялікі рэзэрв вобразаў, якія бачыў, ці чытаў, то мозаг пачынае працаваць у рэжыме аўта і тут трэба толькі пасьпяваць запісваць. Вядома, і рэсурсу на такую працу ўходзіць шмат, таму часам неабходна адпачываць, асабліва ў час сэсіі».
Калі маеш вялікі рэзэрв вобразаў, якія бачыў, ці чытаў, то мозаг пачынае працаваць у рэжыме аўта і тут трэба
толькі пасьпяваць запісваць.
Як глядачы ўспрымаюць плякаты? Для іх гэта больш пра візуальнае задавальненьне ці пра глыбокі сэнс?
«Мы жывем у час калі для чалавека галоўнае візуальнае, таму большасьць людзей чапляе спачатку візуал і, магчыма, толькі потым сэнс. Асабліва калі тэма не ёсьць чымсьці вельмі знаёмым для чалавека. Бо калі я зраблю плякат пра сум па Радзіме, ці, напрыклад, адчуваньне сябе чужым, як у песьні Вольскага – большасьць беларусаў адразу зразумее і сэнс. Так і наадварот – зраблю плякат аб чымсьці больш абстрактным, тады хутчэй зачэпіць візуал. На мой погляд сёньня немагчыма, каб чалавека зачапіў менавіта сэнс, бо вакол нас зашмат інфармацыі і наш мозаг больш рэагуе на яскравыя трыгеры – колеры, нейкія цікавыя вобразы і інш. Таму я цалкам разумею чаму так, і мяне гэта не турбуе. Хаця вядома, хацелася б каб плякаты выклікалі думкі і чаплялі менавіта гэтым. Але ўсё ж такі плякаты павінны ня толькі несці пэўны сэнс, але і быць прыгожымі, тады яны дакладна зацікавяць і распавядуць нешта глядачу».
Хаця вядома, хацелася б каб плякаты выклікалі думкі і чаплялі менавіта гэтым.
Больш фота з выставы (фотаздымкі: Вольга М.)





Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка






Оставьте комментарий