Культура

Просты ці абраны: жыццёвы шлях Генадзя Бураўкіна

Мы бярэм іх кнігі ў бібліятэцы і вывучаем іх творчасць на уроках літаратуры. Мы з павагай вымаўляем іх імёны і ўяўляем абранымі. Яны здаюцца незвычайнымі, а на самой справе гэта таксама простыя людзі са сваімі радасцямі і нягодамі.

Мне пашанцавала сустрэцца з сапраўдным беларускім паэтам, Генадзем Бураўкіным, і даведацца пра тое, чым жыве сучасны беларускі пісьменнік.

Бураўкін 2

— Раскажыце, з чаго ўсё пачыналася. Калі Вы напісалі свой першы верш?

— Гэта было даўно. У класе пятым ці шостым. Я ў той час вельмі любіў слухаць і чытаць вершы. Аднойчы захацелася самому нешта паспрабаваць. Канешне, гэта не былі сапраўдныя творы. Але я дакладна памятаю свой першы ганарар. Я тады напісаў верш для сценгазеты. Настаўнікі папрасілі напісаць пра аднаго вучня, які не вельмі добра сябе паводзіў, вучыўся дрэнна… Я напісаў. І калі павесілі сценгазету, усе прачыталі гэты верш: і настаўнікі, і вучні. А калі мы ішлі да хаты са школы, то гэты хлопец і ягоныя сябры мяне пабілі. Вось, гэта быў мой першы ганарар. Надоўга запомніўся (смяецца).

— У той час Вы ўжо вырашылі стаць пісьменнікам? І, наогул, чаму асабіста пісьменнікам?

— Мабыць, мяне прыцягнула гэтае звучанне і шматзначнасць слова. Мне хочацца песні добрыя чуць, вершы добрыя чытаць і прозу. Мне гэта вельмі падабаецца. Падабаецца таму, што там ёсць не толькі інфармацыя і праўда пра жыццё, а ёсць яшчэ і музыка: музыка фразы, музыка слова. Так што, відаць, гэта мяне і прывабіла. А сапраўдным пісьменнікам я сябе адчуў значна пазней, калі я больш-менш зразумеў, што гэта не забаўка, гэта сур’ёзная работа. Паэт – гэта не той, хто нешта рыфмуе. Гэта той, хто ўкладвае ў свае творы вялікі сэнс, і людзі разумеюць яго, чакаюць і ўспрымаюць.

— Што натхняе Вас на напісанне вершаў?

— Заўсёды нешта прыходзіць ў галаву, калі нешта ўсхвалюе: ці то радасць, ці то нейкае гора. У такіх выпадках адразу словы складаюцца ў строкі. Атрымліваецца ці не – гэта ўжо іншая справа.

— А як Вашыя родныя ставіліся да вашых паэтычных здольнасцей?

— Не скажу, што яны былі вельмі шчаслівыя. Мае бацькі былі простыя вяскоўцы, сяляне. І для ніх паэзія, літаратура – гэта не нешта сур’ёзнае, так, забаўкі. Вось, хадзіць за плугам, касіць – гэта сур’ёзна. Але, канешне, калі бацькі ўбачылі, што, па-першае, у мяне нешта атрымліваецца, па-другое, што за маю творчасць мяне паважаюць, тады яны пачалі ставіцца больш добра. Я не скажу, што яны мяне ўважліва чыталі, але ім было прыемна.

— Ці былі ў Вас скаданасці пры выданні вершаў? Можа, перашкаджала цэнзура?

— Былі. І больш усяго скаданасцей з’явілася ў самы апошні час. Але справа ў тым, што цэнзура, у прынцыпе, заўсёды была, і я так адназначна не адкідаў бы яе. Я лічу, што сапраўды трэба цэнзураваць некаторыя непрыстойныя рэчы, якіх у нас у апошні час выходзіць дужа многа. Я, як вы заўважылі, чалавек ужо не малады, нават мужчына, але, чытаючы творы некаторых жанчын, мне становіца сорамна, бо я нават пасля чаркі такія словы не вырашыўся б ужываць, якія яны ўжываюць у сваіх творах. Таму я лічу, што павінна быць маральная цэнзура, бо духоўнасць – гэта тое, што трымае ў нас чалавечнасць і што адрознівае людзей ад звяроў. Не звярынае жыццё павінна ў людзей быць, а чалавечае.

Але ёсць і цэнзура іншага плану, калі некаторыя людзі, займеўшы нейкую ўладу хочаць, каб іх славілі, хочаць, каб пісалі толькі так, як яны прывыклі, як ім прыемна чуць. Гэта ўжо цэнзура больш складаная.

У  мяне не было такіх вялікіх трагедый, сутычак з цэнзурай, але, нажаль, апошнім часам выдаваць вершы – гэта няпроста, бо для гэтага патрэбны грошы. А каб вы ведалі, ва ўсе часы паэты сярод творчых людзей былі аднымі з самых бедных. Мы вырашылі, што не будзем рабіць выключэнні, таму ў нас грошаў, нажаль, не хапае. А наконт так званых спонсараў… Мне здаецца нават, што некаторые ўжо развучыліся чытаць. Яны зараз больш лічаць купюры. Таму складанасці былі, складанасці ёсць. І таму мне з аднаго боку вельмі прыемна, што кніжкі мае хутка раскупаюць, а з другога боку, канешне, не вельмі прыемна, таму што іх магло быць значна больш.

— Вы займалі высокія пасады на розных працах: старшыня Дзяржтэлерадыё, прадстаўнік Беларусі ў ААН, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і інш. Якая з гэтых пасад выклікала ў Вас большую цікавасць?

— Кожная праца была асабліва цікава. І я шчыра аддаваў ёй свае здольнасці, душу і сэрца. Але найбольш памятаецца, калі я дванаццаць гадоў узначальваў Беларускае тэлебачанне і радыё і калі мы стварылі нацыянальную тэлевідыйную праграму, якую зараз, нажаль, вельмі нахабна знішчаюць. Ну і, канешне, добра памятаюцца чатыры гады, праведзеныя ў Нью-Йорку у якасці прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта быў не толькі высокі ўзровень і людзей, і працы, а таксама час, калі Беларусь рабілася самастойнай. І так склалася жыццё, што менавіта я стаў першым прадстаўніком суверэннай Беларусі ў ААН.

— Ці ёсць у вас любімыя творы на рускай ці замежных мовах?

— Безумоўна ёсць. Таму што жыць на зямлі і думаць, што ты на хутары і нічога табе больш не трэба – гэта не разумна, нават, не цывелізавана. Сярод паэтаў – гэта, безумоўна, Пушкін, Ясенін, Твардоўскі, Паўлычка. З больш-менш сучасных рускіх – гэта Вазнесенскі, Ахмадуліна. Ну і Байран, канешне, як жа без Байрана? Даволі многа яшчэ ў мяне любімых пісьменнікаў, але я ніколі не чытаў іх творы ў перакладзе, не гледзячы на тое, што мая мова вельмі прыгожая, і мне вельмі прыемна чытаць асабліва на беларускай мове. Каб адчуць тое, што хацеў рассказаць паэт, трэба чытаць яго твор ў арыгінале. Я нават прывяду такі прыклад. Калі прыязжаў Яўген Еўтушэнка сюды, мы з ім езділі ў Хатынь і па дарозе гаварылі пра паэтаў. Я назваў Пімена Панчанку, якога я вельмі люблю, і раптам Еўтушэнка мне кажа: “Ну что ты, Гена, брось. Это очень средний поэт”. Я вырашыў, што гэта такое маскоўскае верхаглядства. Але калі ён стаў чытаць Пімена Панчанку ў перакладзе на рускую мову, я сапраўды яго зразумеў. І тады я прачытаў яму на памяць адзін з вершаў Панчанкі па-беларуску. Еўтушэнка сказаў: “Ну так это же великий поэт!” Вось я пра тое, што, калі чытаеш у перакладзе такіх геніяў, сапраўды можаш не адчуць ўсёй прыгажосці. Нават, калі не ведаеш пра што гэты верш, але гэта цуд толькі па гучанні.

— Вы скончылі факультэт журналістыкі БДУ. А чаму Вы абралі менавіта гэты ВНУ і менавіта журналістыку?

— У той час не такі ўжо і вялікі выбар быў, да і БДУ лічыўся самым лепшым, таму пры выбары ВНУ асабліва пытанняў не ўзнікала. А журналістыка мне заўсёды падабалася, і яна была самай блізкай да літаратуры. Калі быў малады, вельмі хацеў прэтэндаваць на званне журналіста. Мне, здаецца, атрымалася.

александра

Аляксандра Шабека,

абітурэнтка

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s