… Цемра. Яна паўсюль: у вагоне і за яго вокнамі. Ледзь чутны размовы маладых хлопцаў, маіх таварышаў. Я не размаўляў, думаў. «Што прынясе нам гэтая вайна? Колькі яна будзе панаваць на савецкай зямлі? Колькі жыццяў загубіць, забярэ праклятая?»… Думкі ў мяне былі невясёлыя, турботныя. Але ж я салдат Чырвонай Арміі і буду змагацца з ворагам да апошняй кроплі крыві. Перамога будзе за намі! А мае аднапалчане ўсміхаліся, жартавалі, маўляў разгонім тых немцаў за месяц, разбягуцца як зайцы… Цягнік рухаўся на фронт.
… Зямля перад вачыма, крыкі, стральба. Я ляжу прыціснуты на полі сваім жа канём, па твары цячэ ліпкая кроў. Над галавой – шэпт мін. Вось табе і першая сустрэча з немцам, вось табе і зайцы! Разагналі нас, пазабівалі добрую палову нашага 112-га горна-кавалерыйскага палка… Во да мяне падышлі нямецкія запыленыя боты. «Стрэляць!», – праляцела думка. Ды не, выцягнулі з-пад каня. Так-сяк я падняўся. І адразу паваліўся: ногі анямелі. Наступныя дзве спробы таксама былі няўдалыя. «Колькі яны яшчэ будуць гуляцца са мною, заб’юць!» Ды стрэлу не было – ператрэслі кішэні, сарвалі армейскую зорку з пілоткі і пятліцы малодшага камандзіра, і, падштурхнуўшы дулам аўтамата, загадалі ісці ўперад. «Жыццё, мабыць, падрыхтавала на тваю долю іншыя пакуты і нягоды, больш цяжкія, чым дагэтуль, Дзяніс. Буду жыць. Трэба жыць!», – падумаў я…
І ён жыў. Змагаўся са смерцю ў канцлагеры, перамог. У сорак пятым выйшаў на доўгачаканую волю… Пасля жыў доўга і шчасліва, пакінуў пасля сябе добрую памяць і гонар нам, нашчадкам. Працаваў у раённай газеце, у школе. Двойчы мог атрымаць узнагароду «Заслужаны настаўнік», але ваеннае мінулае ў нямецкім палоне ўсё перакрэсліла…
Той чалавек — мой прадзед, Дзяніс Мікалаевіч Шкробат, які мужна прайшоў тое неверагодна цяжкае – ваенныя годы. Вайна ж для нас, сучаснага пакалення, недасканала зразумелае слова. Мы ведаем толькі ассацыятывы: смерць, кроў, узрывы, ахвяры, салдаты, ворагі. І як цудоўна, што нам не давялося і, спадзяюся, не давядзецца адчуць сапраўднача значэння гэтага жудаснага слова — «вайна». Прадзед жа 19-гадовым юнаком прайшоў 4 гады вайны. Не, ен не ваяваў у поўнай меры, быў узнікам канцлагера. Аднак, як ён потым пісаў у сваіх мемуарах, гэта было выпрабаванне цябе на стойкасць і прагу да жыцця. «Жыць без вайны» — хай гэтыя словы стануць своеасаблівым дэвізам для чалавецтва і наступных пакаленняў!
(У гонар майго прадзеда, удзельніка Вялікай Айчынай вайны, Дзяніса Мікалаевіча Шкробата. Гісторыя, прыведзеная вышэй з’яўляецца рэальнымі аўтабіяграфічнымі фактамі з успамін прадзеда)
Аўтарка: Кацярына Медвідзь.