Галоўнае / Культура / Меркаванні / Універсітэт

Кінафестываль і цуды

Дваццаць сёмага сакавіка ў ЕГУ адбыўся студэнцкі кінафестываль, на які мне пашанцавала патрапіць і пра які мяне папрасілі напісаць што-небудзь як мага больш аб’ектыўнае. Але, як мне падаецца, увогуле немагчыма аб’ектыўна напісаць пра кінафестываль, гэта ж ня гонкі формулы адзін і не хімічны эксперымент: нельга сказаць, што дакладна адбылося і які рэзультат. Адбываецца нейкі цуд, невідавочны. Або не адбываецца. Так што я напішу суб’ектыўна, пра тое, як я гэтую падзею ўбачыў.

У мяне цуд адбыўся, вельмі нечакана. Я насамрэч думаю, што цуды – гэта не выключэньні з правілаў, ня штосьці супрацьлеглае паўсядзённасьці, звычайнасьці, а наадварот – цуды гэта якраз пацьвяржэньні нейкіх вельмі глыбокіх законаў і правілаў. Таму яны ніколі не бываюць выпадковымі. Але і прадказаць, адкуль і калі яны прыйдуць, нельга.

Мяне запрасіў Мікіта Лагуноў паглядзець рэтраспектыву фільмаў, якія робяць студэнты ЕГУ. Я прыехаў, падняўся наверх у трыста другую і вось тады я, шчыра кажучы, афігеў, таму што я разьлічваў, што людзей будзе каля дзесяці, максімум пятнаццаць. І думаў я так таму, што бываў раней на многіх даволі мерапрыемствах у нашым універсітэце, якія арганізоўваюць самі студэнты, там заўсёды няшмат чалавек. Але тут была цалкам забітая ўся верхняя аўдыторыя, ня буду прыдумляць нейкія лічбы, ня ведаю, колькі гэта было дакладна людзей, але куча. І вось гэта мяне неяк адразу вельмі натхніла. І нават, можна сказаць, гэта само па сабе трошку цуд. Таму што ў нашай студэнцкай супольнасьці, даволі соннай і атамізаванай, калі столькі народу прыйшло каб штосьці разам паглядзець – гэта нараджае надзею) І так, было яшчэ шэсьць чалавек выкладчыкаў, што таксама прыўкрасна.

Была адразу вельмі правільная атмасфера: трошку цёмна, таму што кінапрагляд, кава-гарбата, а яшчэ зь бібліятэкі прыцягнулі сінія і зялёныя пуфікі, ці як гэта называецца. А, бескаркасныя крэслы.

 З самага пачатку Мікіта і Альміра Рыфаўна сказалі пару словаў пра тое, што адбудзецца, і вось тады я зразумеў, што гэта ня проста выпадковы паказ, а цэлы фестываль, які праходзіць пяты раз. Раней чамусьці гэта мяне абмінала і я пра яго ня ведаў. Ну а потым сталі глядзець самі фільмы.

6

Напэўна, неабавязкова зараз пераказваць, пра што і які быў чый фільм, тым больш, што амаль усё можна паглядзець на ютубе самастойна. Фільмы самыя розныя, з самым розным зьместам і формаю. Але ў мяне падчас прагляду ў нейкі момант паўстала адна думка, а потым яна разьвілася далей, і я падумаў вось пра што. Відаць, усе ў тым ці іншым кантэксьце чулі фразу вялікага канадскага сьвятога Маршала Маклюэна “Medium is the message”, “Сродак ёсьць паведамленьне”. Зь яе можна выцягнуць ня меней сэнсаў, чым з янавага “І Слова было Бог”, яна амаль такая ж шматзначная і глыбокая. І, сярод усяго іншага, яна значыць, што тое, як ты пра штосьці кажаш, ня меней значна, чым тое, што ты кажаш. Ці, як у нашым выпадку, паказваеш. І тое, як гэта адбываецца, узьдзейнічае ня меней, чым сам зьмест.

Таму я б мог доўга распавядаць пра самі фільмы, але тое, што мяне найболей уразіла – гэта нават не яны. Гэта было само сузіраньне, сама прысутнасьць разам многіх людзей, якім важна ўбачыць тое, што рабілі іх сябры ці нават незнаёмыя ім людзі, якім хацелася падзяліць з аўтарамі і з іншымі гледачамі гэтае кіно. Здавалася б, наколькі нязначнае дзеяньне – разам пасядзець у адной аўдыторыі і паглядзець відэа з праектара, але яно ўключае ў сябе вельмі многае. Гэта значыць, што мы глядзім разам і глядзім усё, мы самыя розныя, у тым ліку ня вельмі цікавыя і нават непрыемныя для нас рэчы згаджаемся разам прайсьці. Калі б я проста адкрыў сьпіс з усімі гэтымі фільмамі дома з экрана наўтбука, я б некаторыя спыніў пасярэдзіне, некаторыя б, магчыма, ня стаў адкрываць, а некаторыя б захаваў сабе, пераглядаў сам і паказваў бы іншым (што я і зрабіў). Але б ня выйшаў са сваёй зоны камфорту і, магчыма, ні з чым бы не сустрэўся.

А фармат сустрэчы дазваляе ўбачыць іншых і сябе зразумець. Мне гэта нагадала, як у маім ліцэі, дзе я вучыўся да ЕГУ, адна цудоўная выкладчыца зьбірала ўсіх тых, хто пісалі вершы і рабіла сустрэчы, дзе людзі па крузе чыталі свае тэксты. Я не пісаў і не чытаў, я проста іх слухаў, там было некалькі маіх сяброў. Вершы, як можна ўявіць, ня ўсе добрыя, некаторыя чыста графаманскія. Але гэта ў тым выпадку было ня важна, бо сам гэты абсалютна бескарысьлівы, антырацыянальны абмен з іншымі – гэта і было самае галоўнае.

Адным з цудаў той падзеі было тое, што, як і заўсёды ў падобных выпадках, зьмянілася структура часу. З аднаго боку, гэта ўсё разам было і доўга, амаль тры гадзіны, але і нядоўга, амаль незаўважна. За ўвесь гэты доўгі час амаль ніхто не сышоў, усе тыя, хто прыйшлі да пачатку, даглядзелі ўсё да канца. І самае галоўнае, што пра час увогуле перастаеш думаць. Кіно, нават нашае недасканалае студэнцкае кіно, мае ўласьцівасьць расьцягваць ці сьціскаць час, пераводзіць яго ў іншы стан. Найбольш моцна я гэта перажыў тады, калі глядзеў фільм Сашы Лазаранкі, у якім яна зьняла свайго маленькага-маленькага брата. Атрымліваецца, што мы два дні, ад раніцы першага да ночы другога, за ўсім назіраем праз вочы дзіцёнка, якому менш за год. І тут працуюць два фактары. Па-першае, у дзяцінстве ўсе ўспрымаюць час ня так, як пазьней, прынамсі, ніхто нікуды не сьпяшаецца. А, па-другое, гэта яшчэ і кіно, якое дазваляе паказаць меней за гадзіну цэлы дзень, ці тыдзень, ці год. І вось тады, на гэтым фільме, я канчаткова згубіў час і вельмі зьдзіўвіўся, калі пазьней убачыў, якая ў яго працягласьць. Аказваецца, усяго 15 хвілін, а я думаў што як мінімум паўгадзіны. (Да, я спецыяльна распавядаю толькі пра гэты фільм, таму што яго нельга ўбачыць на ютубе, трэба ж неяк заінтрыгаваць).

Час робіцца не рацыянальным, не спланаваным, а гнуткім, яго можа рабіцца больш і менш. Напрыклад, цалкам па-за планам і праграмай выступілі выкладчыкі ЕГУ Артурас Букаўскас і Мойра О’Кіфі, якія сталі паказваць фільмы сваіх вучняў, і паказвалі-паказвалі-паказвалі вельмі доўга. Можна было б задацца пытаньнем, навошта мне глядзець пра ганчара, які круціць гаршкі дзесьці ў Амерыцы і пра актывістаў, якія змагаюцца за тое, каб аднавіць закінуты парк атракцыёнаў. І пра сіняга кіта, які ляціць да цэнтра зямлі. Але на тое гэта і мастацкі фестываль, каб такія пытаньні адпадалі. Так, у гэтым няма ніякай рацыянальнай прычыны і ня трэба. (Пра гэтыя фільмы я таксама распавядаю таму, што іх нельга ўбачыць на ютубе).

Было ў канцы нават галасаваньне за лепшыя фільмы.

Перамог “Дагератып” І. Ластоўскай у мастацкіх фільмах, серыя пра менскі заапарк Б. Пашкевіч у анімацыі і даклад-прэзентацыя М. Лагунова і В. Варанчыхіна пра фармальны аналіз выявы ў катэгорыі “Вучэбныя праекты”. Усім падаравалі кніжкі і паапладыравалі. Але, дзякуй Богу, гэты фестываль ня быў спаборніцтвам і конкурсам. Ён быў цудам, маленькім і звычайным. Але цудам, таму дзякуй.

Это слайд-шоу требует JavaScript.

P.S. Паглядзець фільмы з Рэтраспектывы можна па спасылцы: https://www.youtube.com/channel/UCRTR4—YD5vSKi2SixgaCgQ/playlists 


строАндрэй Строцаў

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s