Искусство Комментарии и реплики Культура

Аўдыё-гід ад студэнткі ЕГУ

Беларуска-бразільскі фестываль графіці Vulica Brazil, досвед стварэння аўдыё гіда, лайфхакі пры запісе падкаста — тое, чым дзеліцца ў інтэрв’ю Таццяна Віркоўская, студэнтка 4 курса праграмы «Медыя і Камунікацыя», а таксама стваральніца аўдыё гіда па вуліцы Кастрычніцкай на платформе izi.travel.

Спасылка да гіда: https://izi.travel/ru/9771-minsk-grafici-na-vul-kastrychnickaya/be

Фота з дадаткаў аўдыё-гіду

— Прывітанне, Таня! Прайсціся па Мінску цяпер, на жаль, не маю магчымасці, але твая праца вярнула мяне назад, у Беларусь. Для чытачоў ЕГУ Таймс раскажы, у чым сутнасць падкаста? 

Таццяна: Аўдыё-гід праводзіць слухачоў па вуліцы Кастрычніцкая ў Мінску. На сценах яе будынкаў змяшцаюцца вялікія графіці. Іх стваралі мастакі з Беларусі і Бразіліі цягам 5 год (з 2014 па 2017, і ў 2019 годзе). Гэта адбывалася падчас бразільска-беларускага фестываля стрыт-арту Vulica Brazil, які ладзіўся пад эгідай амбасады Бразіліі ў Мінску.

Аўдыё-гід знаходзіцца ў вольным доступе ў сеціве на платформе izi.travel, якая створана менавіта для такіх медыйных прадуктаў. Каб ім скарыстацца падчас шпацыру па вуліцы, трэба спампаваць дадатак ад гэтай платформы на тэлефон і уключыць гід у першай кропцы маршрута. Каб быць незалежным ад Інтэрнет-злучэння, можна спампаваць аўдыё файл на тэлефон. Дадатак праз GPS каардынаты вызначае ваша месцазнаходжанне і падчас шпацыра падгружае аўдыё, якое прывязана да пэўнай кропцы на мясцовасці. Акрамя інфармацыі непасрэдна пра графіці, у дадатку ёсць аўдыё з тэхнічнай інфармацыяй па маршруце: дзе паварочваць, дзе пераходзіць вуліцу. Тэхнічныя аўдыя запісы не бачны пры праглядзе аўдыё-тура на сайце, яны гучаць толькі падчас шпацыру па маршруце.

Яшчэ адно адрозненне аўдыё-гіда ад падкаста ў тым, што ў першым кожны аповед пра асобнае графіці суправаджаецца яго фатаздымкам. Падчас дыстанцыйнага прагляда гэта дае магчымасць бачыць, аб чым ідзе гаворка. А падчас праслухоўвання паралельна шпацыру па вуліцы дапамагае ўпэўніцца, ці пра тое графіці вы слухаеце.

— Калі я не памыляюся, гэта твой першы праект-падкаст. Як табе прыйшла ідэя яго стварэння? Што натхніла?

Таццяна: Так, гэта першы завершаны аўдыё-праект. Я даўно сачыла за фестывалямі Vulica Brazil. Не з самага першага года, але недзе з 2016. Мяне зацікавіў сам фармат фестывалю: мастакі з Беларусі і Бразіліі цягам некалькіх тыдняў малююць графіці, а напрыканцы на вул. Кастрычніцкая ладзіцца святочныя мерапрыемствы, накшталт карнавала. Я пачала рабіць фотаздымкі усіх намалёванных выяў і з нецярплівасцю чакаць наступнага фестываля. Такім чынам, у мяне з’явіўся асабісты фота-архіў з усімі графіці, і я пазначыла на мапе Мінска ўсе кропкі, дзе на будынках былі намаляваны графіці. Думка зрабіць менавіта аўдыё-гід прыйшла, калі я выпадкова трапіла на платформу izi.travel і апрабавала адзін з яе аўдыё гідаў падчас наступнага падарожжа. Далей ідэя склалася сама сабой: у мяне ёсць звесткі пра графіці і платформа, якая зручна падыходзіць да арганізацыі інфармацыі ў аўдыё-гід.

— Як ён ствараўся? Ёсць нейкія цікавыя моманты, з гэтым звязаныя?

Таццяна: Тэкст для гіда і першую частку запісу я зрабіла падчас курса Sound Lab з Паўлам Няхаевым. Падчас размоў з выкладчыкам я упэўнілася, што хачу рабіць гід менавіта для беларусаў на беларускай мове, каб пашырыць кантент на ёй у сеціве. Аўдыё запісвала на мікрафон адразу ў праграму для мантажу Ableton. Нейкіх надта смешных кур’ёзаў падчас стварэння аўдыё запісу не было. Былі складанасці з фонавым шумам, які запісваўся разам з голасам. У мяне дома стацыянарны камп’ютэр з вельмі гучным вентылятарам. Таму я абкладвала сістэмны блок падушкамі і адыходзіла на столькі метраў, на колькі дазваляў мікрафонны кабель. Шум на фоне амаль знік, але ўзнікла іншая складанасць – дзе замацаваць мікрафон, бо штатыву ў мяне таксама не было. Прыйшлося майстраваць вежу з кардонных скрынак і перад ёй, седзячы на зэдліку,  рабіць гуказапіс.

Быў адзін момант, але ён датычыцца не гуказапісу, а фотоздымкаў. Я рабіла гід у вольны час цягам некалькт месяцаў. Спачатку я зрабіла новыя фатаздымкі ўсіх графіці. Калі я амаль скончыла працу над аўдыё запісам, то зноў пайшла на Кастрычніцкую, каб удакладніць некаторыя моманты наконт маршрута, і неўзабаве заўважыла, што некаторых малюнкаў ужо няма. Замест іх я бачыла зафарбаваную шэрую сцяну. Таму давялося выдаляць іх апісанне і з аўдыё-гіда.

— Ці папулярныя зараз такія падкаст-гіды? Чаму?

Таццяна: Адмыслова не вывучала гэтае пытанне, менавіта пра аўдыё-гіды па вуліцам гарадоў, але чытала артыкул пра падобныя гіды для музеяў, якія пачалі карыстацца большай папулярнасцю пасля пандэміі, таму што адна вялікая экскурсійная група разбіваецца на тры ці чатыры маленькіх, а значыць павялічваецца нагрузка на экскурсаводаў. Зараз для музея аўдыё-гіды сталі карыснымі дапаможнікамі як ніколі. Пра аўдыё-гід па вулічным маршруце магу дадаць, што ён спадабаецца тым, хто не хоча хадзіць у складзе вялікай экскурсійнай групы, або хоча шпацыраваць у сваім тэмпе без вялікай колькасці такіх жа аматараў побач, якія стаяць у чарзе каб зрабіць фатаздымак на фоне чарговага графіці.

— У цябе ў падкасце 34 пункты прыпынку. Як думаеш, гэта шмат ці мала для такой экскурсіі? Чаму?

Таццяна: Калі я пачала працаваць над гідам, то мне падавалася, што кропак будзе значна менш. Але я хацела ахапіць усе выявы, якія змяшчаюцца на вуліцы, таму атрымалася столькі кропак.  Экскурсія цягнецца недзе каля гадзіны, і я па гэтаму маршруце вадзіла па асобку сябра і сяброўку. Сяброўка ўвогуле цікавіцца мастацтвам і ёй было карцела ўбачыць графіці, якія яна не заўважала раней, калі прыходзіла на вуліцу толькі каб наведаць кавярню. Сябар лічыць сучаснае мастацтва дзіўным і незразумелым, але яму было таксама цікава разгадваць незразумелыя выявы, як рэбусы. Напрыклад, калі я яго падвяла да графіці мастака Imai Yusk (кропка 24 у гідзе) і сказала, што я тут бачу абстракцыю, мой сябар паглядзеў некалькі хвілін і сказаў: «Не, гэта не абстракцыя – гэта гітара».

Вяртаючыся да твайго пытання, мне падаецца, што калі людзі цікавяцца стрыт-артам і гарадской прасторай, ім як раз хопіць экскурсіі, каб атрымаць пэўную колькасць інфармацыі і не надта стаміцца.

— Ці думаеш ты ствараць падобны гід для іншай вуліцы Менска? Можа, іншага гораду? Ёсць нейкія планы, задумкі, замалёўкі? 

Таццяна: Так, я думаю працягваць стварэнне аўдыё-гідаў, і наступную экскурсію планую зрабіць таксама пра графіці ў іншым раёне Мінску, каля метро Інстытут культуры. Менавіта з графіці, якія знаходзяцца ў гэтым районе пачалося маё знаёмства з гэтым жанрам вулічнага мастацтва ў Мінску. Наконт іншых гарадоў, планаў пакуль няма. Складанасць у тым, каб знайсці раён, у якім сканцэнтравана пэўная колькасць муралаў. Некаторыя муралы нават у Мінску змяшчаюцца зусім асобна, і ўзнікае пытанне наконт тэмы экскурсіі, у межы якой можна пра іх распавесці. Файна атрымліваецца, калі ёсць раёны з вялікай колькасцю графіці ў шагавай адлегласцi адно ад аднаго, але такой канцэнтацыі муралаў, як на Кастрычніцкай, мусіць, больш нідзе ў Беларусі няма. Шматлікія графіці на сценах ствараюць сваю атмасферу, за якой прыходзяць людзі, а за імі працягваюцца бары, і людзей такі раён прываблівае яшчэ больш. Адна асобная выява на панельцы ў спальным районе таксама стварае сваю атмасферу, але яна адрозніваецца ад тусовачнай, і паглядзець на такое адно графіці, да якога трэба ехаць наўмысна, прыйдуць не так шмат аматараў стрыт-арту.

— Ці ёсць нешта, што зрабіла б інакш, гледзячы на сваю экскурсію-падкаст цяпер?

Таццяна: Заўвагі для будучых аўдыё-гідаў больш датычацца фатаздымкаў, чым гуказапіса. У мяне вельмі малы досвед у фатаграфаванні, таму параіўшыся са знаёмымі фатографамі, я прыйшла здымаць графіці на світанку,  калі сонца пачало ўзыходзіць. На двары было лета, а на небе ніводнай хмары. Можа, для фатаздымкаў людзей такое надвор’е і пасуе, але для фатаздымкаў графіці на мурах, кожнае з якіх глядзіць ў свой бок свету, зусім не падыходзіць. Некаторыя сцены былі заліты святлом і атрымліваліся добрыя, яскравыя фатаздымкі, але на некаторых быў глыбокі цень, але гэта яшчэ не самы горшы выпадак. Горш за ўсё атрымаліся фатаздымкі, на якіх малюнак падзяляецца на дзве паловы: адна пад яркім сонцам, другая ў глыбокім цені. Таму для наступнага праекта я вырашыла рабіць фатаздымкі днем, каб на сцены трапляла меньш ценяў і ў пахмурнае надвор’е, каб на ўсёй сцяне было аднолькавае асвятленне.

— Які дасі савет тым, хто хоча запісаць свой першы падкаст?

Таццяна: На днях як раз чытала артыкул аб першых 10 кроках для тых, хто вырашыў стварыць першы падкаст. І на першае месца аўтар паставіў якасныя мікрафоны, па кошце прыкладна ад 100 даляраў. Але менавіта я на першае месца выношу зусім іншую рэч. Калі вы плануеце толькі паспрабаваць сябе ў запісу аўдыё і яшчэ не вызначыліся, ці ваша гэта тэма, ці спадабаецца працаваць з гукам і яго мантажом, звычайнага дыктафона ў тэлефоне будзе дастаткова. Больш важна знайсці такое месца для запісу размовы ці маналога, дзе на фоне не будзе іншых шумоў. Калі ў дадатковых гуках на бэкграўндзе будзе патрэба, іх заўсёды можна даманціраваць, але прыбраць шумы запісанныя разам з вашым голасам, якія перашкаджаюць, будзе вельмі складана, а ў некаторых выпадках немагчыма. Таму перш за ўсё трэба паклапаціцца пра ціхі пакой, у якім нічога не цікае, не капае, не стварае рэха. То-бок лепей, каб ля сцен стаяла мэбля, а на падлозе ляжаў дыван. У такім памяшканні прыдатны да працы гуказапіс можна зрабіць на дыктафон тэлефона. А ўжо пасля, калі вы вырашыце, што вытворчасць аўдыёпрадуктаў – гэта ваша тэма, можна паклапаціцца і пра добры мікрафон.

Дзякуй, Таня, за патрэбную і цікавую інфармацыю. Спадзяюся, што слухачоў твайго гіда зараз дадасца. З нецярпеннем чакаем твайго наступнага аўдыё-гіда!

Аўтар: Анастасія Калесан

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: