Галоўнае Грамадства

“Статус: адлічаны!” Гісторыі беларускіх студэнтаў, якія былі адлічаны з вузаў па палітычным матывам

Палітычная сітуацыя ў Беларусі распальваецца з кожным днём усё больш. Абурэнне беларускага народа расце, рэхам па краіне гучыць громкае і гордае: “Жыве Беларусь!”, гэта падхопліваюць тысячы галасоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І чым мацнее гнеўны голас народа, тым больш жорсткімі і цынічнымі робяцца меры ўлады, якая дрыжыць, але намагаецца ўтрымацца на сваім месцы.

Не так даўно, Аляксандр Лукашэнка выдаў загад: адлічыць з вузаў студэнтаў, якія прымалі ўдзел у мітынгах, пратэстах, акцыях салідарнасці.

«Кто вышел в нарушение закона на несанкционированную акцию, он лишается права быть студентом. Отправьте их, как я и говорил, кого в армию, а кого на улицу — пусть ходят по улицам. Но они должны быть отчислены из вуза».

Словы Лукашэнкі каштавалі месца ў вузе больш за 130 беларускім студэнтам, яны былі адлічаны за ўдзел у пратэстах, якія актыўна падтрымалі пасля невыканання Народнага ўльтыматуму ўладай. Нагадаем, апошні тэрмін ультыматуму, аб’яўлены Святланай Ціханоўскай, быў 26 кастычніка. Пасля гэтага студэнтаў, якія былі заўважаны на забастоўках адлічвалі.

Я вырашыла знайсці маладых людзей, якія ўбачылі сваё імя ў спісе адлічаных і пацікавіцца, як склаўся іх лёс пасля адлічэння, што ў планах далей. І ўвогуле расказаць пра неверагодную моладзь, якая не пабаялася выйсці на пратэст супраць нелегітымнай улады. У кожнага з іх свая асабістая гісторыя, пра іх немагчыма не расказаць.

Маргарыта:

«У загадзе значыцца: адлічана за сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнца. Аднак, на мой погляд, статуса студэнта я пазбавілася праз песні, плакаты на перапынках ва ўніверсітэце, дзе амаль пастаянна прымала ўдзел. Мы стаялі з шыльдамі «Усё забаронена», спявалі песні, збіраліся ў цэпі салідарнасці і сідзячую дэманстрацыю. Але ўсё вылілася спачатку ў вымовы, а потым — адлічэнне. Даведалася я пра гэта яшчэ да «уручэння» афіцыйнага загаду. Мне было брыдка ўставаць на пары ў 8.30 раніцы на наступны дзень… Бацькі… Мама з татам адрэагавалі прыблізна аднолькава: плакалі, крычалі, зараз супакоіліся. Увогуле, родныя падтрымліваюць погляды, але не ўчынкі. Калі пачынаеш удзельнічаць у акцыях, спачатку страшна. Але потым ты напаўняешся энергіяй ад людзей. Разумееш, што разам — вы сіла! Студэнтам, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі, жадаю: нічога не бойцеся! Адлічэнне з беларускіх вузаў дае магчымасць палепшыць сваё жыццё, нягледзячы на спробу ўлады яе сапсаваць!»

 Уладзіслаў:

«Мае погляды адносна ўлады пачалі мяняцца яшчэ задоўга да падзей 9 жніўня. Пачалося ўсё з Дабравольнай Дружыны (ДД), удзельнікам якой я быў да пары да часу. І як толькі выйшаў з гэтай арганізацыі, адразу наваліліся праблемы. У выніку, я не змог пераздаць і ліквідаваць сесію (з лёгкай рукі настаўнікаў, якія не вызначылі дакладных тэрмінаў пераздачы), за што і быў адлічаны з вуза. Канешне, на самой справе ўсе мы разумеем, чым я не дагадзіў дзяржаве. Пачынаючы са жніўня месяца, актыўна прымаў удзел у пратэстах, мітынгах, акцыях салідарнасці. Хутчэй за ўсё, пра гэта даведалася кіраўніцтва майго ўніверсітэта, альбо хтосьці данёс… У першыя дні пасля адлічэння была разгубленнасць: што рабіць далей? Цікава, што бацькі нават не ведаюць, што больш не з’яўляюся студэнтам беларускага вуза. Зараз у планах — перавод у замежны ўніверсітэт, спадзяюся, пачнецца новы этап жыцця, бо прачынацца кожны дзень тут, чытаць навіны, што кагосьці збілі, забілі, затрымалі, пасадзілі — сапраўдная невытрымная пакута! Ну а тым студэнтам, хто апынуўся ў падобнай сітуацыі хачу пажадаць: сабрацца з думкамі, нейкі час пабыць сам-насам, пераасэнсаваць жыццё, і галоўнае — не нарабіць глупстваў!»

Дана:

«Я трапіла на адлічэнне ў дзень свайго вызвалення з ІЧУ Жодзіна. Была затрымана 26 кастрычніка, вызвалена 27-га і праз 2 дня выходзіць загад 27-ым лікам аб маім адлічэнні «за сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнца». У жніўні і на пачатку верасня я не адчувала страху: у той час затрыманняў днём не было, толькі вечарамі, а на начныя акцыі я не выходзіла, занадта шмат рызыкі. Тады акцыі па нядзелях былі святам і добрым баўленнем часу з новымі сябрамі-аднадумцамі. Пазней пачаліся перыядычныя «даганялкі» з сілавікамі і, вядома ж, гэта не прыносіла мне кайфу, але я адчувала моц натоўпу і працягвала выходзіць. Нават ва ўніверсітэце, я адчувала сябе моцнай у асяроддзі сяброў. З кожнай акцыяй страх напальваўся, дрыжаў голас, рукі, але ўсё роўна працягвала, іншыя  падбадзёрвалі, мы сталі сапраўднай камандай. Было дзіўна, як улада шалее з такіх простых маніпуляцый. Але пры гэтым, я ўсведамляла, што могуць затрымаць, адлічыць, у думках да гэтага рыхтавалася, разлічвала хады адступлення, не выходзіла на занадта адкрытыя прасторы, не насіла сімволіку, не кідалася на амбразуру, мне не хацелася быць «героем», я проста рабіла ўсё дзеля таго, каб сённяшнія дзеці не жылі пры гэтым рэжыме, каб ім потым не давялося перажыць тое, праз што прайшлі беларусы ў гэтым годзе, я адчувала свой уклад у гісторыя Бацькаўшчыны!… Ужо нават не памятаю, што менавіта мяне падштурхнула. Пачалося з мітынгу Ціханоўскай 31 ліпеня, я тады была ўражана колькасцю людзей, зразумела, што не я адна бачыла недахопы ўлады, але і астатнія тысячы людзей. Гэта было нібы выбух. Потым масавыя выхады 9-12 жніўня, колькасць беларусаў і іх смеласць здзіўляла і прыцягвала, хацелася быць часткай гэтага, душы паступова пераставала хапаць проста рэпостаў у інстаграме, яна пачала патрабаваць дзеянняў. Вядома ж, падштурхоўвалі нахабная самаўпэўненасць Лукашэнкі, яго 80%, неабгрунтаваная агрэсія, рэакцыі на пратэсты. Я разумела, што мы ціснем на балючае, таму трэба і далей выводзіць з раўнавагі сваёй масавасцю, прыцягваць увагу ўсяго свету і людзей ва ўладзе. Вельмі натхняла народная еднасць, з кожным разам ўпэўненасць у сваіх перакананнях мацнела… Ва ўніверсітэце быў ціск, але гэта былі выхаваўчыя размовы, незадаволеныя погляды. Маральны ціск, вядома ж, было ў ІЧУ і РУУС. Я не памятаю адкрытых пагроз у свой бок, хутчэй была лёгкая пагроза: ледзь што выклікаць АМАП, але яна была накіравана на ўсіх студэнтаў, а не асабіста на мяне… Студэнтам пажадала б падтрымкі ад родных і сям’і, яна зараз вельмі неабходна, а яшчэ памятаць: што б ні адбывалася ў краіне, думайце ў першую чаргу пра сябе і сваю бяспеку, тое, што вы перажылі — жах, вы маеце права не апраўдвацца, бо плакаць, крычаць, баяцца і не выходзіць на акцыі пасля ўсіх тых страшэнных падзей: затрыманняў, збіенняў, забойст — гэта нармальна».

Гісторыі розныя. Але яны аб’яднаны моцнай воляй духу, патрыятызмам, гонарам і пратэстам супраць цяперашняй улады, нават такая сур’ёзная мера як адлічэнне не зламіла моцны стрыжань маладых беларусаў. Дзякуй тым, хто адгукнуўся і падзяліўся сваімі уражлівымі гісторыямі. Мы будзем працягваць замагацца! Верым, можам, пераможам!

Аўтарка: Кацярына Медвідзь.

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

%d такие блоггеры, как: