Искусство История Культура

130 гадоў з дня нараджэньня Суціна: дзіклівы мастак, на пахаваньне якога прыйшлі Пабла Пікаса і Жан Както

Учора, 13 студзеня, споўнілася 130 гадоў з дня нараджэньня мастака французcкай школы з беларускім паходжаньнем Хаіма Суціна. Ён нарадзіўся ў 1893 годзе ў беларускіх Смілавічах, як і герой мінулага артыкулу Шрага Царфін.

Хаім Суцін быў неімаверна працавітым творцам. Ягоныя працы сёньня можна сустрэць  у дзясятках музэях па ўсяму сьвету. Нават пры жыцьці французскія крытыкі пісалі пра яго асобу артыкулы і манаграфіі. Ён быў дзіклівым чалавекам, інтравертам. Аднак на поўную моц душа яго разнасцежылася ў мастацтве.

«Вёска», 1923

Адзін з 11 дзяцей Хаім Суцін марыў вырвацца з цесных абставінаў і прысвяціць сваё жыцьцё мастацтву. Наўрадці бацькі маглі яго зразумець: вясковае жыццё не прадугледжвае летуценьні і мары пра недасягальныя ідэалы. З атмасферы цеснасьці і беднасьці ён збягаў ночыць то ў палі, то на суседні хутар, дзе можна было забіцца ў стог сена і прабыць адному ў сваіх марах да самай раніцы. Самы дзіўны з сям’і Суціных, ён маляваў з дзяцінства. І як толькі стала магчыма вырваўся вучыцца жывапісу ў Менск, пасля — у Вільню. А надалі — Парыж, дзе трагічна памёр падчас нацысцкай акупацыі ад язвы ў госпіталі.

Што прымушае чалавека не паддавацца абставінам, а працягваць свой шлях, нягледзячы ні на што? Пэўна, адказ можа быць розным. Аднак для Суціна гэта была сьветлая ідэя або патрэба выказвацца ў фарбах, паказаць сьвет сваімі вачыма.

Мастак працаваў у трох жанрах: пейзаж, партрэт і нацюрморт. І ў кожным жанры ён вынайшоў нешта дзівоснае. Нацюрморты, якія шакавалі глядачоў — напрыклад яго сэрыя асвежаваных быкоў ці абскубаных птушак. Тушы быкоў ён прыносіў проста ў сваю студыю і падчас таго як ён іх пісаў, з іх сцякалі лужыны крыві.
Ці карціна з абскубанай індзейкай з шырока адкрытым клювам. Суцін як бы разважае пра жорскасць смерці, адлюстроўвае, як у апошняй агоніі б’ецца птушка. Светлыя, жоўтыя і чырвоныя мазкі на цёмным сінім фоне. Гэтая дынамічная кампазіцыя выклікае пачуцьцё трывогі. Суцін непрывабнае відовішча змярцвелай птушкі змог ператварыць у карагод фарбаў і пачуцьцяў, ад якога складана адвесьці свае вочы.

«Індзейка», 1925

Таксама ягоныя пейзажы — якія літаральна ўплываюць з-пад ног, дрэвы, што пераплятаюцца з дамамі і неба, якое ня толькі над галавой, але з’яўляецца раўнадзельным удзельнікам колазварота на пейзажах Суціна.

Некалькі гадоў Суцін пражыў на поўдні Францыі. У лістах да сяброў мастак пісаў як яму падабаецца Кань, як яго натхняюць тамашнія пэйзажы. І свой васторг ён перадаў не аб’ектыўным адлюстраваньнем сьвету — нейкай вулачкі ці масіву невысокіх дамкоў. Прыгажосьць — гэта пачуцьцё. А ад Кані ён адчуваў больш, чым проста эстэтычную задаволенасьць. Гэты ў цэлым — васторг ад сьвету, пачуцьцё спраўднасьці жыцьця. Таму перад намі сьветлае захапленьне паўднёвай Францыяй. Экспрэсіянісцкая манера надае асаблівую пачуцьцёвасьць.

