Знакаміты беларускі праваабаронца прэзентаваў у ЕГУ сборнік эсэ, якія былі напісаныя ў перыяд адбыцця пакарання.
«Зборнік утрымлівае эсэ, якія я пісаў, пакуль знаходзіўся за кратамі. Натуральна, у турме няма лаптопаў і мабільнікаў, як і няма шмат вольнага часу. Я пісаў у асноўным пасля працы альбо да працы. У дзень выходзіла палтары або дзве гадзіны, каб нешта напісаць. Пісаў хутка. Таму ў кнізе ёсць невялічкія памылачкі, недарэчнасці — усё гэтае я наўмысна не выпраўляў, каб захаваць гісторыю: захаваць тэкст у першапачатковым яго выглядзе» — кажа Алесь.

Праца над «Халодным крылом Радзімы» не была лёгкай. Алесь Бяляцкі пасылаў свае эсэ калегам на волю праз турэмную пошту, якая, натуральна, перачытвалася цэнзарамі. Нельга было нічога казаць пра ўмовы ў калоніі, нельга было ўзгадваць кіруючыя колы ўлады. Некаторыя з лістоў праваабаронцы трапілі пад цэнзуру. Напрыклад, Алесю Бяляцкаму вярнулі ліст, у якім ён распавядаў пра тое, як у сталовай калоніі пасяліўся ястраб. Вярнулі, бо птушка ў сталовай як бы намякае на антысанітарыю ў турме. А казаць пра ўмовы ў калоніі нельга. Але, як кажа сам аўтар, колькасць лістоў, якія адхіліла цэнзура, не была вялікай.
«Я пісаў лісты таму, што меў патрэбу пісаць. Калі ты ўвесь час робіш нейкую манатонную працу, трэба неяк падтрымліваць у сабе творчасць. Акрамя таго, мае сябры цераз лісты маглі вызначаць, што я ў парадку ў сэнсе псіхалагічнага стану» — распавёў аўтар.

«Халоднае крыло Радзімы» Алеся Бяляцкага выйшла ў Вільні накладам 1000 асобнікаў. Раней кніга была прэзентавана ў Мінску.







Оставить комментарий