Свабода ўзяла інтэрвію ў Аляксандра Базюкова — аднаго зь лідэраў беларускай філіі Фонду дапамогі так званай «Наваросіі», які валянтэрская супольнасьць InformNapalm падазрае ў перапраўцы прарасейскіх баевікоў у Беларусь.

Актывісты міжнароднай валянтэрскай групы InformNapalm, якая выяўляе сьляды расейскай вайсковай актыўнасьці за мяжой, апублікавалі на мінулым тыдні артыкул пад назвай «Выяўлены шлях перакіданьня прарасейскіх баевікоў у Беларусь». Там сьцьвярджаецца, што Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі дапамагае ня толькі мірным жыхарам Данбасу, але і так званым «апалчэнцам» — у тым ліку садзейнічае іх перапраўцы ў Беларусь і дастаўляе на Данбас баевікам вайсковую амуніцыю.

Фонд дапамогі «Наваросіі»: Масква і Менск

Сам фонд дапамогі «Наваросіі» знаходзіцца ў Маскве, афіцыйна ён займаецца дастаўкай адраснай гуманітарнай дапамогі на Данбас. Праўда, ва Ўкраіне шмат хто сумняецца, што ўсё абмяжоўваецца гуманітаркай — ёсьць меркаваньне, што фонд таксама пастаўляе баевікам зброю і амуніцыю. У інтэрнэце можна знайсьці шмат фатаздымкаў кіраўніка фонду Глеба Карнілава на Данбасе ў камуфляжы і са зброяй. Вядома таксама, што ў канцы 2014 году ён атрымаў кулявое раненьне ў жывот. Акрамя таго, Карнілаў у Расеі актыўна займаецца папулярызацыяй «Наваросіі» і апявае гераізм «апалчэнцаў».

Ніякай афіцыйнай рэгістрацыі Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі ня мае. Фактычна адзіная іх плятформа — гэта суполка «Ўкантакце» «Фонд Помощи Новороссии. Беларусь», у якой каля 500 падпісчыкаў. Як пазначана ў суполцы, яны ажыцьцяўляюць збор дапамогі для мірных жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР». Каардынуюць дзейнасьць беларускага філіялу мянчук Павал Альшэўскі і жыхар Гародні Аляксандар Базюкоў — працаваць яны пачалі зь лютага 2015 году.

Павал Альшэўскі нарадзіўся ў Сімфэропалі ў 1988 годзе. На сайце «Миротворец», дзе акумулюецца інфармацыя пра сэпаратыстаў, ён фігуруе як чалавек, які зьбірае і дастаўляе матэрыяльную дапамогу баевікам на Данбасе. Ягоны брат жыве ў Крыме і падчас анэксіі паўвострава Расеяй уваходзіў у так званую «крымскую самаабарону».

Аляксандар Базюкоў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Тальяці (Расея), прызываўся ў 1990 годзе ў армію, служыў ва ўнутраных войсках. Удзельнічаў у Першай чачэнскай вайне. Цяпер жыве ў Гародні, працуе ў аўтасэрвісе, адзін з арганізатараў мясцовага мотафэстывалю.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Базюкоў распавёў пра сваю дзейнасьць, абверг абвінавачаньні ў дапамозе баевікам, але некаторыя факты, апублікаваныя групай InformNapalm, усё ж пацьвердзіў.

«Гэта ў любым выпадку нашы людзі»

— Аляксандар, што сабой уяўляе Фонд дапамогі «Наваросіі» ў Беларусі?

— Фактычна гэта група валянтэраў. Некаторыя зь іх займаюцца перапраўкай грузаў (у тым ліку я), некаторыя займаюцца зьбіраньнем грузу.

— А як вы зьвязаныя з Фондам дапамогі «Наваросіі» ў Маскве?

— Ніяк не зьвязаныя. Мы проста патэлефанавалі Глебу Карнілаву, папрасілі дазволу выкарыстоўваць іх эмблему — ён не адмовіў. З тых часоў мы проста выкарыстоўваем іх эмблему.

— Як вы пачалі займацца гэтай дзейнасьцю?

