16 лістапада ў Вільні прайшла прэзентацыя новай кнігі Віктара Марціновіча “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”. Мерапрыемства праходзіла ў Беларускім Доме правоў чалавека і сабрало каля 40 аматараў мастацтва. У дыскусіі прыняў удзел Сяргей Харэўскі, вядомы беларускі мастацтвазнаўца і рэцэнзент кнігі. Да абмеркавання ў якасці мадэратара далучыўся і Дзяніс Кучынскі, Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ.

Публіка сабралася вельмі разнамасная: імпрэзу наведала вялікая колькасць студэнтаў і калег Віктара Марціновіча, прысутнічалі таксама і журналісты. У аўдыторыі можна было заўважыць Стэфана Эрыксана, шведскага дыпламата і былога амбасадара Швецыі ў Беларусі.
“Парыж – ты мой другі Віцебск”, — гэтыя словы Марка Шагала ўзгадаў Дзяніс Кучынскі на пачатку сустрэчы. Усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр нядаўніх трагічных падзей у Парыжы, пасля чаго пачалося непасрэдна абмеркаванне кнігі.
Дзяніс Кучынскі выказаў думку, што нягледзячы на навуковы характар твору, ён будзе цікавы шырокай публіцы, бо аўтар выступае тут адначасова і як даследчык, і як пісьменнік. Ен адзначыў: “Я б назваў гэтую кнігу навуковым трактатам, прасякнутым глыбокімі асабістымі пачуццямі. <…> Яна не толькі пра Шагала, яна ўяўляе сабой канцэпт Віцебска, канцэпт Беларусі. <…> Гэта гісторыя – увасабленне драмы і прыклад таго, як з пакут нараджаецца вялікая любоў”.
Сяргей Харэўскі, калега Віктара Марціновіча, назваў кнігу “разбурэннем тых апокрыфаў і міфаў пра Марка Шагала, які дасюль пануюць у літаратуры ”. І нягледзячы на тое, што спачатку ён паставіўся да планаў наконт напісання кнігі з недаверам, пасля яе выхаду мастацтвазнаўца быў прыемна здзіўлены: “Здавалася б ужо столькі ўсяго напісана… Але беларусы, прабачце, як склеротыкі: што ні раніца, то навіна”. Вяртаючыся да творчасці Марка Шагала, Харэўскі асабліва падкрэсліў яго ролю ў стварэнні сучаснай школы выяўленчага мастацтва ў Беларусі і назваў кнігу пра яго “яшчэ адным крокам на Радзіму”.
Пасля бурных прывітальных воплескаў Віктар Марціновіч выказаў падзяку ўсім прысутным, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў у стварэнні і публікацыі кнігі. Насуперак сваёй звычцы не чытаць уласныя творы на публіцы, аўтар вырашыў падзяліцца з чытачамі невялікім тэкстам, які быў напісаны спецыяльна да рускага выдання твора і таму не друкаваўся ў прэзентаванай кнізе. Нагадаем, “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску” выйшла на рускай мове ў Выдавецкім доме ЕГУ пры непасрэднай дапамозе і фінансавай падтрымцы Студэнцкага Прадстаўніцтва ЕГУ. Сам Марціновіч ахарактаразаваў свой твор так: “Гэта сюжэт не пра адносіны мастака і ўлады, а пра адносіны мастака і Радзімы. <…> Слова ”Радзіма” падарыла Шагалу няшчасце, а нам Шагала”.
У далейшай дыскусіі абмяркоўваліся самыя вострыя пытанні, звязаныя з супярэчлівай асобай Марка Шагала, роляй малой радзімы ў яго жыцці і творчасці, а таксама закраналіся праблемы непрынятых грамадствам творцаў. Падчас размовы апынулася, што Віктар Марціновіч не адразу пачаў захапляцца творчасцю мастака, якому пасля прысвяціў 15 гадоў жыцця: “Калі мы размаўляем пра Шагала, мы адразу ўспамінам малюнкі з альбома. <…> Не выказвайцеся негатыўна пра Марка Шагала, пакуль не ўбачыце яго творы ўжывую, у масле”. Асабліва цікавіў публіку стан сучаснага беларускага мастацтва, якому не хапае падтрымкі, як грамадскай, так і матэрыяльнай. У кантэксце гэтай праблемы была ўзгадана і нядаўняя Нобелеўская лаўрыатка Святлана Алексеевіч, і чарговы “Асенні салон” у Мінску.

Вікторыя Андруковіч, дызайнер СП ЕГУ, якая прымала непасрэдны ўдзел у стварэнні плакатаў і буклетаў да імпрэзы, дзеліцца сваімі ўражаннямі:
“Асабліва было цікава паслухаць пра шляхі развіцця беларускага мастацтва, новыя ідэі і старыя праблемы ў ім. Творчасцю Марціновіча цікаўлюся ўжо даўно і сапраўды захапляюся яго літаратурным стылям”.
Дар’я Вераціла, першакурсніца ЕГУ, прызнаецца:
“Мне было цікава прыйсці на прэзентацыю перад прачытаннем твора, бо я хацела зразумець, што хацелі сказаць кнігай, што ёй у выніку сказалі і што пра яе насамрэч думаюць”.
Студэнтка 4 курса Люся Нікіценка дадае:
“Шмат чаго чула пра аўтара і яго творчасць, але чытала пакуль толькі яго публіцыстыку, таму і вырашыла наведаць прэзентацыю. Кнігу набываць не збіралася, але пасля сустрэчы з літаратарам мне сапраўды захацелася пазнаёміцца з ёй бліжэй”.
На пытанне адной з чытачак, што яшчэ можна сказаць пра Марка Шагала пасля гэтай кнігі, Віктар Марціновіч адказаў: “Відавочна, шмат, але я больш нічога казаць не буду”. У завяршэнне прэзентацыі кожны ахвотны атрымаў магчымасць набыць кнігу з персанальным аўтографам ад аўтара.
Сафiя Саўчук