Творчая й таленавітая асоба, вучыўся ў Вільні, шмат вандраваў па Беларусі. Цікавіўся ўсім сучасным, чытаў самыя новыя часопісы, знаёміўся з таленавітымі людзьмі. Спрабаваў сябе шмат у чым: пісаў, маляваў, падпрацоўваў…
Не, гэта не апісаньне цябе і тваіх сяброў, але студэнта Язэпа Драздовіча. Шмат каму вядомае гэтае імя. Перад вачыма паўстаюць знакамітыя касмічныя палотны, дываны, аўтапартрэты. Але ці ведаеце вы, што ён супрацоўнічаў з Нашай Нівай, а яго творы параўноўвалі з творамі вядомага літоўскага мастака Чюрлёнса? Зараз распавяду!

Язэп Драздовіч ― беларускі мастак, пісьменнік, паэт, скульптар, настаўнік, вучоны, этнограф, філосаф… Няздарма яго называюць беларускім Леанарда Да Вінчы. Шлях ягонага жыцьця ня быў простым: нарадзіўшыся ў 1888 у маленькім засьценку Пунькі, яму з сям’ёй давялося шмат пераяджаць з месца на месца. Далей гады навучаньня ў рысавальнай школе ў Вільні, але грошай часам не хапала, каб забяспечыць сябе. Аднак гэтыя годы падарылі й шмат натхненьня. На дварэ ― квітнее беларускае адраджэньне, ня гледзячы на рэвалюцыі і войны. А ў мастака ― такая прага да жыцьця, ведаў, добрых справаў, што ён здолеў напоўніць сваё жыцьцё ўсім гэтым. Пра прыгоды мастака стала шырока вядома пасля выданьня кнігі «Вечны вандроўнік» Арсенія Ліса ў 1984 годзе.
13 кастрычніка Язэпу Драздовічу споўнілася бы 135 год. З гэтай нагоды паглыбімся ў здзіўляльныя старонкі жыцьця мастака.
У традыцыях сімвалізму
Сімвалізм быў адным з найбольш актуальных стыляў пачатку 20 стагоддзя. І працы Язэпа Драздовіча кажуць нам, што мастак добра адчуваў сучаснае яму мастацтва. Змітрок Бядуля нават параўноўваў карціны Драздовіча з вядомым літоўскім мастаком-сімвалістам Чюрлёнісам. Сапраўды: у абодвух можна знайсьці таямнічыя пейзажы і працы напоўненыя шматлікімі сімваламі і знакамі. Аднак Драздовіч проста працаваў з сучаснымі ідэямі яго часу, і вядома на выставах сутыкаўся з працамі іншых мастакоў.
У «Танцаўшчыцы» Драздовіча можна знайсці падабаенства з загадкавымі жанчынамі з палотнаў польскага сімваліста Мальчэўскага. Рэальная жанчына ці міфічная істота? Атмасфера на карціне пагружае глядача ў адпаведны стан ― казкі і сну, дзе размовы вядуцца пра сутнасьць жыцьця і сьмерці. Сярод сімвалістаў распаўсюджана звяртацца да розных вераваньняў і міфаў: нацанальный міфалёгіі, дрэнегрэцкіх бостваў, рэлігійных…




У Драздовіча таксама заўважаем некалькі зь іх. У карціне «У няволі» бачым сімвалічную выяву анёла і д’ябла, малаверагодна, што яны зьвязаны з рэлігіяй. Хутчэй агульнае абазначэнне дабра і зла, сьвятла і цемры. У вядомай карціне «Прарок» відавчона звяртаньне менавіта да рэлігійнага вобраза. Прарок, які скрозь гісторыю чалавецтва нясе людзям пэўныя ісьціны і веды. У карціне «Пагоня Яра» мастак звяртаецца да нацанальнай міфалёгіі і адлюcтроўвае вобраз паганьскага бога сонца Ярылы. На гэтай карціне мы бачым вобразы і сімвалы, зразумелыя ўсім беларусам.
Мастакі-сімвалісты часта прадстаўлялі сваю нацанальную родную міфалёгію. Так Мальчэўскага называюць мастаком польскага нацанальнага адраджэньня. Тое ж самае і мы можам сказаць пра Язэпа Драздовіча. Ніколі ён не сыходзіў ад тэмаў, зьвязаных з Радзімай. Але спалучаў у сваёй творчасьці нацанальны гонар, роздумы аб бясконцам, любоў да чалавека і да зямлі.
Этнаграфічныя вандроўкі і супраца з музэем Луцкевіча
На аснове помнікаў даўніны, сабраных Іванам Луцкевічам, у 1921 годзе ў Вільні быў адкрыты Беларускі музэй у Вільні (зараз адноўлены як Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча). Калекцыя складалася з этнаграфічнага, археалагічнага, мастацкага, нумізматычнага аддзелаў, а таксама бібліятэкі. Антон Луцкевіч актыўна прапагандаваў дзейнасць музэя, а таксама запрашаў цікаўных да супрацы.
Даведаўшыся пра дзейнасьць музэя, Язэп Драздовіч высока ацаніў такую працу, і перадаў музэю калекцыю графічных малюнкаў гістарычнага зместу: старасвецкая будоўля на Беларусі і тыпы полацкіх князёў «Рагвалод», «Усяслаў Чарадзей», «Брачыслаў», і іншых. А першы жывапісны твор з выявай Усяслава адразу ж аздобіў калекцыю музэя імя Луцкевіча.
Потым мастак ні раз адпраўляўся ў этнаграфічныя вандроўкі па Беларусі: на Піншчыну, у Трокі, Вільню, Крэва, Гальшаны, Наваградак і шмат куды яшчэ. Мастак таксама займаўся раскопкамі, збіраў фальклор, ствараў цэлыя альбомы замалёвак мясцінаў, прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян.