— Ды вельмі проста. Убачылі ў інтэрнэце аб’яву, што шукаюць кіроўцу, які б пагадзіўся давезьці гуманітарны груз да Данецку. Я пагадзіўся давезьці яго на ўласным аўтамабілі. З гэтага ўсё і пачалося — так я пазнаёміўся з Паўлам Альшэўскім, ён мне распавёў пра саму ідэю, і мы вырашылі зь ім пачаць гэтым займацца.

— То бок вы так проста пагадзіліся ўзяць і асабіста паехаць у зону баявых дзеяньняў, каб даставіць гуманітарны груз?

— Па-першае, я мотападарожнік. Езджу далёка і шмат. Па-другое, гэта ж ня Сырыя і не Іран, гэтая вайна тычыцца нас наўпрост. Гэта ў любым выпадку нашы людзі.

«Расейскія памежнікі нас папярэдзілі, што ўсе зьвесткі пойдуць у наш камітэт»

— Калі вы хацелі проста дапамагчы людзям, то чаму вырашылі ўзяць назву з адназначнай палітычнай афарбоўкай? Чаму менавіта дапамогу «Наваросіі», а не Данбасу?

— Я расеец, і таму, напэўна, так усё і склалася. Мы думалі і праз Украіну паехаць, але не адважыліся. Не хацелі сустракацца з «Правым сэктарам». А ехаць праз тэрыторыю Расеі — там жа абсалютна ніякіх праблем.

— І ў вас не было праблем, калі вы першы раз заяжджалі на тэрыторыю, падкантрольную «ДНР»?

— Расейскія памежнікі нас адразу папярэдзілі, што ўсе дадзеныя пра нас (ну, што мы заяжджаем на тэрыторыю Данецкай вобласьці з боку Расеі) пойдуць у наш Камітэт (дзяржаўнай бясьпекі. — РС). Пасьля гэтага Альшэўскі сазваніўся з хлопцамі, якія абяцалі нас сустрэць (а ён зь імі дзесьці ў інтэрнэце пазнаёміўся) і праводзіць да Данецку. Гэтыя людзі прыехалі пад КП (кантрольны пункт. — РС) і сустрэлі нас.

— А ў КДБ на размовы вас потым не выклікалі?

— Гутаркі былі і ёсьць, але я б не хацеў пра гэта гаварыць. На ўсіх людзей, якія езьдзяць на той бок, заведзены тыя ці іншыя справы.

«У „ЛНР“ нас не пусьцілі і прамым тэкстам папрасілі хабар»

— Наколькі я разумею, вы працуеце толькі на тэрыторыі «ДНР», у «ЛНР» вы ня езьдзіце. Чаму?

— Былі неяк вялікія чэргі на мяжы, і я вырашыў паехаць праз «ЛНР». На іхні памежны пераход нас не пусьцілі. Не пусьцілі і прамым тэкстам папрасілі хабар. Калі б папрасілі грашыма, то яшчэ добра. А яны папрасілі 10-ю частку грузу аддаць ім. Я наагул стараюся не даваць хабару, а тут у такой сытуацыі, і яны ведалі, каму ідзе груз… Карацей, я адмовіўся і вярнуўся назад. А наагул людзям з «ЛНР» я дапамагаю, адзінае, што я не заяжджаю туды.

— Вы з Альшэўскім атрымлівалі падзячную грамату ад аднаго з кіраўнікоў «ДНР» Андрэя Пургіна. Што там была за гісторыя?

— Гэта мы атрымалі за дастаўку грузу ў Горлаўку. Горлаўку тады моцна абстрэльвалі, а ў нас было 16 пасылак, і хлопцы з аднаго падразьдзяленьня наважыліся дапамагчы. Мы туды паехалі, а ў той момант Горлаўку інспэктавалі лідэры «ДНР» — і Захарчанка, і Пургін, і іншыя. Нас прадставілі, нам падзякавалі. А калі прыехалі наступным разам, нас запрасілі на размову і ўручылі грамату.

— InformNapalm зьвярнуў увагу на ваш пост у сацсетках, дзе вы віншавалі зь юбілеем палявога камандзіра Ігара Безьлера (Беса) «ад усіх, хто пад яго началам ваяваў». Дык вы ваявалі разам?