Чалавек таксама быў цікавы мастаку. Ён адлюстроўваў працоўных кухні, афіцыянтаў, працаўнікоў гатэляў. Да Суціна мала хто знаходзіў гэтых працоўнікаў героямі сваіх карцін. Але Суцін бачыў у іх нешта блізкае да сябе: маладых людзей, якія як і ён знаходзіліся далёка ад сям’і й радзімы, шмат працавалі, марылі пра лепшае. На карціне «Кандытар» — малады чалавек у яскрава-белай форме. Дэфармаваныя частцы цела надаюць карціне яшчэ большую выразнасць.

«Маленькі Кандытар», 1922-23

Мы нячаста ведаем імёны натуршчыкаў ягоных працаў. Напрыклад карціна добра вядомая беларусам — «Ева», намаляваная ў 1928 годзе, натуршчыца таксама невядомая. У гэты перыяд ён намаляваў некалькі падобных партрэтаў жанчыны ці розных жанчын на сінім фоне, з выразным сьветлым тварам і рукамі. Аднак Ева з’яўляецца самай яскравай зь ніх. За Евай не стаіць гісторыі каханьня ці чароўнага натхненьня музай. Не ўкладаў мастак і палітычны падтэкст у скрыжаваныя рукі жанчыны. Але карціна выпадкова стала сымбалем пратэстаў Беларусі 2020 года. Здаецца, невядомая жанчына якая незнарок стала гераіняй твора Суціна. Стала сымбалем толькі таму, што карціну забаранілі?

На мой погляд моц «беларускай» Евы ў яе шчырасьці. Як жанчына з недаверлівым, але адкрытым тварам не баіцца выказаць сябе. Ева цудоўна супрацьстаіць ілжывасьці бюракратыі, крывадушнасьці і танным адгаворкам. Менавіта такім чынам шчыры вобраз можа адлюстраваць стому ад ізвечнага падману, патрабаваць каб да яе ставіліся па-чалавечы і па-сапраўднаму.

«Ева», 1928

Пульсуючыя экспрэсіянісцкія карціны Суціна ― сапраўды прыгожыя. Калі на карціну можна глядзеці бясконца, разумееш, што аўтар шчыра адлюстраваў фарбамі тое самае пачуцьцё знутры сябе. Не імкнуўся падабацца іншым, не пераймаў бяздумна жывапісную манеру калегаў, якіх любіў. Мастак шукаў і адлюстроўваў сябе. Таму ён і ёсьць такі асаблівы. І за гэта Суціна цэняць.

Карцін Хаіма Суціна доўга не было на Радзіме. Толькі пасля 2012 года ў калекцыі Белагазпромбанка з’явіліся 3 творы: «Ева» 1928 года, «Вялікія лугі ў Шартры» 1934 года, «Заснулая з кнігай, Мадлен Кастэн» 1937 года.

Зараз іх  можна пабачыць у рамках пастаянай экспазіцыі ў Палацу мастацтва ў Менску. Хоць у 2020 годзе іх часова знімалі праз крымінальную справу супраць мінулага кіраўніка банка Віктара Бабарыка. Карціны — як маёмасць банка, таму таксама належылі вынятку.

Спадзяемся, што ў будучыні карцін Суціна ў Беларусі з’явіцца яшчэ больш, як і прыкладаў беларускага мастацтва ў цэлым. І што нічога ня будзе перашкаджаць людзям знаёміцца з культурнай спадчынай краіны. Бо выдатнага і геніальнага беларускага мастатцва шмат — і у сучаснасьці і ў гісторыі. Хаім Суцін — мастак-экспрэсіяніст парыжскай школы ёсьць таму прыклад.  З прычыны такой даты хочацца нагадаць, што беларускае мастацтва і раней, і сёння развіваецца як унутры краіны, так і па-за межамі яе. Няпростыя часы былі заўсёды, але ня трэба здавацца і кідаць свае мары! Беларусы адзін аднога заўсёды пачуюць і падтрымаюць. Час ствараць — зараз!

Аўтарка: Маргарыта Пахадэнка

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: