З надыходам лістапада шмат хто пакутуе ад шэрасьці навакольля. Карціны Валерыя Шкаруба таксама не мількаюць зыркімі колерамі, аднак беларускія мастакі зноў і зноў вучаць нас бачыць цудоўнае ў кожным куточку. Сьціплыя шэрыя, карычневыя, бэжавыя колеры. Вымкнем усе гукі, адыйдзем у бязлюднае месца на ўскрайку поля. Або ля вады, гледзячы, што вам больш даспадобы. Забудземся на сырасьць, вецер і халодныя рукі. Вось яно. Цяпер мы гатовыя раскрыць таямніцы суворага пейзажа Валерыя Шкаруба.

3 гады таму пайшоў з жыцьця мастак Валерый Шкаруба. Мабыць ніхто ў Беларусі не валодае такой рэалістычнай тэхнікай, якой валодаў гэты мастак. Яго асабісты позірк склаўся даволі рана. У 1991 годзе, на першай персанальнай выставе, Мінск пабачыў нязвычайныя рэалістычныя працы маладога майстра. Акром складанай рэалістычнай тэхнікі, карціны маюць й іншыя перавагі: гармонія колераў, глыбіня прасторы, агульны настрой кампазіцыі і, вядома, шчырасьць.
Мастак сам часта паўтараў, што ў карцінах, усё ж такі, найважнейшым кампанентам з’яўляецца шчырасьць. Прафесіяналізму і вытанчанасьці не заўсёды дастаткова. Праца можна атрымацца й годнай, але калі няма ў ёй шчырасьці — то няма душы, чагосьці грунтоўна важнага.
У працах Валерыя Шкаруба бачная перш наперш ягоная існасьць, ягоная праўда. Пейзаж, восень, вецер, фарбы — гэта ўжо заўважаеш пазьней…
Карціны сапраўды зачароўваюць, а іх меланхолія — не выклікае страху. Гэта стан, дзе няма небяспекі, толькі ты й прырода.
Карціны сапраўды ацэніць той, хто ўмее быць сам з сабою. На гэтых пейзажах лёгка пазнаецца той самы настрой — калі падчас самотнага шпацыру раптам адчуваеш гармонію з усім навакольлем, з гэтым заснежаным полем, травой, што хістаецца пад ветрам, берагам ракі.
На карцінах мастака часта можна ўбачыць вобраз шляху — але ж невядома куды ён вядзе. Але і глядач, і мастак, гатовыя ступіць на гэтую затоеную сьцежку, на якой няма ні страху перад будучыняй, ні трывогі за сучаснае, толькі вечны шлях.
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка













Оставьте комментарий