— У мяне ёсьць сябар Валодзя Карташоў, які служыў пад кіраўніцтвам Безьлера і які мяне зь ім пазнаёміў. Калі я езьдзіў у Горлаўку, там якраз быў Безьлер. Так, я віншаваў. Але гэта ня значыць, што я служыў там. Я ні разу нідзе не ўжываў зброі, ня браў яе ў рукі.

— І ўсё ж якога кшталту дапамогу вы аказваеце?

— Прадукты харчаваньня. Рэчы, сродкі гігіены. Часам будматэрыялы, калі людзі просяць, але невялікія, я ж вязу на ўласным аўтамабілі — у мяне джып. Нам жа ніхто з транспартам не дапамагае — я важу толькі на ўласнай машыне з прычэпам.

— Дык гэта выключна адрасная дапамога?

— Не абавязкова. Ёсьць адрасныя пасылкі — ну, напрыклад, людзі, якія прыехалі сюды ад вайны, яны зьбіраюць пасылкі для сваякоў і адпраўляюць праз нас. Ну, і нашы дзяўчаткі шукаюць, хто мае патрэбу, па інтэрнэце, і зыходзячы з гэтага складаем маршрут. Ёсьць канкрэтныя пасёлкі ў раёне перадавой, ёсьць маленькія дзіцячыя дамы на пэрыфэрыі, куды ўлада нават не зазірае.

У Беларусі больш ляяльна ставяцца да былых баевікоў

— Вы кажаце, што дапамагаеце выключна мірным жыхарам Данбасу. Але ў лютым 2015 году ў вас у суполцы «Ўкантакце» быў пост, што для «воінаў на перадавой» ідзе збор амуніцыі, у тым ліку бінокляў, аптычных прыцэлаў для вінтовак і аўтаматаў, вайсковай формы. Значыць, дапамагалі вы яшчэ і «апалчэнцам»?

— Не, я магу гарантаваць, што за ўвесь час толькі адна адрасная пасылка была дастаўлена «апалчэнцам» — у ёй былі мэдыкамэнты. Чалавек ляжаў у шпіталі тады з адарванай нагой, а сам ён беларус, і мама яму сабрала пасылку. Больш ні разу «апалчэнцам» мы не дапамагалі. Гэта прынцыповая ўмова была. Я сам служыў у арміі, я ледзь-ледзь засьпеў вайну, і я лічу, што людзі, якія пайшлі ваяваць, яны павінны адказваць за свае дзеяньні. А людзі, якія пакутуюць па віне людзей, якія ваююць, — гэта зусім іншае.

А што тычыцца таго паста… У нас у суполцы раней было вельмі шмат палявых камандзіраў — быў Валодзя Новікаў, камандзір падразьдзяленьня «Троя», быў камандзір брыгады «Пятнашка» «Абхаз». Магчыма, гэта каго-небудзь зь іх быў пост, і мы проста яго разьмясьцілі ў суполцы. Але гэта пэўна ня мой асабісты пост.

— InformNapalm таксама піша, што вы дапамагаеце перапраўляць баевікоў і зь Беларусі на Данбас, і з Данбасу ў Беларусь. Такое было?

— Там была адна сытуацыя зь Ігарам Калядой (21-гадовы баявік з гораду Тарэз. — РС). Я быў у Данецку, мне тэлефануе хлопец — маўляў, мяне выбухам аглушыла, я амаль інвалід, мяне трэба вывезьці. Я кажу — ніякіх праблем, давай. Я забраў яго, я забраў яшчэ дзьвюх дзяўчатак, якія хацелі зьехаць у Беларусь. Каляду выгрузіў у Менску (яго сваякі сустрэлі), а дзяўчатак — адну ў Баранавічах, адну ў Салігорску. Я ж шмат сюды людзей прывёз, у іх тут або сваякі, або знаёмыя, або яны проста ўцякалі ад вайны, але нічога супрацьзаконнага я не зьдзяйсьняў. У людзей былі на руках пашпарты, а як яны далей тут жылі — гэтага я ўжо ня ведаю. Вось гэты Ігар Каляда аказаўся «апалчэнцам», але гэта быў адзіны «апалчэнец», каго я вывез у Беларусь. Туды з мужчын я вёз толькі аднаго музыку данецкага. А ў асноўным гэта жанчыны або сем’і — я іх перавозіў у той ці іншы бок і не хаваю гэтага.