Як мы можам пабачыць, Язэп Драздовіч быў ня толькі апантаным мастаком, але і збіральнікам каштоўнасцяў, аматарам гісторыі і неабыякавым чалавекам да беларускай грамадскай справы.
Наша Ніва
Акром беларускага музэя й гімназіі нельга не ўзгадаць выдавецтвы і перыёдыку. Ня гледзячы на забароны і канфіскацыі беларускае слова працягвала змагацца. І тут Язэп Драздовіч змог падтрымаць агульную справу. Мастак з’явіўся ў рэдакцыі Нашай Нівы, пазнаёміўся з датычнымі да выдання людзьмі. Вядома, што ў 1908 годзе ў газэце была змешчаная занатоўка Драздовіча пра жыцьцё земляробаў Дзісеншчыны і Полаччыны.

Крыху пазней, ён змог праявіць сябе і як мастак ― яго вокладка ўпрыгожвае «Першы беларускі каляндар» Нашай Нівы пад рэдакцыяй Сяргея Палуяна. У гэтай аўтарскай працы вызначыліся рысы мастацкага стылю Драздовіча — сімваліста і рамантыка. Мы бачым зямляроба, які выйшаў на ніву насустрач сонцу, што сімвалізуе працавітую Беларусь, у якой напярэдадні светлая будучыня. Зьлева бачым два дрэвы ― старая й маладая радзіма. Ля старой ляжаць даспехі, сімвал ваеннага мінулага, а маладое дрэўца як сімвал нас, маладых нашчадкаў, якім толькі прадстаіць прайсці выпрабаваньне часам.
Натхнёны настаўнік
Працы для маладога мастака было ня так шмат, таму Драздовіч ішоў выкладаць. Але рабіў гэта шчыра, натхнёна, мог згуртаваць вакол сябе вучняў і вельмі хутка прыйсьці зь імі да добрых вынікаў. Каму як ні нам, студэнтам, разумець, наколькі шчыры і крыху апантаны настаўнік можа запаліць вочы вучняў, і аздобіць іх жыцьцё прыемнай творчай працай, замест нудных уроках.
Такім настаўнікам быў і Драздовіч. Пасля 1920 года мастак вярнуўся на родную Дзісеншчыну і арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу. Як мы памятаем, мастак заўсёды з ахвотай браўся за культурна-асветніцкую дзейнасьць. Пасля таго, як школа была зачынена польскай адміністрацыяй, ён яшчэ ні раз вяртаўся да настаўніцкай дзейнасьці. У другой палове 1920-х гадоў выкладаў маляваньне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях.

З 1926 г. Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Грошаў, каб наймаць яшчэ аднога настаўніка не было, але бацькоўскі камітэт разам з настаўнікамі вырашылі ўсё ж такі выдзяліць з бюджэта гімназіі колькі грошаў на гэтую справу. З вучнямі яны малявалі шмат эцюдаў, абмяркоўвалі, які колер лепш выкарыстаць для перадачы пэнага стану, ці як перадаць духоўны стан чалавека ў партрэце. Студыю часта наведвалі іншыя выкладачы, каб паназіраць за маладымі талентамі ды ацаніць плады працы таленавітага настаўніка Драздовіча.
Нябесныя бегі
Усім вядомы Язэп Драздовіч як мастак-небазнаўца. Але адкуль узялася ягоная прага да нябеснага? У 1931 годзе мастак за ўласныя грошы выдае невялікім ціражом брашуру «Нябесныя бегі» з сваімі ілюстрацыямі. Да гэтага часу кніга застаецца ўнікальным выданнем у Беларусі на роднай мове па астранамічных ведах. У прадмове брашуры ён узгадвае, што гэта бацькі з самага маленства прывілі яму любоў да космасу аповедамі ды казкамі.




Падчас навучаньня, як толькі быў вольны час, Язэп Драздовіч гадзіны праводзіў у бібліятэцы за астанамічнымі кнігамі. Цікавіўся ўсім у межах тых звестак, што к трыццатым гадам назапасіла навука аб космасе. Зіму з 1931 на 1932 год праводзіць за напісаньнем працы «Гармонія планет сонечнай сістэмы». Рукапіс дасылае ў Менск, у Акадэмію навук. Яго мастацкая фантазія дапоўніла яго любоў да тэорыі астраноміі шматлікімі палотнамі разважаннямі пра тое, як выглядаюць іншыя плянеты, іх жыхары. Магчыма, з-за сваёй блізкасьці з нябесным ён мог вытрымліваць усе нягоды жыцьця. Пакуль маляваў далёкі Месяц ― вакол беднасьць і беспацоўе. Ён ведаў, што матэрыяльнае багацьце гэта не галоўнае. Што істотна, так гэта дапамагаць блізкім, рабіць карысную справу для свайго ассяродзя. А магчыма праз зоркавыя палотны ён адцягваўся ад цяжкай чалавечай працы і марыў пра сьвет, дзе няма беднасьці, войнаў, нясправядлівасьці. Але ж толькі прыгажосьць ды ісьціна.
Акром жывапісных палотнаў, захаваліся аўтарскія апавяданьні Драздовіча пра вандроўкі на розныя планеты сонечнай сістэмы. Медыйшчыкам ЕГУ варта павучыцца ў мастака. Адна тэма ― а колькі кантэнту! Драздовіч смела паглыбляўся ў тэму, а пасля ― рабіў яе актуальнай для ўсіх вакол ― і фарбамі, і словам, і навуковымі артыкуламі. Але ж галоўнае ― любіць тое, што ты робіш, захапляцца тэмай, і тады ідэі будуць віраваць у галаве, а вынікі працы знойдуць свайго адрэсата.
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка





Оставьте комментарий