У сучасным свеце цыфравізацыі і ўседаступнасці кожны чалавек мае шырокае кола магчымасцей у самых розных сферах незалежна ад узросту, сацыяльнага статусу, фінансавага палажэння. Кожны можа знайсці нешта сваё.
Яркі прыклад — наш герой, Мікіта Суботкін, навучэнец 11-га класа ў горадзе Бабруйску. Хлопец жадае працягнуць вучобу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дзе, як вядома, асаблівую каштоўнасць мае праектная дзейнасць, таму Мікіта ўжо пачаў працаваць: стварыў свой праект-квэст імя Вікенція Дуніна-Марцінкевіча ў родным горадзе.
Мікіта, раскажы спачатку падрабязней пра сваё «дзіця» — квэст Дуніна-Марцінкевіча: як прыйшла ідэя, з чаго ўсе пачыналася?
Мікіта: «Дунін-квэст» — гэта мой сацыяльны праект для горада Бабруйска, а таксама мая дыпломная праца школы мэнеджмэнта, якую я наведваў у гэтым годзе. Мне прыйшла ідэя стварыць нейкі брэнд для свайго горада, і так як я аматар літаратуры і драматургіі, вырашыў спыніцца на асобе Дуніна-Марцінкевіча. Невялічкая рэмарка: ён нарадзіўся ў Бабруйску, тут жыў і вучыўся. Спачатку, я планаваў рабіць фармат фестывалю на некалькі дзен, але мне паступіла прапанова ад мясцовай крэатыўнай пляцоўкі зрабіць спачатку квэст. Задача квэсту ў тым, каб хадзіць па месцах, якія прама або косвена звязаны з Дуніным-Марцінкевічам, напрыклад, вуліца яго імя ці бібліятэка. Удзельнікам даваўся ліст, дзе быў адрывак з «Пінскай шляхты». У ім былі зашыфраваны каардынаты, ключавыя словы, месцы, гэта неабходна была расшыфраваць, хто першы, той і пераможца… Таксама пасля квэсту я праводзіў лекцыю «Як хайпіў Дунін-Марцінкевіч» для моладзі ў фармаце стэндапу.
Якія мэты ў праекта «Дунін-квэст»?
М: Мэты самыя простыя і адначасова важныя для мяне: рэклама і брэнд Бабруйска, яго культуры, бо я вялікі патрыёт сваей малой радзімы, месц, людзей. Мне хочацца проста крычаць аб тым, як тут неверагодна крута!
З чаго ўсё пачыналася і якія складанасці былі на тваім шляху стварэння сацыяльнага праекта?
М: Усе пачалося з прапановы крэатыўнай прасторы Time Club 13/87. Яна ж і дапамагала мне на працягу падрыхтоўкі: займалася рэкламай, знаходзіла людзей, валанцераў, дала пляцоўку і месца. Дзякуй ім вялікі за гэта!
Якой была рэакцыя публікі і ці атрымаў ты жаданую рэакцыю на свой праект?
М: Рэакцыя была крутая. Увогуле, я нічога не чакаў, не будаваў «замкаў». Аднак, усе прайшло крута: класныя людзі, неверагодныя эмоцыі! Было нечакана прыемна на станоўчае рэагаванне людзей!
Што далей? Якія перспектывы ў праекта?
М: Праект планаваўся не толькі як квэст, але і як фестываль, які ўключае лекцыі па драматургіі і форум-тэатр (тэатр, дзе няма акцераў, а толькі гледачы, якія выконваюць ролю і акцераў, і публікі) па творчасці Дуніна-Марцінкевіча. Спадзяюся, што працяг будзе. Напрыклад, у траўні мы правядзем другую частку квэста, а ў верасні будуць лекцыі і форум-тэатр.
Увогуле праектная дзейнасць — гэта цяжка і складана?
М: Канешне, справа не з лёгкіх. Гэта залежыць ад узроўню праекта, яго маштабу, і вядома, ад самога чалавека, наколькі ен гатовы аддавацца справе. Лепш пачынаць памалу. Спачатку зрабіць нейкі праект на базе школы, пасля вучэбны. Потым можна перайсці на гарадскія. Я, напрыклад, адчуваю ў сабе моцы рабіць праекты для горада, мне хапае для гэтага ведаў і вопыту.
Пасля сканчэння школы ты плануеш паступаць у ЕГУ і з’ехаць з роднага горада. Ці зможа існаваць праект з кіраўніком «на ўдаленцы»?
М: Мы плануем скончыць праект у верасні, калі пройдуць лекцыі і форум-тэатр. І ўжо на вучобе я магу або адрадзіць яго праз час , або стварыць новы сацыяльны праект. Таму пераезд мне ніяк не перашкодзіць. Увогуле, праект — гэта сродак папулярызацыі Бабруйска і яго жыхароў. І гэта галоўная мэта, якую я хачу захаваць.
Якія праекты ты плануеш стварыць у будучым? Ці будуць яны связаны з дадзеным?
М: Насамрэч, планаў і ідэй даволі многа, але пакуль не хацеў бы распавядаць, бо яны знаходзяцца на стадыі зараджэння.
Што пажадаеш тым, хто хоча пачаць працаваць над сваім праектам?
М: Па-першае, знайдзіце добрую каманду, якая будзе вам дапамагаць. Дэталь вельмі важная, бо гэта касцяк праекта. Па-другое, трэба ўмець прызентаваць сваю ідэю. Па-трэцяе, навучыцеся правільна весці камунікацыю, гэта неабходна для перагавораў са спонсарамі, напрыклад, або з патэнцыяльнымі гледачамі. А таксама працаваць і працаваць. Калі чалавек сапраўды гарыць сваёй ідэяй, то ўсе атрымаецца!
Iнтэрв’юерка Кацярына Медвідзь.