— Наагул кажуць, што ў Беларусь шмат прыяжджае былых баевікоў…

— Прыяжджаюць, вядома. Вельмі шмат. Гэта на самой справе. Людзі ішлі ваяваць за ідэю, а потым расчараваліся ў гэтай ідэі. Заставацца на тэрыторыі Данецку — не з рукі. Жыць у Расеі — праблематычна. Вось і зьяжджаюць у Беларусь — у Беларусі больш ляяльна да іх ставяцца, напэўна.

«Беларусы ня надта імкнуцца дапамагчы»

— А колькі ўсяго актывістаў бярэ ўдзел у працы фонду ў Беларусі?

— У нас у Беларусі ёсьць 10 дзяўчатак у розных гарадах і нас двое — я і Альшэўскі. Гэта значыць, усяго 12.

— А зь якімі цяжкасьцямі вы сутыкаецеся ў сваёй працы?

— Фінансавыя цяжкасьці самыя складаныя. Мы ж зьбіраем грошы, хто колькі зможа, і, як правіла, грошай не хапае.

— А грошы вы зьбіраеце ўласнымі сіламі ці хтосьці ахвяруе сродкі з боку?

— Бывае, што і з боку. У нас быў раней спонсар. Ня буду называць яго імя, але дапамог ён нам вельмі моцна з красавіка па ліпень мінулага году — ён 4 ходкі нашы цалкам праспансіраваў. Сам ён адтуль родам, але жыве і працуе ў Беларусі ўжо даўно. А так у асноўным гэта тое, што мы самі знаходзім, плюс дапамагаюць людзі з Расеі. Беларусы так ня надта імкнуцца дапамагчы.

— Я бачыў вашы пасты ў сацсетках — вы распавядалі там, што быццам зазнавалі «нападкі нацыяналістаў». Пра што ідзе гаворка?

— Ну як… Невядомыя мне білі шкло ў машыне пад домам, запіскі пад дворнікамі пакідалі, мне пагражалі ў інтэрнэце. Хоць наўпрост да мяне ніхто не прыяжджаў.

А ў мяне ж у машыне пад лабавым шклом сьцяжкі: адзін — «ДНР», другі — эмблема брыгады «Пятнашка». Я ж не хаваю сваіх поглядаў. Я расеец і прытрымліваюся больш Расеі, чым Захаду, хоць у Захадзе мне таксама шмат што падабаецца.

— Як вы ўсё ж лічыце, хто вінаваты ў гэтай вайне?

— Вінаватыя тыя людзі, якія ўзялі ў рукі зброю. Але канкрэтна сказаць не магу. Вы ж разумееце, што калі я расеец і езджу я з таго боку, то я па ўсіх сваіх паняцьцях павінен вінаваціць украінцаў і Парашэнку. Але я гэтага не скажу. На самой справе, калі на пачатку вайны я глядзеў на гэта з аднаго боку, то цяпер… Па лёгіцы, менавіта тыя людзі, у каго ў руках зброя, яны і вінаватыя. Карацей, сапраўды ня ведаю… Гэта складанае пытаньне.

Ведаеце, я неяк вывозіў сям’ю, якая жыве на ўкраінскім баку. Але воляю лёсаў — у іх там два дарослыя хлопцы, якіх павінны былі забраць у войска — яны прабраліся на тэрыторыю «ДНР». Яны прайшлі праз МДБ, іх адпусьцілі, і вось яны папрасілі іх вывезьці ў Беларусь — то бок жонка і муж, і двое хлопцаў. І вось я іх вёз да нейкіх сваякоў пад Менскам. І я вам скажу, што ў іх зусім іншы погляд на тое, што адбываецца, яны, наадварот, кажуць, як дрэнна на баку «ДНР»… Таму я кагосьці вінаваціць не магу.

Оставьте комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Популярные

Больше на The EHU Times

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше