Абрам Маневіч ― адзін з мастакоў габрэйскага паходжаньня, які пачаў сваю гісторыю з беларускай правінцыі. Такіх было шмат: Хаім Суцін, народжаны ў Смілавічах пад Менскам, як і Фрайбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Какоін з Рэчыцы Гомельскай вобласьці, Пінхус Крэмень з мястэчка Жэлудок і шмат хто яшчэ…
Пытаньне пра тое, як лічыць каму прыналежаць гэтыя мастакі, бо сваё жыцьцё яны зьвязалі з чаргой краінаў і гарадоў, неверагодна складанае. Каб быць найбольш дакладнымі пералічым усе ― Беларусь, Украіна, Францыя, Амерыка…
Але лёгкай рукой заяўлю ― Абрам Маневіч дакладна дастойны таго, каб пра яго напісалі па-беларуску. Каб выставы габрэйскіх мастакоў рэгулярна праводзіліся на радзіме, а іх памяць шанавалась, бо Беларусь паўплывала на станаўленьне такіх мастакоў, а яны паўплывалі на Беларусь.
Чым адметнае мастацтва Абрама Маневіча? Гэта ягоным позіркам на навакольны сьвет, яго любоў да простых пейзажаў, да маленькіх куткоў горада ці вёсцы ў якіх ён знаходзіць сапраўднае жыццё. Першыя працы, якія былі высока ацэнены глядачамі гэта карціны 1910-20х гадоў з адлюстраваньнем утульных куткоў і кучаравых дрэваў. Пасля вучобы ў Кіеўскай акадэміі ў гэтыя гады ён выстаўляецца спачатку ў Кіеве, а потым, пасля вандраваньняў па Еўропе, прадстаўляе сваю пэрсанальную выставу ў Парыжы ў 1913 годзе.
«Бярозы» (1911), «Вясновае сонца» (1913) і «У сядзібе» (1910-е) ― паэтычныя і дэкаратыўныя працы таго перыяду. Мастак здолеў сумясьціць адлюстраваньне аб’ектыўнага прэдметнага сьвету з абстрактнымі элементамі. Ён быццам паказвае нам, што дрэва, павуціна ягоных галінак гэта графічныя плямы і лініі, якія ствараюць самастойную прыгожую кампазіцыю. Так жа дэкаратыўнасьць працаў дасягалася і колерам ― мастак выкарыстоўваў лёгкія каляровыя цені, а для напісання святла і паўтаноў ― шмат каляровых плямак, не змешваючы фарбы ў адзін манатонны колер. Гэта надае карцінам сімвалічнае і асаблівае духоўнае значэньне.



Дасягненьні пастімпрэсіянстаў у каларыстыцы відавочны на гэтых працах. Колер і формы прадмета існуюць асобна ад яго самога ― і мастак цяпер вольны прызначаць прадмету на карціне любы колер, для дасягнення кампазіцыйнай, каларыстычнай або ідэйнай задумкі. З дапамогай мастацкіх сродкаў і знаходкаў конца 19 ― пачатку 20 стагоддзя Абрам Маневіч стварыў своё сьвет, напоўнены мяккімі колерамі і прыгажосьцю. Стыль аўтара з гадамі змяняўся, але ўтульнасць таго самага блізкага нікуды не знікла.
Нягледзячы на прызнаньне ва ўсходніх краях, пасля 1920 года мастак вырашае перабрацца ў Амэрыку, дзе з адаптацыяй яму дапамагаюць іншыя мігранты, і дзе ён застаецца да канца жыцьця.
У габрэйскім музэі ў Нью-Ёрку захоўваецца карціна «Разбурэнне Гета» 1919 года. Гэта адна з нешматлікіх карцін Маневіча, якая адлюстроўвае непрыемны і жахлівы бок рэчаіснасці. На карціне мы бачым паўразбураныя будынкі, пустую дарогу і адзінокую казу на пярэднім плане. За будынкамі трывожнае чырвонае неба, якое раскідвае яскравыя блікі на змрочныя дамы. Вострыя куты дарогі, разбураных дамоў падкрэсліваюць, што месца гэта больш непрыдатнае для чалавека, а дынамічныя лініі паказваюць наколькі бязлітасным было разбурэньне.
Акром гэтай карціны, якая ўвасабляе боль габрэяў таго пакалення, у Амерыцы праводзіліся персанальныя выставы Абрама Маневіча, і амэрыканскую публіку ўразіла манера мастака пісаць звычайныя амерыканскія маленькія дамкі і вулачкі. Народжаны ў невялікім, але ўтульным мястэчку Мсціслаўлі Манэвіч быў здольны заўважыць такія простая, але прыемныя і родныя для душы моманты, і больш за тое, укласці ў іх асабістае пачуцьцё жыцьця і прыгажосьці.
Мастацкіх манераў і стыляў сапраўды вельмі шмат і кожны мастак адлюстроўвае ўнутранае пачуцьцё прыгажосьці па-свойму. І цуд карціны здараецца тады, калі гэта знутранае пачуцьцё мастака ад навакольля супадае з тым, як ён гэта перадаў на халсце. Потым гэта адчуе сам аўтар, і ўсе людзі разам зь ім.
Маневіч здолеў адлюстраваць сваю прыгажосьць, і нашае шчасьце пабачыць ягоныя творы. У беларускай калекцыі «Белгазпромбанка» захоўваюцца 4 творы мастака, яшчэ некалькі ў нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, напрыклад каріцна «Стары Віцебск», якую цікава пабачыць прынамсі каб адчуць якім быў горад 100 гадоў таму. Таксама вялізная частка калекцыі ― ва Украіне, астатнія ― у шматлікіх кутках Еўропы і Амерыцы.
Гісторыя міграцыі беларускіх або звязаных з Беларусьсю мастакоў і іх твораў, задецца, ніколі не скончыцца. Але нават на адлегласьці мы можам быць разам, і як добра, што нават у такіх далёкіх кутках можам раптоўна сустрэць частку свайго.
Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка