Искусство Культура

Вітольд Бялыніцкі-Біруля: мастак, што быў у палоне прыгажосьці прыроды

На яго карцінах амаль ніколі не з’яўляюцца людзі або жывёлы, і нават любімая дача «Чайка»‎. Што ён сапраўды любіў пісаць — гэта зямлю, неба і ваду. Добрае надвор’е, зеляніну лясоў. Мастак выступаў за вывучэньне прыроды кожны дзень, у любую пару года. Бялыніцкага-Бірулю называюць мастаком пераходных станаў прыроды.

Бялыніцкі-Біруля за працай

Мы можам у гэтым запэўніцца: на яго карцінах разлівы ракі ўвесну, першыя цёплыя прамяні ўзімку. Аднак Бялыніцкі-Біруля ўсё ж такі мастак менавіта сузіраньня спакойнай і гарманічнай прыроды. На яго работах не шуміць стыхія, але ціхае імгненьне, што перадае адчуваньне сапраўднасьці жыцця, калі час спыніўся.

«Хараство ды краса! Куды не зірнеш — усюды прыгажосьць!»‎

Вітольд Каэтонавіч, што нарадзіўся ў беларускіх Бялынічах Магілёўскай вобласці працягнуў традыцыю пейзажнага жывапісу канца 19-пачатку 20 стагоддзя. Навучаючыся ў Маскве ў вялікіх майстроў пейзажу і мастакоў-перасоўнікаў ён назаўжды палюбіў адлюстраваньне прыроды. У гэтым яго глыбока падтрымліваў Левітан, зь якім яму пашчасьціла завесьці сяброўства. Ісаак Левітан падтрымліваў ідэі маладога мастака наконт пейзажа, дапамагаў знайсьці самую сутнасьць. Адзін з найважнейшых ягоных урокаў пра тое, што трэба шукаць сувязі ў адлюстраваньні неба, зямлі і вады, а не пісаць усё па-асобку. І Бялыніцкі-Біруля выдатна запомніў гэты ўрок.

Мастак, па сутнасьці, усю сваю працу і жыцьцё прысвяціў адной тэме. З юнацкіх эцюдаў родных беларускіх мясцінаў ён збудаваў пазнавальны стыль сваіх сталых палоцен, большая частка якіх зроблена каля возера Ўдомля Цвярской губерніі. У яго пейзажах ёсьць адчуваньне сучаснасьці і свежасьці. Нават праз столькі гадоў. З творамі мастацтва так адбываецца, што з цягам часу людзі перастаюць іх ідэнціфікаваць як сучасныя. Але ж карціны Бялыніцкага-Бірулі вытрымліваюць праверку часам і адчуваюцца актуальнымі нават пасля вар’яцкага (ў добрым сэнсе) 20 стагоддзя зь яго абстрактнымі і канцэптуальнымі знаходкамі. І ў гэтага ёсьць некалькі прычын. 

«Блакітнаю вясною»‎, 1943

Першае гэта тое, што ўсё спраўднае будзе актуальным тысячагоддзямі. Час знікае пры назіранні прыроды,а  дзеля такіх момантаў так прыемна жыць. І якую сілу маюць палотны Бялыніцкага-Бірулі, калі яны здольныя перадаць тое самае пачуццё.

Па-другое, разам з здольнасьцю знаходзіць такое тонкае пачуццё ад знаходжаньня на прыродзе, мы можам убачыць вялікае мастацкае майстэрства мастака. Уменьне адчуць і ўменьне адлюстраваць — гэта неверагодна складаны навык, і Бялыніцкі-Біруля вучыўся і вучыў яму ўсё жыцьцё. Мастак вельмі добра валодаў колерам, яго карціны пазнаюцца менавіта гэтым, а калі дакладней — тонкімі каляровымі сувязямі ў адлюстраваньні неба, зямлі, вады. У ранніх працах мастака можна заўважыць, як неба «адорвана»‎ ад зямлі, у напісаньні разных частак палатна не стае гармоніі. Але Бялыніцкі-Біруля шмат над гэтым рэфлексаваў і ў астатніх сваіх працах прадстае перад намі выбітным майстром сувязяў і танальнасьцяў.

Па-трэцяе, калі прыглядзецца, у карцінах можна ўбачыць сучасныя мастаку інтэнцыі ў мастацкіх пошуках. Гэта й частковая абстрактнасьць ягоных пейзажаў — вялікія плоскія плямы колеру, адсутнасьць дэталяў. Гэтым выбіваліся мастакі пачатку 20 стагоддзя — калі галоўнае гэта захапленьне колерам, а навакольны сьвет толькі повад і зусім не галоўнае на палатне. Такое захапленьне мы бачым на карцінах Бялыніцкага-Бірулі. На карціне «Вясна»‎ такія загадкавыя колеры, якія цудоўна звязаны паміж сабой: пяшчотны, але ў той жа момант яскрвы колер вады ў спалучэньні з халоднага адцення колерам прыбярэжнай зеляніны. І невялікія акцэнты ва ўвасабленьні жоўтых плямак кветак. Ці напрыклад сімвалічныя вобразы ў палатне «Сакавіцкае сутоньне»‎, дзе вада амаль чорнага колеру ў апошніх прамянях сонца нагадвае нейкую казку ці лягенду пра падзеі, які даўным-даўно маглі браць пачатак каля гэтых берагоў. Сімвалісты часта звярталіся да сьвету казак, магчыма і Бялыніцкі-Біруля ў такіх кутках лесу ўспамінаў або на яго падсвядомасьць ўплывалі старажытныя міфалягічныя паданьні. Беларускую міфалёгію насялялі менавіта духі, і людзі пыталісь усталяваць зь імі кантакт, уступіць у дыялог з гэтым усім.

На мой пагляд Бялыніцкі-Біруля апроч яго магічнай здольнасці перадаць таямнічасьць імгненьня і адчуваньня ад прыроды, быў і майстрам напісаньня вады, якая на карціне не проста адлюстроўвае неба і ўзбярэжныя дрэвы, але мае сваю самасць. У свядомасьці беларусаў існуе шмат лягендаў пра рэкі і азёры. Можа мастак і ў колер сваіх вадаёмаў таксама ўкладаў сэнс, як гэта рабілі беларусы спрадвек. Амаль чорная вада ў «Сакавіцкім сутоньні»‎ ці «Павадку»‎. Ці сіняя рака «Вясны»‎ і празрыстае вока возера ў карціне «Возера Удомля»‎.

У Вітольда Бялыніцкага-Бірулі вада мае вагу, яна шчыльней чым паветра, можна ўявіць, як ты заходзіш у ваду і адчуваеш, што яна накрывае цябе як коўдра. У яго настаўніка Левітана, які і навучыў самаму важнаму мастака — вада зусім іншая. Яна празрыстая і плоская як люстэрка, коўзкая як лёд.

«Возера Удомля»‎, 1911

Можна ўбачыць заканамернасьць, што вада Бялыніцкага-Бірулі часта цямней за неба, яна мае свой тон, сваю існасць. Вада цяжкая. Вада зямная. На яго карцінах можна ўбачыць нават сілу гравітацыі, якая ўтрымоўвае масу вады на зямлі. Гэта сапраўды дзіўны талент так напісаць ваду!

У сваіх лістах Бялыніцкі-Біруля часта піша пра прыроду, пра пачуцці і разуменьне яе. Асобна пра ваду — амаль ні слова, але інтуітыўна адчуваецца якімі чароўнымі сіламі яна прыцягвае мастака. Вада адчуваецца чалавекам як мяжа, як тое грунтоўна важнае, што неабходна для прыроды і жыцьця чалавека. Нярэдка ў вандроўках на прыроду шлях трымаецца да берага нейкага вадаёма, і адчуваецца такі шпацыр як вяртаньне на свае сапраўднае мейсца.

Дарагім мейсцам, дзе мастак уладкаваў сваё жыццё былі мясціны расейскай Удомлі. Але Бялыніцкі-Біруля ніколі не забываўся на свае паходжаньне, напаведваў і шанаваў Беларусь:

«Я шчаслівы, што пад канец майго жыцця хадзіў па роднай зямлі сваімі нагамі, адчуваючы асалоду ад нашай беларускай вясны, калі квітнелі яблыня і бузіна. Дзень, які я правёў у роднай Беларусі, не магу забыць і не забудуся да самай смерці».

Аўтар: Маргарыта Пахадэнка

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: