Мы бярэм іх кнігі ў бібліятэцы і вывучаем іх творчасць на уроках літаратуры. Мы з павагай вымаўляем іх імёны і ўяўляем абранымі. Яны здаюцца незвычайнымі, а на самой справе гэта таксама простыя людзі са сваімі радасцямі і нягодамі.
Мне пашанцавала сустрэцца з сапраўдным беларускім паэтам, Генадзем Бураўкіным, і даведацца пра тое, чым жыве сучасны беларускі пісьменнік.
— Раскажыце, з чаго ўсё пачыналася. Калі Вы напісалі свой першы верш?
— Гэта было даўно. У класе пятым ці шостым. Я ў той час вельмі любіў слухаць і чытаць вершы. Аднойчы захацелася самому нешта паспрабаваць. Канешне, гэта не былі сапраўдныя творы. Але я дакладна памятаю свой першы ганарар. Я тады напісаў верш для сценгазеты. Настаўнікі папрасілі напісаць пра аднаго вучня, які не вельмі добра сябе паводзіў, вучыўся дрэнна… Я напісаў. І калі павесілі сценгазету, усе прачыталі гэты верш: і настаўнікі, і вучні. А калі мы ішлі да хаты са школы, то гэты хлопец і ягоныя сябры мяне пабілі. Вось, гэта быў мой першы ганарар. Надоўга запомніўся (смяецца).
— У той час Вы ўжо вырашылі стаць пісьменнікам? І, наогул, чаму асабіста пісьменнікам?
— Мабыць, мяне прыцягнула гэтае звучанне і шматзначнасць слова. Мне хочацца песні добрыя чуць, вершы добрыя чытаць і прозу. Мне гэта вельмі падабаецца. Падабаецца таму, што там ёсць не толькі інфармацыя і праўда пра жыццё, а ёсць яшчэ і музыка: музыка фразы, музыка слова. Так што, відаць, гэта мяне і прывабіла. А сапраўдным пісьменнікам я сябе адчуў значна пазней, калі я больш-менш зразумеў, што гэта не забаўка, гэта сур’ёзная работа. Паэт – гэта не той, хто нешта рыфмуе. Гэта той, хто ўкладвае ў свае творы вялікі сэнс, і людзі разумеюць яго, чакаюць і ўспрымаюць.
— Што натхняе Вас на напісанне вершаў?
— Заўсёды нешта прыходзіць ў галаву, калі нешта ўсхвалюе: ці то радасць, ці то нейкае гора. У такіх выпадках адразу словы складаюцца ў строкі. Атрымліваецца ці не – гэта ўжо іншая справа.
— А як Вашыя родныя ставіліся да вашых паэтычных здольнасцей?
— Не скажу, што яны былі вельмі шчаслівыя. Мае бацькі былі простыя вяскоўцы, сяляне. І для ніх паэзія, літаратура – гэта не нешта сур’ёзнае, так, забаўкі. Вось, хадзіць за плугам, касіць – гэта сур’ёзна. Але, канешне, калі бацькі ўбачылі, што, па-першае, у мяне нешта атрымліваецца, па-другое, што за маю творчасць мяне паважаюць, тады яны пачалі ставіцца больш добра. Я не скажу, што яны мяне ўважліва чыталі, але ім было прыемна.
— Ці былі ў Вас скаданасці пры выданні вершаў? Можа, перашкаджала цэнзура?
— Былі. І больш усяго скаданасцей з’явілася ў самы апошні час. Але справа ў тым, што цэнзура, у прынцыпе, заўсёды была, і я так адназначна не адкідаў бы яе. Я лічу, што сапраўды трэба цэнзураваць некаторыя непрыстойныя рэчы, якіх у нас у апошні час выходзіць дужа многа. Я, як вы заўважылі, чалавек ужо не малады, нават мужчына, але, чытаючы творы некаторых жанчын, мне становіца сорамна, бо я нават пасля чаркі такія словы не вырашыўся б ужываць, якія яны ўжываюць у сваіх творах. Таму я лічу, што павінна быць маральная цэнзура, бо духоўнасць – гэта тое, што трымае ў нас чалавечнасць і што адрознівае людзей ад звяроў. Не звярынае жыццё павінна ў людзей быць, а чалавечае.
Але ёсць і цэнзура іншага плану, калі некаторыя людзі, займеўшы нейкую ўладу хочаць, каб іх славілі, хочаць, каб пісалі толькі так, як яны прывыклі, як ім прыемна чуць. Гэта ўжо цэнзура больш складаная.
У мяне не было такіх вялікіх трагедый, сутычак з цэнзурай, але, нажаль, апошнім часам выдаваць вершы – гэта няпроста, бо для гэтага патрэбны грошы. А каб вы ведалі, ва ўсе часы паэты сярод творчых людзей былі аднымі з самых бедных. Мы вырашылі, што не будзем рабіць выключэнні, таму ў нас грошаў, нажаль, не хапае. А наконт так званых спонсараў… Мне здаецца нават, што некаторые ўжо развучыліся чытаць. Яны зараз больш лічаць купюры. Таму складанасці былі, складанасці ёсць. І таму мне з аднаго боку вельмі прыемна, што кніжкі мае хутка раскупаюць, а з другога боку, канешне, не вельмі прыемна, таму што іх магло быць значна больш.
— Вы займалі высокія пасады на розных працах: старшыня Дзяржтэлерадыё, прадстаўнік Беларусі ў ААН, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і інш. Якая з гэтых пасад выклікала ў Вас большую цікавасць?
— Кожная праца была асабліва цікава. І я шчыра аддаваў ёй свае здольнасці, душу і сэрца. Але найбольш памятаецца, калі я дванаццаць гадоў узначальваў Беларускае тэлебачанне і радыё і калі мы стварылі нацыянальную тэлевідыйную праграму, якую зараз, нажаль, вельмі нахабна знішчаюць. Ну і, канешне, добра памятаюцца чатыры гады, праведзеныя ў Нью-Йорку у якасці прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта быў не толькі высокі ўзровень і людзей, і працы, а таксама час, калі Беларусь рабілася самастойнай. І так склалася жыццё, што менавіта я стаў першым прадстаўніком суверэннай Беларусі ў ААН.
— Ці ёсць у вас любімыя творы на рускай ці замежных мовах?
— Безумоўна ёсць. Таму што жыць на зямлі і думаць, што ты на хутары і нічога табе больш не трэба – гэта не разумна, нават, не цывелізавана. Сярод паэтаў – гэта, безумоўна, Пушкін, Ясенін, Твардоўскі, Паўлычка. З больш-менш сучасных рускіх – гэта Вазнесенскі, Ахмадуліна. Ну і Байран, канешне, як жа без Байрана? Даволі многа яшчэ ў мяне любімых пісьменнікаў, але я ніколі не чытаў іх творы ў перакладзе, не гледзячы на тое, што мая мова вельмі прыгожая, і мне вельмі прыемна чытаць асабліва на беларускай мове. Каб адчуць тое, што хацеў рассказаць паэт, трэба чытаць яго твор ў арыгінале. Я нават прывяду такі прыклад. Калі прыязжаў Яўген Еўтушэнка сюды, мы з ім езділі ў Хатынь і па дарозе гаварылі пра паэтаў. Я назваў Пімена Панчанку, якога я вельмі люблю, і раптам Еўтушэнка мне кажа: “Ну что ты, Гена, брось. Это очень средний поэт”. Я вырашыў, што гэта такое маскоўскае верхаглядства. Але калі ён стаў чытаць Пімена Панчанку ў перакладзе на рускую мову, я сапраўды яго зразумеў. І тады я прачытаў яму на памяць адзін з вершаў Панчанкі па-беларуску. Еўтушэнка сказаў: “Ну так это же великий поэт!” Вось я пра тое, што, калі чытаеш у перакладзе такіх геніяў, сапраўды можаш не адчуць ўсёй прыгажосці. Нават, калі не ведаеш пра што гэты верш, але гэта цуд толькі па гучанні.
— Вы скончылі факультэт журналістыкі БДУ. А чаму Вы абралі менавіта гэты ВНУ і менавіта журналістыку?
— У той час не такі ўжо і вялікі выбар быў, да і БДУ лічыўся самым лепшым, таму пры выбары ВНУ асабліва пытанняў не ўзнікала. А журналістыка мне заўсёды падабалася, і яна была самай блізкай да літаратуры. Калі быў малады, вельмі хацеў прэтэндаваць на званне журналіста. Мне, здаецца, атрымалася.
Аляксандра Шабека,
абітурэнтка








Оставьте комментарий