Грамадства Комментарии и реплики Меркаванні

«Прачнулася. Навіны. Вайна…»: студэнты ЕГУ пра жыццё ва ўмовах вайны

Ганна

Вострая сітуацыя ваенных падзей ва Украіне закранула кожнага з нас. Сапраўды, існаваць, калі адбываюцца такія страшныя падзеі, якія немым болем адзываюцца ў думках і сэрцы, цяжка. Гэта серыя публікацый пра тое, як студэнты ЕГУ перажываюць падзеі вайны.

Наша першая гераіня ― Ганна Ладуцька. Дзяўчына некаторы час жыла ва Украіне, таму сучасныя падзеі адгукаюцца асабліва.

Ганна Ладуцька за працай, фота гераіні

Аўторак

Апошні час я ўстаю рана: цяпер патроху пачаў павялічвацца светавы дзень, і я палюбіла папіць каву ў ранішняй цішыні, пагартаць сацсеткі… 20 хвілін, пакуль не прачнулася астатняя сям’я і не пачаўся гвалт…

Навіны. Іх (усяго дзве гадзіны апасля пасля першага выбуху) было ўжо сотні  —  пра нейкія першыя ракеты, пра парушэнне мяжы… Я не паверыла. Падумала, што гэта фэйк. Некалькі гадоў таму быў такі  —  сеткі падарвала навіна пра тое, што Паўночная Карэя скінула недзе ядравую бомбу. Скрыншот пашырыўся як пажар у стэпы, а праз гадзіну ўжо з’явілася аспрэчанне, а да вечара пра яе ўжо ніхто і не помніць, і пацяшаліся над тымі прасцякамі, хто яшчэ верыў гэтаму.

Але потым мне напісала мая калега. Беларуска, праездам у Кіеве: у яе быў на заўтра самалёт. Яго скасавалі. Яна была ў паніцы і пытала, як магчыма інакш пакінуць Украіну, мы разам гуглілі нейкія аўтобусы… Потым яна правядзе ў дарозе шэсць дзён. Зменіць чатыры спадарожкі. Схуднее… У тую чорную раніцу мы былі разгублены, але яшчэ не верылі ў гэту новую рэальнасць.

Серада

Першыя пару дзён, мне здаецца, я нават і не сядзела ў навінах. Я была моцна паглынута перапіскай з калегам, з сяброўкамі, увесь час перасылала бясконцыя сторысы «шукаем спадарожку з Кіева, нас двое, з намі кот»… Мяне палохалі ўсе гэтыя каментары ў пастах, пра 8 гадоў, сэрцайкі, смайлікі пад страшнымі навінамі. Нехта ж іх ставіў… 

Цяпер, за тыдзень, я паспела крыху абвыкнуць. Зацвердзіцца ў думках, што гэта ўсё  —  боты, якія чакалі адмашкі, якія сваёй аператыўнай хваляй стварылі ўражанне таго, што іх шмат, што гэта і ёсць грамадства. Але гэта не так. Калі грамадства адышло ад шоку, калі грамадства загаварыла, стала ясна, што яно думае. Столькі падтрымкі, столькі слушных словаў, столькі думак  —  усё на мяжы, але тым не менш у гэтым ёсць месца і беларусам, і расейцам.

Нядзеля

Доўгія, доўгія выхадныя. Звычайна я стэлефаноўваюся з раднёй з Крыма, але цяпер не стала. Я не маю ілюзій на тэму таго, якая іх пазіцыя ў гэтай сітуацыі. І я баюся, што калі мы загаворым пра гэта, у мяне не хопіць самавалодання не здэтанаваць, не пасварыцца з імі.

Мае бацькі з Крыма? Калегі, з якімі мы шторанку балбочам на планёрцы ў ZOOM? Каментатары ў ЯндексДзэне? Гэта ўсе розныя людзі, якія патрабуюць рознага дачынення. Я проста не маю столькі сіл, і эмоцый, і часу, каб адрэфлексаваць усё гэта. І я аддам перавагу не адчуваць нічога, чым, быўшы «на ўзводзе», прызначыць у ворагі такіх жа перапуджаных і страчаных людзей, як і я сама…

Бомбы. Божа, як жа я гэтага баюся. А яшчэ Чарнобыль ледзь не з першых дзён пад кантролем расейскіх войскаў. Цяпер, у гэтым тэатры абсурду я ўжо веру, калі раз-пораз праскокваюць намёкам прэзідэнта РФ пра гэта. Сёння панядзелак, і я заехала ў аптэку купіць ёду  —  увесь раскупілі. Засталося трохі слоічкаў  —  узяла ўсё, малявала дзецям сеткі на грудзях і спіне… Заўтра паеду ў іншыя аптэкі.

А яшчэ я баюся за тых, хто не з’ехаў. За рожаніц, якія не паспелі ў радзільню. Старых, якія не паспелі ў маршруткі на Польшчу. За матак, якія не паспелі з дзецьмі ў сховішчы. За жавёлінак, якіх яны не ўзялі з сабой. Яны трымаюцца ўжо тыдзень, і час гуляе супраць іх. Што будзе на трыццаты дзень вайны? Мне страшна нават думаць…

Ці магчыма існаванне ва ўмовах вайны, не адчуваючы пры гэтым сораму, што ты на мірнай тэрыторыі? (важнае для мяне пытанне). 

Так, магчыма. Я думаю, гэта пытанне адказнасці. Калі ты на мірнай тэрыторыі, ты выспаўся, у цябе ёсць магчымасць заправіць машыну  —  гэта значыць, што ў цябе мноства спосабаў быць карысным. Пра гэта трэба думаць. Пра тое, што ты  —  прылада дапамогі. Калі чалавек заміж гэтага пачынае займацца благой рэфлексіяй… Ну, каму ён прынясе гэтым карысць? Непраспаны, заплаканы і пабіты чалавек сам будзе ў ёй мець патрэбу. Марнаваць на гэты час цяпер я лічу нечым сапраўды сорамным і безадказным  —  калі куча народа спрабуюць даць рады велізарнай бядзе, што прыйшла на нашы ганкі, нехта… нехта спраўляецца толькі са сваім пачуццём віны.

Праз паўгадзіны 3 сакавіка, я дапісваю апошнія радкі. Я вельмі-вельмі стамілася. Гэта быў доўгі дзень, доўгі тыдзень. Мне здаецца, я амаль вычарпала ўвесь свой запас эмоцый, закладзены на жыццё, і хутка буду не здольная ні баяцца, ні кахаць, ні ненавідзець.

Але пакуль я ўсё яшчэ здольная нешта адчуваць, я буду адчуваць падзяку да голасу ГРАМАДСТВА, якое з кожным днём гучыць усё выразней, усё гучней. Мне было страшна, калі я думала, што я самотная. Што маім сяброўкам у скляпах ніхто не дапаможа. Што маю калегу ніхто не падбярэ па дарозе на Польшчу… Але цяпер, нягледзячы на тое ,што кожны дзень усё яшчэ нясе жах, я бачу, як яднаюцца самыя розныя людзі, самыя розныя грамадствы. 

І я ўдзячная ім. 
І я закахана ў іх.
Дзякуй!

Аўтарка: Кацярына Медвідзь

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: