Культура

«Ён помер з фалафелем у руцэ». Глава 2

Книга «He Died With A Felafel In His Hand» Джона Бирмингема рассказывает про опыт совместной жизни автора с различными людьми в Австралии 90-ых годов. Перевода на русский язык этого произведения нет. Но Maksim Shevekhman решил сделать перевод на белорусский язык, чем и делится со всеми нами (грамматика, орфография, пунктуация автора перевода).
Книга состоит из 10 глав и сейчас перед вами вторая из них. Первую можно почитать здесь.

«Д З І К У Н С Т В А»

Я бясконца магу слухаць, як мае суседзі займаюцца сэксам. Аднойчы я прытаіўся ў гасьцёўні на ўсе выходныя, разьлічвая на шанец, што пара маіх суседзяў сядзіць ў спальне на другім паверсе, і тады, калі б яны пачалі гэта рабіць, — я бы пачуў. У іх усё толькі пачыналася, і яны адчайна рабілі выгляд, быццам бы ўсё звычайна, але ўсе знакі былі заўважны ўжо тыдзень таму — шматсэнсоўныя позіркі, сумесныя ночы перад ТБ, масаж ног, — уся тыповая руціна. І я ні за што не адпусьціў бы іх без добрага слаўнага вуаерызму з майго боку. Калі ты малады і ганебны, ў тваім мозгу ёсьць частка, што падбівае ісьці да канца, і я дайшоў — як маланка пабег у Сэвэн-Элэвэн, купіў дзьве газэты, фруктовы пірог, каву і засеў у гасьцёўні, непасрэдна пад месцам з максімальнымі скрыпамі і стогнамі.

Ня кожны знаходзіў сабе пару сярод сваіх суседзяў. Іншыя флэтмэйты знаходзілі свой сумны досьвед па-за межамі хаты. Мэліса, вы яе памятаеце, каралева кардынга, прыводзіла дамоў такіх цьвёрдагаловых байструкоў у татухах, байкерскіх ботах і зь імпэтам няўдачы, які цягнуўся за імі. Яна аддавала перавагу бясьпечнаму сэксу. 

Стэла

Аднойчы я ўвайшла ў пакой суседа. Ягоная дзеўчына сядзела голая на яго стале, з шырока рассунутымі ўбакі нагамі. Я дала заднюю на максімальнай хуткасьці, вельмі зьбянтэжаная. Ён падышоў да мяне пазьней. Сказаў, «Усё ня так, як выглядае. Насамрэч я цнатлівец. Ужо два гады, як мы спаткаемся, але мы нічога такога ня робім. Яна прыходзіць адзін раз на тыдзень, садзіцца на стол і толькі паказвае мне тое, што я не магу займець. 

Было можна пачуць праз увесь калідор — «Да нацягні ты ўжо яго, даўбень» — і тыя хлопцы неахвотна падпарадкоўваліся, шлёпалі латэксам, а потым прачыналіся раніцай і натыкаліся на той факт, што Мэліса сьпіць на працягу большай часткі дня. Сон — гэта яе натуральны стан. 

Гэтыя рыцары пекла прачыналіся, бачылі, што яна храпе як карчы дзярэ, і ўцяміўшы, што могуць улізнуць, давалі ходу з дому, каб пазьбегнуць тых няёмкіх размоў, што бываюць назаўтра раніцай. Яны ціхенька нацягвалі сваё адзеньне і асьцярожна спускаліся ўніз па лесьвіцы, туды, дзе іх чакаю я. Раблю выгляд, быццам бы чытаю газэту. Бо лавіць гэтых хлопцаў на ляту — улюбёны мой занятак. Тыя, што з манэрамі, маглі мне кіўнуць, але ў асноўным яны адразу ляцелі да ўваходных дзьвярэй і да свабоды. Яны рэзка адчынялі дзьверы. І заміралі. Хата была абсталявана мэталічнымі кратамі на ўсіх вокнах і дзьвярах. Вось яна, вялікая паўза, калі рыцары пекла ўсьведамляюць, што яны замкнёныя ў хаце са мной, з сабакам і зь дзяўчынай, што сьпіць наверсе. Заўжды гэтыя пачвары на некалькі сэкундаў утаропяць свае вочы ў жалезныя пруты. Я кусаю шчокі, каб захаваць нэўтральны выраз твару, калі яны вяртаюцца да мяне. Яны заўжды кажуць нешта кшталту: «Эээ, маеш ключ… братан?»

«Не, я свой згубіў. Але ж Мэліса мае свой ключ».

Упершыню я заахвоціўся падобным адразу калі зьехаў з дому жыць асобна. Тое месца мела назву Бульвар, стары квартал па-за ўнівэрсытэцкім кампусам у Брысбане. Там былі тонкія блакітныя сьцены, якія пакрываліся вільгацьцю ўначы і дрыжэлі кожны раз, калі міма ехаў грузавік. Я зьехаўся з Мэл і Ўорэнам — маладой парачкай, якую я ведаў з часоў школьнае пары. Мы ўсе былі ў захапленьні. Яны не маглі спаць разам дома ў сваіх бацькоў, а я ніколі не жыў пад аднім дахам з людзьмі, якія, як я ведаў дакладна, маюць сэкс. Бацькі не ўлічваюцца. Хіба што толькі калі ты вычварэнец.

Але тым вуаерызмам-з-фруктовым-пірагом там і блізка не пахла. Аднойчы я прыйшоў дамоў і знайшоў кватэру бязлюднай, але нешта было дзіўна. Рэчы выглядалі незвычайна, але было цяжка зразумець у чым справа. Праз колькі хвілін я ўбачыў, што зьнік мой кававы столік. Калі я спытаў Мэл пра гэта, яна пачырванела, прамармытала нешта пра Ўорэна і зьнікла ў сваім пакоі. Той столік моцна хістаўся, а Ўорэн быў вучнем цесьляра, і я падумаў, што ён забраў столік, каб яго паправіць. Насамрэч ён забраў яго і вынес на сьметнік. Аказваецца, што ў той дзень мае флэтмэйты няшыліся на маім кволенькім ДСПшным століку, і пад такім націскам ён зусім разваліўся. Я сам, напрыклад, думаў што гэта было прышпільна, але яны зьехалі хутка апасьля. Сказалі нешта пра прыватнасьць. Эндзі, студэнт медыцынскага, што заняў іх пакой, ня меў такіх праблем. Хоць ты сядай каля дзьвярэй, пакуль за імі ён робіць сваю магію. Ён быў прыгажун, але трохі абалдуй як для будучага хірурга. Любіў хадзіць навокал са сваёй ежай, але забываўся пра яе. Ходзіць са спагецьці і пакрысе нахіляе талерку наперад, ад сябе, уніз, у бок падлогі. Нахіляе і нахіляе. Ужо думаецца — зараз ён адхіліць яе назад. Але не. Усё падае на дыван і на ягоны абутак. Хлюп. Ягоныя вочы шырока расплюшчваліся, а пасьля паўзы ён хіхікаў як Гуфі. Іншыя студэнты медыцынскага далі яму мянушку Доктар Сьмерць. Аднойчы на працягу двух тыдняў ён запрасіў трох розных дзяўчынак на школьны баль і толькі ў самы апошні дзень зразумеў што нарабіў. Ён скасаваў адну зь іх, а дзьвюх, што засталіся, вырашыў трымаць паасобку. Вядома, гэта не атрымалася. Да й трэцяя дзяўчынка ўсё роўна прыйшла. Гэта была катастрофа. У любым выпадку, празь некалькі тыдняў ён пераспаў з кожнай з трох. Адна за адной. Першая дзяўчынка прыйшла а трэцяй гадзіне. Ён пазбавіўся ад яе да чацьвёртай. Тады прыйшла другая, без папярэджаньня, з парай чамаданаў і швэдарам з чыстай шэрсьці, які яна сама вязала для яго. Я падышоў адчыніць ёй дзьверы, і яна пранеслася міма мяне. «Я буду жыць з вамі», — кажа. Эндзі меў яе, і ейныя чамаданы выстаўленнымі з кватэры да шостае гадзіны. Ён пакінуў сабе швэдар і падарыў яго апошняй дзяўчынцы, што аб’явілася адразу пасьля вячэры.

Толькі аднойчы жыў з падобным хлопцам. Падлесьвічны Іван. Чарада дзяўчат, што прыходзілі да яго, цягнулася бясконца. Але акрамя мядзьведзепадобнага рыканьня з ваннай, калі ён браў іх з сабой у душ, ён быў вельмі прыватны тып. Згубіла яго, у канцы, салідарнасьць Сястрынства. Ён здраджваў сваёй асноўнай дзяўчыне, Салі, ашаламляльна прыгожай бэйбе. Я не разумеў яго ўвогуле. Ёй было дазволена прыходзіць ў сераду, пятніцу і суботу. Астатнія дні заставаліся для вучобы. Так ён ёй казаў. Насамрэч, яны заставаліся для шумнага вэртыкальнага сэксу ў нашай ваннай з той пасьлядоўнасьцю безыменных фіфачак з начных клюбаў, што носяць завушніцы на шчыкалатках і сыходзяць да сьвітанку.

Джына і Вэроніка, дзяўчынкі нашага дома, паставілі Салі ў сутнасьць справы, калі тая прыйшла да нас аднім вечарам. Яна… апынулася ў «стане». Яна ўжо ведала, што ходзяць нейкія чуткі. У той вечар яны ўтрох, разам, пайшлі да Падлесьвічнага Івана. Сказалі яму, што трэба нештачка разабраць па костачках. Я адступіў маментальна, падумаўшы: «О-о, нешта будзе». І нешта была — Салі зь дзяўчынкамі прыбілі Івана ў калідоры і наляцелі на яго з самым жудасным і страшэнным бабанападам, што я бачыў за ўсе дзесяць гадоў свайго сумеснага пражываньня. Гэта працягвалася ўсю ноч, як бамбаваньне Дрэздэна. Я амаль што спачуваў беднаму нягодніку, так моцна яго апрацавалі. Салі забрала ў яго ўсе свае рэчы і ніколі больш зь ім не размаўляла, і гэта нягледзячы на тое, што яна любіла яго так горача, як любяць дзяўчынкі ў фільмах з Элвісам Прэсьлі. Немагчыма было супрацьстаяць Сястрынству — Джына і Вэроніка распавялі ўсё пра фіфачак, пра ванную, пра стогны а трэцяй гадзіне ночы. Яны сказалі ёй, што яна завельмі добрая для яго, што яна можа мець любога мужчыну, што яна мусіць даць яму ўрок, што яна павінна разарваць ягонае адзеньне, знайсьці новага бойфрэнда, пераехаць у іншы штат і паставіцца да ўсяго гэтага так, быццам ён быў бервяном у пасьцелі. Усё з пералічанага яна зрабіла. Яна ня мела выбару.

Увесь той час я сядзеў у такім маленькім цесным пакойчыку для сушкі праньня, які выкарыстоўваў як пісьменьніцкі пакой. Падлесьвічны зрэдку зьяўляўся ў маёй дзьвяры, матая галавой і шкрабая сваю казліную бародку. «Яна мяне кінула», — паўтараў ён. Усё ніяк ня мог у гэта паверыць. Ня мог зразумець. Яна нават не захацела паслухаць ягоную вэрсыю гісторыі. «Як так?» — пытаўся ён. «Чаму?» — а хто мог адказаць? Не я. Ён зьехаў праз тыдзень ці два. Паціснуў мне руку ў канцы, перад тым, як пайшоў, падкрэсьлена ігнаруючы Джыну і Вэроніку. Ім было ўсё роўна. Паміж імі была сапраўдная нянавісьць. На самай справе, была нянавісьць і з майго боку, калі мы ўбачылі ўнёсак гэтага чорта ў наш тэлефонны рахунак. Адна тысяча даляраў. Большасьць гэтага за конт адчайных, шалёных міжнародных званкоў у апошнія тры дні, што ён быў тут.

Акрамя таго, што Ўорэн і Мэл абраліся шлюбам, ды маіх забавак, я не магу ўспомніць, каб з сэксуальнага жыцьця мноства маіх суседзяў атрымалася нешта добрае. Сяброўства руйнуецца праз сэкс, і гэта ня дзіўна, што тонкая раўнавага сумеснага пражываньня можа быць парушана. Я страціў выдатную хату ў Канбэры, дзе здарыўся выпадак непатрэбнага каханьня, ў адзін бок. Зоўі і Майкл.

У тыя часы Майкл быў белы каўнерык, мэнэджар па маркетынгу ў Джэнэрал Дайнэмікс. Ён любіў каталёг Кантры Роўд: маленькія акуляры, твідавы пінжыч, гальштук, моцны пах бальзаму пасьля галеньня што рухаўся за ім, забівая вусякоў як напалм. Майкл быў імпульсіўны хлопец. Ён засяліўся ў хату — трэба мэбля — пайшоў у Ікею і спусьціў усё, што было на візе. Купіў вялікую чорную шафу, расьліну ў вялікім чорным вазоне, якая памерла ад таго, што яе не палівалі, і вялікі вялікі вялікі чорны ложак для забавак. Кабеты завабліваліся ў пастку лотаса жвавымі рытмамі Мадам Батэрфляй, што гучалі з ягонай вялікай чорнай акустычнай сыстэмы.

У Зоўі быў экс-бойфрэнд, які раней пабіваў яе. Яна страшна сумавала па ім. Не пытайцеся чаму. Уся засмучаная праз гэтага лузера, яна даставала касэты Саймана і Гарфанкля, закідывала пару таблетак Панадолу, брала свой бумбокс у гасьцёўню а трэцяй гадзіне ночы, лажылася і выла пад Bridge Over Troubled Water, пакуль я знаходзіўся праз мэтар, у суседнім пакоі, намагаючыся заснуць. Пасьля шэрагу няспаных начэй я вырашыў, што калі я сустрэну гэтага экс-бойфрэнда, гэтага журботнага, маркотнага, няшчаснага афэлка што пабівае дзяўчын, то я выб’ю яму зубы. Як мінімум за касэты і гукі храпа Зоўі, якая ляжыць на падлозе.

Карацей кажучы, у нас быў вольны пакой. Майкл засяляецца, і Зоўі зацікаўлена ім. Майкл ведае як сябе паводзіць, ён мае грошы, і яна закахалася. Пакуль ніякіх праблем. Майкл не прыбіраўся. Нават не разглядаў як магчымасьць. Не было ў ягоным парадку дня. Пра гэта клапоцілася Зоўі. За ўсе дзевяць месяцаў, што ён там жыў, ён ніводнага разу нават ручніка не памыў. Але кожным ранкам ён зьяўляўся з той сьмярдзючай дыры, дзе спаў, ідэальна чыстым.

Першы шок не прымусіў Зоўі чакаць доўга. Аднойчы ранкам, праз тыдзень як ён засяліўся, дзівачная жанчына зьявілася зь яго пакоя. Гэта было патлумачана так, што яна сяброўка зь іншага места і яна згубілася. Няма дзе спыніцца нанач. Яна выглядала трохі згубленаю — калі выплыла з таго пакою пасьля васьмі гадзін Мадам Батэрфляй. Нягледзячы на гэта, Зоўі настроілася заляцацца да Майкла. Ён толькі пераехаў у Канбэру, і Зоўі выкарыстоўвала свае козыры, — паказвала яму места, запрашала сяброў каб яму лягчэй было ўпісацца. Яна арганізавала вячэры пры сьвечках разам зь ейнымі сяброўкамі Катэрынай і Вікі — і з Майклам у мэню. Плян Зоўі быў у тым, каб прызнацца Майклу падчас выхаду ў цэнтар у адзін з вялікіх вечароў. Нават ягоныя сябры былі запрошаны, у якасьці пар для Катэрыны і Вікі. На жаль, Майкл не змог прыйсьці і ў апошні момант адмяніў сустрэчу. Тады і Катэрына скасавала. І наступнаю раніцаю, Катэрына выпаўзае са спальні Майкла пасьля ночы Мадам Батэрфляй. Праблема ў тым, што пакой Зоўі проста побач з пакоем Майкла — іхнія ложкі стаяць кожны да адной сьцяны, то бок, паміж імі два сантымэтра драўніны, і Зоўі чуе ўсё. І гэта болей, чым яна можа вытрываць. Яна залівае слязамі калідор, крычыць і ломіцца ў майклаву дзьвер, «Выключы, я не магу заснуць!», і дзесьці там я, ляжу ў цемры, мая галава напруджана пульсуе праз уразуменьне, што дні гэтай хаты скончаны.

Так, Катэрына была выключана зь сябровак. Маленькія альянсы ствараліся і пераўтвараліся. Майкл пытаўся: «Джон, што адбываецца? Што здарылася?» — І я тлумачыў, што ён здрадзіў Зоўі зь яе лепшае сяброўкай. А Майкл тады: «Божа мой, ну ты ж разумееш, што гэта не мае да яе ніякага дачыненьня». Потым Зоўі апыналася ў маім пакоі і шаптала, што Майкл — вырадак і поскудзь, і пыталася, што думаю я на гэты конт. Што мы зьбіраемся рабіць? Ці мог бы я зрабіць штосьці? Пагаварыць зь ім, можа быць? Прымусіць яго зьехаць? Я думаў, што магу павярнуць усё гэта на сваю карысьць; Майкл будзе прыбірацца, Зоўі забудзе пра свае касэты Саймана і Гарфанкеля, але ў выніку Майкл зьехаў, а Зоўі занялася садоўніцтвам.

Мне бы зьехаць адтуль ка ўсім чарцям, але, як звычайна, я працягваў завісаць там. Я заўсёды завісаю. Я заўсёды дзесьці там, жыву не па сродках, праз розную колькасьць прычынаў, ці то атрыманьне маёй бессэнсоўнай ступені ў Куінслэндзе, або работа на дэбільнай працы ў Канбэры, каб аплаціць тую ступень. Але паміж Канбэрай і хатай на Кіпакс Стрыт, Дарлінхёст — якая зьяўляецца азначальнай, Каралеўскае Пекла, Тысячагадовы Райх ад сумеснага пражываньня — рэчы сталі цікавейшымі.

Я вёў распуснае, нейкае вандроўнае жыцьцё. Але не жраць-з-памыйніц і спаць-пад-мастамі, вы разумееце. Болей праглядаў ТБ удзень, пропускі тэлефонных рахункаў, глыбока засмажаныя рыбныя палачкі невядомага брэнда ў маіх сэндвічах, вось такі стыль жыцьця. Я жыў ва мностве месцаў і набралося шмат флэтмэйтаў за гэтыя тры-чатыры гады. Тузін хатаў, шэсьцьдзясят чалавек, нешта такое. Лічбы трохі завышаныя праз адно месца, дзе я заставаўся менш чым на тыдзень. Я зьбег адтуль пасьля таго, як пара готаў афарбавала гасьцёўню ў чорны колер. Яны павесілі галаву старога казла над комінам. Сказалі, што ў гэтую ноч трэба прынесьці ахвяру.

Падказка што тычыцца гатычнага дызайну: мёртвыя рэчы такія прышпільныя, што абавязкова павінны быць прышпілены да сьцяны. Новапаўсталая галава казла насамрэч замяніла сабою набітую качку, што знаходзілася тут два гады. Нехта купіў яе ў Чайнатаўне ў жудасным стане. 

Шэран

У мяне не было ніякіх знаёмых у Мэльбурне, таму я жыла ў свайго хлопца. Мне хацелася трохі больш прасторы, таму я зьехалася зь іншай дзяўчынкай, Брук. Хата была маленькая, але танная і зь відам на мора. Я правяла там каля пяці дзён, ніякіх праблем, а потым, адной ноччу, я выйшла са сваім хлопцам на спатканьне. Мы вярнуліся і ён застаўся нанач. Наступным днём я вяртаюся з працы і Брук кажа мне: «Твой хлопец заставаўся нанач». Я выбачалася што не прадставіла яе, але патлумачыла, што ў той час яна ўжо спала. Яна, утаропіўшыся, толькі сказала: «Ты зь Пекла родам. Я не хачу жыць з грэшніцай». І тады яна сыходзіць на гаўно, крыча: «Ты што, ня ведаеш, што так рабіць нельга? У Госпада ёсьць асобнае месца ў Пекле для блудлівых. Я не магу ўзяць грэх жыць з блудлівай пад аднім дахам». Я тупа стаю, замерла. Яна псіхавала яшчэ некалькі хвілін, вырыгвая ўвесь гэты агонь зь серкаю пра тое, як няма для мяне нават надзеі. І раптам яна цалкам мяняецца, становіцца спакойнай і кажа: «Але калі ты зьменіш свае паводзіны, то я дазволю табе застацца». Я зьехала на наступны дзень. Я жыла там адзін тыдзень, але яна ўтрымала плату за ўвесь месяц.

Калі яны прыбілі яе над комінам, гэтая качка ўжо была гнілая, перакручаная, напалову гарэлая, з выдраным пер’ем і напалову прыгатаваная, у шкляным вакуўмным пакунку. Зь цягам часу пакунак расклеіўся, і качка пачала пакрысе вылазіць і рухацца ўніз па сьцяне.

Я думаў, што трэба бегчы адтуль яшчэ раней, калі прачнуўся ад гукаў гэтай пары готаў, якія займаліся сэксам на падлозе, побач са мной. А потым зноў, калі я выявіў, што хаця вада была падключана, ракавіна падключана не была, то бок ты адкрываеш кран і ўсё ільецца на падлогу. Але вырашальным момантам стала Гасьцёўня Сатаны.

Вы разумееце, гэтыя моманты, гэтыя Гасьцёўня-Сатаны-Галава-Казла-моманты, калі ты думаеш: «Якія сілы прывялі мяне ў гэтае месца ў гэты час». Як быццам бы тваё жыцьцё падарожнічае праз гэткую складаную сетку, дзе здараюцца розныя рэчы, кшталту: ты спаткаешся зь дзяўчынкаю, альбо ідзеш у кіно, альбо прыходзіш дадому і бачыш казьліную галаву прышпіленую да сьцяны, і вось загараецца маленькая лямпачка, такая кропка сьвятла на сетцы, і яўляе сабою падзею, што адбылася. Усе гэтыя кропкі зьвязаны разам той дзіўнай матэматычнай праграмай, што вызначае твой жыцьцёвы шлях і будучыню — кожны маленькі момант, кожная кропка сьвятла, і побач з усім гэтым падаюць зьверху ўніз лічбы нейкага непралазнага лагарытма.

Гммм. Напэўна мне лепш вярнуцца да тэмы. 

Бульвар быў апісаны ў рэкляме як кватэра з трыма спальнямі на самым верхнім паверсе. Трэцяя спальня была насамрэч у падземным гаражы. Мэл і я занялі два пакоі наверсе і выгналі Тома, маўклівага студэнта-інжынэра, на паркоўку. Ён не быў супраць. Ён разабраў галоўны перамыкач пажарнага сьвятла і падключыўся да электрычнай сыстэмы будынка. Цяпер нашы рахункі за сьвятло аплачваліся ўладальнікам будынка, а мы выкарыстоўвалі ўсе электрычныя прылады, што ў нас меліся, дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Том, які зараз — віцэ-прэзыдэнт у міжнароднай авіякампаніі, ў той час быццам бы пра нябесныя мігдалы думаў. Ягоны посьпех у вырабе сочыва з ажыны, якую ён зьбіраў ля ракі, падвёў нас да ідэі пасадзіць дрэва чаёта — мэксыканскага агурка. Мы сабралі адзін ураджай, але ніхто ў доме іх ня еў, і яны пагнілі на кухні пад ракавінай. Яго улюбёнай стравай быў пірог з рыбных палачак (Закруціць шэсьць рыбных палачак і дзьве долькі сыра ў шмат цеста. Выпякаць). На асобыя выпадкі ён гатаваў малінавы пудынг, гэтую ядавітую сумесь малінавага лікёру і заварнога крэму. Гэта выглядала як крывавы суп і было на смак як бы ў міску вады дадалі чалавечыя валасы.

У той кватэры я нешта зразумеў пра вартасьць людзей. Хлопец Мэл — Ўорэн — быў простым вучнем цесьляра з Кланкэры. Ён ніколі не стаў бы чытаць якога-небудзь Фуко, і з улікам таго, што я быў закаханы ў ягоную дзяўчыну, то хутчэй за ўсё мы бы ніколі не паладзілі. Але мы паладзілі. Ўорэн быў хлопец добрай душы, і ён цягаў напасы як салдат — нашы адносіны былі заснаваны вакол гэтых нематэрыяльных момантаў кайфовага сяброўства, калі мы размаўлялі… ці кшталту таго. І калі размова станавілася крыху тугой, мы заўсёды маглі стымуляваць яе штучна — хапку перад сняданкам, некалькі ў абед, джойнт пасьля вячэры. Я стаў курыць меней пасьля таго, як аднойчы ранкам на занятках кітайскай мовы я вырубіўся, а калі ачухаўся, то ўсе навокал размаўлялі на кантонскай. У мяне пачалася моцная паніка, я падумаў што накурыўся так сільна, што страціў здольнасьць разумець маўленьне.

Трысія

Я жыла на ніжнім паверсе, на тэрасе. На верхнім паверсе жылі два хлопца. Увесь час я чула нейкае шкрабаньне. Яно вяло мяне да вар’яцтва, і тады я ўзяла аднаго з хлопцаў разам з сабою на вуліцу, паглядзець і пашукаць, што гэта такое і дзе яно. Мы шукалі паўсюль навокал, але ніяк не маглі знайсьці. Шкрабаньне працягвался. Шкраб-шкраб-шкраб. А потым, аднойчы, замест таго, каб пайсьці на вуліцу, мы выпадкова паглядзелі з акна на верхнім паверсе і ўбачылі суседзкага хлопчыка, мы называлі яго Шкадлівы Дэвід. Ён ва ўсю шкрабаў палкаю ў сьцяне. Хацеў зрабіць дзірку ў мой пакой, каб убачыць мяне голай.

У тыя дні параноя была часткаю кожнага майго дня. Куінслэнд меў жудасныя наркатычныя законы ў той час. Да і дагэтуль мае. Аднойчы я іду дамоў, выходжу з-за рога на нашу вуліцу і бачу, што дзьве паліцэйскія машыны павярнулі да нашага дома, сінія агеньчыкі міргаюць у начы. Я схаваўся ў кустах ля дарогі і чакаў, пакуль копы правядуць маіх флэтмэйтаў з хаты да заключэньня ў нейкім гулаге. Але копы зьехалі празь пятнаццаць хвілінаў. Адны. Калі я знайшоў сьмеласьць і пракраўся дахаты, то там ўсё было ў дыму як звычайна, але нікога не было дома. Аказалася, што ўся банда пайшла за піцай. Мы так і ня ведаем, што тут рабілі тыя копы. Уорэн зрабіў здагадку, што яны маглі пралізнуць праз шчыліну ў тканіне Сусьвету, з альтэрнатыўнай рэальнасьці, дзе нас сапраўды схапілі. Але ж ён быў на шэсьць напасаў па-за рысаю ў той час. Хутчэй за ўсё, копы прыехалі ў адказ на нейкую скаргу на шум. Бульвар меў жыхара-трубача, які не хацеў здавацца. І віетнамскіх студэнтаў, якія пелі разам пад касэту Алівіі Ньютан-Джон кожны дзень а сёмай гадзіне ўвечары.

Гэта было амаль ў той час, калі Ўорэн і Мэл зьнішчылі мой кававы столік, зьехалі і абраліся шлюбам. Я і Том апрануліся на прыём ў карычневыя смокінгі з шырокімі лацканамі. Эндзі, студэнт медыцынскага, заняў іх мейсца, і вы ўжо ведаеце большасьць з таго, што можна пра яго ведаць. Акрамя таго факта, што ягоная матка мела звычку пракрадацца ў кватэру, калі ён адсутнічаў, каб прыбрацца. Я падлавіў яе аднойчы. Вярнуўся дамоў ад бацькоў на дзень раней. Бачу, што ўваходная дзьвер шырока адчынена. Чую гукі пыласоса ўнутры кватэры. Ні Тома, ні Эндзі не магло быць дома ў гэты час. І мы ня мелі пыласоса. Рабаўнікі? Падчышчаюць за сабою, прыбірая сьляды? Я ўвайшоў на цыпачках і ўбачыў, што матка Эндзі прыбралася ўва ўсёй кватэры, у тым ліку ў маім пакоі. Я не быў упэўнены, што ўхваляю гэта. Але гэта больш не паўтаралася. Безуважлівасьць панавала ў іх сям’і. Сястра Эндзі неяк разбурыла будынак запраўкі — заехала там у кафэ, на машыне, літаральна, не выходзячы з машыны. Эндзі прыйшлося пераехаць да бацькоў і дапамагчы заплаціць за пашкоджаньні. (Яшчэ маленькая нататка пра яго. Ён ажаніўся на адной з тых трох дзяўчын — на той, што прыйшла да нас з чамаданамі і з вязаным швэдрам. Яна працавала медсястрой. Яны разышліся празь некалькі гадоў, і абое папрасілі пераводу, каб быць як мага далей адзін ад адной. Абоіх адправілі на Какосавыя астравы).

Замяніў медстудэнта Эндзі банкаўскі клерк Дэрэк. Свой намёт ён пабудаваў пазьней, у іншым месцы — у гэтай кватэры ў яго быў свой пакой. Ён быў маленькі сьмешны хлопча. Хадзіў у туалет па восем-дзевяць раз за ноч. Лічыў гэта нармальным. Дзівіўся, чаму гэта ён ніколі не сутыкаецца ноччу ні з кім з нас, як гэта было дома з чальцамі сям’і. У той час у Дэрэка не было шмат у жыцьці. Пасьля васьмі гадзін працы ў банку ён прыходзіў дамоў і разлядаў сваю калекцыю рэклямных брашур розных падарожжаў. Ён чытаў іх так, як большасьць людзей глядзіць ТБ. Усе яго грошы ашчаджаліся для падарожжа, у якое ён адпраўляўся пад канец года, і ўся яго энэргія ішла на плянаваньне гэтага падарожжа ў драбнюткіх дэталях. Такім чынам, нават з Дэрэкам, у хаце не было лішку грошай. Мы выжывалі ад тыдня да тыдня. Было багата момантаў, калі рахункі нашмат перавышалі нашы прыбыткі. У адзін з тыдняў у нас было дваццаць даляраў на траіх, і мы купілі дзьве вялікія банкі кансэрваванай свініны SPAM, мех цыбулі і піва. Засмажылі кансэрвы і цыбулю, зрабіўшы зь іх нейкую такую агідную кашу, і набівалі ёй поўныя рты, бо былі вельмі галодныя. Я расьсьледваў чуткі, якія хадзілі пра кампанію штучнай фэртылізацыі — што яны плацяць дваццаць даляраў за здачу кнуры, але гэта не пацьвердзілася.

У сьнежні мы зьехалі з той кватэры. Банкаўскі клерк Дэрэк паляцеў на месяц у Японію. Я і Том пайшлі працаваць за мінімалку і жыць у бацькоў, каб захаваць 1000 даляраў, якую дазвалялася атрымаць перад тым, як дзяржава пазбаўляла нас тыднёвых стыпэндый на адукацыю ў памеры 37 даляраў, а таксама кампэнсацыі транспартных выдаткаў у памеры 2 даляры 10 цэнтаў штодзень. Кватэра, у якую мы пераехалі потым, у лютым, была двухпакаёўкаю. Адсюль — намёт Дэрэка ў гасьцёўні. Калі банк перавёў яго ў іншае места, ён спытаў мяне, ці магу я арганізаваць перавозку ягонай мініятурнай індыйскай вёскі. «Не праблема», — адказаў я і выкінуў яе на вуліцу з вышыні нашага трэцяга паверха праз гадзіну, як ён паехаў.

Паранойны варгеймер Мартын заняў месца банкаўскага клерка Дэрэка, але ўсяго на два тыдні. Мартын прапаноўваў пагуляць зь ім у варгеймы чатыры ці пяць раз у гадзіну, і з кожнаю адмоваю станавіўся ўсё болей панурым. 

Кіран

Неяк я жыла з параю хлопцаў і вельмі, вельмі дзіўнай жанчынаю. У яе была жорсткая інтрыжка з кіроўцам-дальнабойнікам, якая ўвесь час то перапынялася, то працягвалася. Яны напіваліся разам, і яна выбівала зь яго ўсё дзярмо. Прыкладала да яго ўсё, што было пад рукою. Табурэтка, малаток, да што заўгодна. Гэта адбывалася, вядома, паміж выпадковымі сувязямі на адну ноч. Сядзіш увечары, глядзіш нядзельную праграму па ТБ, і раптам Ліхавокі Зьвер (такую мянушку мы ёй прыдумалі) выпаўзае надвор, каб рыгануць зь веранды. Потым, празь дзесяць хвілінаў, яна выганяла ботам пад сраку апошняга хлопца, што быў у яе лапах — кожны раз гэта быў новы. Мы іх папярэджвалі, але яны ня слухалі. Увесь час званілі і прыходзілі з кветкамі.

Яшчэ ён быў сьвінтус. Том злавіў яго на месцы злачынства — ў гасьцёўні, адразу пасьля таго, як там прыбраліся. Раскідваў абгорткі ад цукерак і брудную бялізну прыкладна як раскідваюць угнаеньні на гародзе. Калі мы зрабілі намёк, што яму тут больш не рады, ён заявіў, што мы хацелі атруціць яго, як і папярэднія ягоныя суседзі. Мы сапраўды разглядалі варыянт атруціць яго, але ён быў нізкарослы і маленькі, таму мы вырашылі, што будзе прасьцей выгнаць яго за дзьвер, а ягоныя рэчы выкінуць з трэцяга паверха, каб дадаць іх да груды намётавай цьвілі.

Таксіст Тэйлар заняў вакантнае месца, калі Мартын сышоў. Гэта было прышпільна, мець свайго таксіста. Ён быў заўсёднік у адным стрыптыз-клюбе — гэта была сапраўдная пажарная пастка ў падвале, з патрэсканымі люстэркавымі шарамі і адной крыху згорбленай голай афіцыянткай, да якой Тэйлар заляцаўся з той парай-тройкай радкоў Шэкспіра, якія памятаў са школы. У гэтым месцы падавалі ежу, таму ён прывозіў нас туды а трэцяй гадзіне ночы, і там мы злоўжывалі тлустаю ежаю і гулялі ў відэагульні. Усё ў нас ішло гладка, пакуль уладальнік кватэры не завітаў да нас зь інспэкцыяй. Мы ведалі, што ён прыйдзе, і схавалі ўсе рэчы Тэйлара, бо тут мусіла быць толькі двое жыльцоў. Але ён аказаўся востравокім старым пнём, і калі ён ўбачыў тры пары абутку рознага памеру, акуратна выстаўленыя ў калідоры, то зразумеў, што тут адбываецца. Ён паставіўся да гэтага спакойна. Сказаў, што мы можам застацца, але нам прыйдзецца плаціць рэнту за траіх людзей. Мы ведалі, што гэтаму не бываць, таму мы загрузілі нашы рэчы ў машыну Тэйлара і разьехаліся па слаўных добрых найнадзейных прыстанках усіх карыстальнікаў арэнднага жыльля — па бацькоўскіх хатах.

Артэфакты сумеснага пражываньня: нумар першы

БРУНАТНАЯ КАНАПА

АААХ. АДПАЧЫНАК!

Паехаць у падарожжа туды, дзе ёсьць сьнег? Трошкі паплаваць вакол рыфаў? Ці, можа, пабываць на сапраўднай вясковай сядзібе?

Так, гэта ўсё файныя ідэі. Але ці думалі вы пра

Брунатную канапу?

Наша асобая чатырохмесная мадэль ідзе разам з падарункавым наборам падушак, старой газэтай і пультом для ТБ*.

Навошта марнаваць час і грошы, калі ўсё, што ты толькі хацеў ад выходных, даступна ў РАСКОШЫ і ВЫГОДЗЕ тваёй асабістай гасьцёўні?

БРУНАТНАЯ КАНАПА

ЛЕПШЫ ВЫБАР ПЕРАБОРЛІВЫХ

*тэлевізар купляецца асобна

Автор перевода: Maksim Shevekhman.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: