Так лічыць Алесь Адамковіч, беларус які жіве і працуе ў Вільні…

Наша інфармацыя:

Адамковіч Аляксандр Эдмундавіч, нарадзіўся 19.08.1977, в. Зорка Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (1999), факультэт славістыкі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта (2006), магістратуру гэтага ж ВНУ (2008). Працаваў галоўным захавальнікам фондаў, пасля навуковым супрацоўнікам у музеі мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча ў в. Германавічы, намеснікам галоўнага рэдактара літоўскай гістарычнай газеты „Voruta“, рэдактарам газеты „Trakų žemė”. Непрацяглы час супрацоўнічаў з польскай газетай “Nasz czas”, дзе быў адказны за беларускую старонку. З 2009 года выкладчык беларускай літаратуры на філалагічным факультэце Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі. Грамадская дзейнасць: сябра культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча (Рэспубліка Беларусь), сябра грамадскага аб’яднання “Vilniaus draugija” (Літоўская Рэспубліка), сябра рады Таварыства беларускай культуры ў Літве, намеснік старшыні Асацыяцыі беларусістаў Літвы, выконваючы абавязкі старшыні Культурна-асветніцкага цэнтра імя Якуба Коласа ў Вільні, сябра міжнароднага аб’яднання пісьменнікаў і журналістаў APIA (Лондан).

— Раскажыце, калі ласка, якім чынам сталася так, што ўжо 9 год Вы жывеце ў Вільні?

— Калі казаць увогуле пра планы пераезду, то гэта, хутчэй за ўсё, збег звычайных жыццёвых абставін, а магчыма і лёс. Прыехаўшы ў Вільню здаў дакументы на дзённае аддзяленне ў Віленскі педагагічны універсітэт на факультэт Славістыкі і быў залічаны на першы курс. Само сабой зразумела, што прыняў рашэнне ехаць у Вільню і навучацца. А потым пачаў працягваць навучанне: спачатку ў магістратуры гэтага ж універсітэта, пасля ў дактарантуры Інстытута літоўскай мовы. Вось так і застаўся тут.

— А ці можаце Вы параўнаць жыццё Вашых родных, якія засталіся ў Беларусі, з Вашым: як яны там жывуць, як Вы жывеце тут?

— Калі разважаць, то трэба параўнаць некалькі аспектаў, некалькі ўзроўняў. Адно: людзі жывуць у вёсцы, там атрымліваюць пенсію, ці маюць пэўны заробак, дзесьці працуючы, які, як правіла, невялікі. Але ў іх ёсць свая гаспадарка, якая прыносіць ім пэўныя прыбыткі.

Другое: калі пачаць жыць выключна на пенсію ці заробак, як гэта адбываецца ў гарадах, то людзі трапляюць у зусім іншыя ўмовы і маюць іншыя магчымасці.

Гэта дзве розныя вагавыя катэгорыі. Таму адназначна цяжка адказаць на гэтае пытанне. Усё залежыць ад таго, што і з чым параўноўваць.

У адных момантах у Літве лепш, у іншых – на Беларусі. Таму, як мне здаецца, калі ўжо казаць сапраўды пра быт, то вялікай розніцы няма. У бытавой сферы, я думаю, усё прыкладна 50 на 50.

Розніца будзе больш у палітычнай, грамадскай сферах. А што тычыцца моладзі, то нават складана параўноўваць. Ты адсюль можаш не толькі свабодна паехаць у любую краіну Еўропы, Злучаныя Штаты Амерыкі, але там і жыць, і працаваць – ні візаў, ні дазволаў не патрэбна. Тое ж самае тычыцца і навучання ў шматлікіх універсітэтах Еўропы. Гэта вялікае дасягненне літоўскай дэмакратыі.

А справа ў тым, што на пачатку 90-х Літва пайшла па іншаму шляху – па шляху збліжэння з Еўропай, а не з Расеяй, як гэта ў нас адбылося. Літва – нацыянальная дзяржава, у адрозненне ад Беларусі, дзе пануе антыбеларускі рэжым. Вынікі гэтага мы бачым нават на бытавым узроўні.

У Літве навучанне замежным мовам на зусім іншым узроўні. І выпускнік ужо сярэдняе школы, як правіла, адной замежнай мовай – пераважна гэта ангельская – валодае практычна свабодна. Гэта тое, чаго ў Беларусі, мне здаецца, яшчэ няма. Чытаць-пісаць навучаць і 10-15 фразаў галоўных: як зваць, колькі год… І ўсё. А мова ж дае магчымасці інтэграцыі ў еўрапейскае грамадства, еўрапейскую прастору. Калі ты прыязджаеш некуды працаваць ці вучыцца і не ведаеш мовы, ты, як правіла, станеш звычайным чорнарабочым. Будзеш працаваць грузчыкам на якім-небудзь складзе, альбо падмятаць вуліцы, бо на іншае ты не здольны.

— А што тычыцца палітычнага і грамадзкага жыцця ў нашых краінах?

— Паўторым, Літва – нацыянальная дзяржава. З гэтага ўсё сыходзіць. Беларусь – антыбеларуская, відаць, прарасейская…А што такое знішчэнне нацыянальнага? Я лічу, што звычайны чалавек – грамадзянін – пачынае адчуваць сябе другасортным. Калі мы жывем у нацыянальнай дзяржаве, усё круціцца вакол мяне: я жыву ў сваёй дзяржаве, гэта мая зямля, мая гісторыя, мая мова. Калі мы жывем у такой прарасейскай дзяржаве як Беларусь, то атрымліваецца, што з аднаго боку я беларус, як бы й нарадзіўся тут, і вырас, ды ў пашпарце напісана. Але мова – не беларуская. Гісторыя – не гэтай зямлі. Літаратура – чужая. Прыказкі, прымаўкі, песні – чужыя… Што там вывучаюць у школе і каго мы ведаем з беларускіх пісьменнікаў? Практычна нікога. Паглядзім, каго мы ведаем з беларускіх аўтараў: Купалу, Коласа, яшчэ, можа, Караткевіча, Быкава. На гэтым усе веды пра Беларусь заканчваюцца. З мастацтвам – тая ж сітуацыя. Мы ведаем Рэпіна, Шышкіна. Дзе-нідзе прагучыць прозвішча Шагала. І ўсё.

Беларускіх нацыянальных дзеячаў мы не ведаем. Мы ведаем рускіх. Мы ведаем рускую літаратуру: Дастаеўскага, Пушкіна, Талстога. Нават ужо тут, працуючы выкладчыкам беларускай літаратуры ў Віленскім педагагічным уіверсітэце, упэўніўся, што нават студэнты, якія абралі спецыяльнасць «Беларуская філалогія» і то беларускіх пісьменнікаў ведаюць мала. І ў выніку чалавек пачынае ўспрымаць Беларусь не як сваю дзяржаву. З аднаго боку я на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, але ў ёй нічога майго няма. Мае дзяды і прадзеды гаманілі на іншай мове, пісьменнікі, мастакі стваралі Беларусь як незалежную дзяржаву, а не як прыдатак Расеі, і я іх не ведаю, а ведаю іншых, навязваемых рускіх. Але ж яны не мае. І я ніхто на гэтай зямлі, другасортны, а мая краіна толькі прыдатак да так званай „вялікай рускай культуры і зямлі“. Таму вось гэта розныя ўмовы, з якіх, як я лічу, пачынаецца аснова ўсяго. Гэта прыводзіць да таго, што беларусы становяцца неактыўнымі, пачуваюць сябе непаўнавартаснымі, бо мая зямля не ўзгадавала вялікіх Пушкінаў з Дастаеўскімі, і паволі губляюць прагу да дзеяння і пачынаюць плыць па цячэню..

У гэтым заключаюцца розныя старты. Чалавек ад прыроды нараджаецца вольным. Гэта запісана ў дэкларацыі правоў чалавека. І вольны выбіраць сваё жыццё, і будаваць свой уласны лёс. Усё гэта мы бачым у Літве.

Што ж мы бачым ў Беларусі? Возьмем вёскі й вясковыя школы. Пасля заканчэння школы – двух вучняў трэба накіраваць у Горацкую сельгасакадэмію, двух вучняў яшчэ кудысці, трох, скажам, у Менск і г. д. Далей зноў жа ідзе размеркаванне: у калгас імя Леніна, якога-небудзь Заблудзішскага раёну, ці ў калгас, напрыклад, Чапаева. Чалавек не вольны. Гэтым яго пазбаўляюць ад права дзеяння, магчымасці нешта рабіць. Пачынаючы са школы, заканчваючы вышэйшай навучальнай установай. За яго ўсё зрабіла дзяржава. Яна яго кудысьці вяла, кудысьці накіроўвала. У выніку: чалавек губляе – можна нават сказаць – інстыкт свабоды.

Што ж адбываецца ў Літве? З аднаго боку, як і кажа прапаганда беларускага тэлебачання: «Тут усе пакінуты, тут ніхто нікому не патрэбен». Як бы й так, але мы бачым зусім супрацьлеглую сітуацыю.

Вучань скончыў школу. Ён нібы ікому не патрэбен. Але яго не прымушаюць ісці вучыцца ў селгасакадэмію. Ён сам выбірае куды: ці гэта Літва, ці гэта Еўропа. Скончыўшы там, ён зноў нікуды не накіраваны. Ён сам павінен знайсьці сабе недзе працу, чарговае месца ў сваім жыцці. І гэта прымушае да пэўных дзеянняў. Чалавек становіцца свабодным і вучыцца адстойваць свае правы: «Паколькі я нечага дабіўся, паколькі я праз нешта прайшоў, атрымаў ужо пэўны вопыт свабоды, вопыт свабодных дзеянняў, я сам магу распараджацца сваім лёсам. Не дзяржава вырашае, а я!».

Калі зноў жа параўноўваць розныя старты, розныя сістэмы, мы бачым, што для чалавека вось гэтая праруская дзяржава, не нацыянальная дзяржава, усё вызначыла. Яна цягне за ручку, але з іншага боку, чалавек губляе свабоду дзеянняў. Ён губляе інстынкт змагання за свае правы, губляе магчымасць знаходжання сваёй нішы ў грамадстве.

— Калі Вашыя бацькі з вёскі, то й Вы, атрымліваецца, адтуль паходзіце. Які ж шлях трэба прайсці вясковаму хлопцу, каб апынуцца тут?

— Я паходжу з Віцебшчыны, з заходняй Беларусі, якая да 1939 году была пад Польшчай. Гэта, дарэчы, мінус 20 год у Савецкім Саюзе, што дае пра сябе ведаць і адчуваецца нават сёння. Усё ж такі ментальнасць беларусаў з Заходняй і з Усходняй Беларусі розная. У Заходняй і больш гаспадароў, і больш мова захаваная. Гэта паўплывала. Але ў агульным, як я й казаў, было некалькі прыездаў у Вільню па розных праграмах на той час. Аднойчы зайшоў у Педагагічны універсітэт і даведаўся пра ўмовы ўступнай кампаніі, падаў дакументы. Адразу ў першым туры прайшоў. А раз прайшоў, нічога іншага не заставалася, як пераехаць сюды. Жыў, вучыўся, скончыў бакалаўра, пасля магістра, ну, і гэтак далей.

— А па якіх праграмах Вы сюды прыязджалі, з чым гэта было звязана?

— Я ўвесь час займаўся грамадскай дзейнасцю. Належыў да Культурнага асветніцкага цэнтра імя Драздовіча. З іншымі грамадскімі арганізацыямі супрацоўнічаў. З незалежным друкам. Тут рабіліся семінары па журналістыцы. І я на іх прыехаў.

— Атрымліваецца, што з пачатку свядомага жыцця Вы былі вольным чалавекам, які сам вырашаў, што яму рабіць, куды імкнуцца. Як Вы лічыце, ці шмат умоваў у Беларусі існуе для таго, каб дапамагчы чалавеку наноў авалодаць інстынктам свабоды.

— Трэба паглядзець на такі момант: школа, праз якую праходзіць моладзь, вельмі шмат што робіць. Мы ведаем знакамітае выслоўе Мураўёва, які казаў: «Што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа». Мы гэта цудоўна бачым у Беларусі, ды й тут, на Віленьшчыне. Таму гэты чыннік школы вельмі значны, калі не вызначальны. Да таго яшчэ тэлебачанне й прэса падкантрольныя дзяржаве.

— Мне здаецца, што ў апазыцыю трапляе вельмі маленькі адсотак моладзі. Гэта пры тым, што яна больш актыўная, чым людзі сталога пакалення, якія ведалі, што такое незалежнасць, што такое бел-чырвона-белы сцяг. Бо таксама гэта ўсё адбывалася на маёй памяці. Я памятаю развал імперыі Савецкі Саюз, памятую станаўленне незалежнасці, калі нашыя сімвалы і мова былі дзяржаўнымі.

А ў школе, калі мы былі малымі і Беларусь стала незалежнай, была такая размова паміж вучнямі:

— Як яна можа быць незалежнай? Як яна без Расеі?

—  Не пражыве.

Гэтая прапаганда сказвалася нават на маленькім чалавеку. Я нават сябе ўзгадваю. Прыйшоўшы чацверакласнікам да бабулі, пачаў аднойчы расказваць ёй, якія дрэнныя былі кулакі, а яна мне казала: «І дзед жа твой быў кулаком таксама. І ён быў таксама раскулачаны». І тады ў мяне адбыўся разлом свядомасці. Я сутыкнуўся з іншай рэальнасцю: «Мой та дзед не мог быць кепскім!»

Вось гэтая мана прыводзіць да таго, што чалавек становіцца не тое, што свабодным, але іншым. Ён ужо да канца не верыць у тое, што ёсць, што чуе ад агітатараў, што бачыць на тэлеэкране. Ён пачынае трошкі задумвацца. Але зноў жа сітуацыя тут 50 на 50: адзін далей працягне плыць у плыні, другі пачне змагацца з ёю, далучацца да тых жа самых грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць яму станавіцца асобай, станавіцца беларусам у не-беларускай дзяржаве.

— І апошняе пытанне. На ваш погляд, ці існуе ў Беларусі грамадская супольнасць?

— Сказаць, не існуе, гэта значыць, альбо свядома падманваць сябе і іншых, альбо не ведаць рэальнай сітуацыі. Мы бачым: людзі выходзяць на мітынгі. Шмат не шмат, але выходзяць. У нас што не было 19 снежня 2010 года? Хіба не грамадская супольнасць там сябе паказала?

— Мы бачылі маўклівыя акцыі пратэсту, мы бачылі «Стоп-бензін», мы бачым розныя перфомансы, надпісы на сценах; выдаюцца апазіцыйныя газеты, працуюць інтэрнэт-рэсурсы. Гэта сведчыць аб тым, што гэта робяць не адзін ці два чалавекі, а шматлікая грамадская супольнасць. Адны называюць сябе, іншыя працуюць таемна, гэта, відаць, залежыць ад таго, дзе чалавек працуе і якія ў яго ўмовы дла жыцця, і наколькі ён гатовы ахвяраваць сабою дзеля свабоды. Мы бачым пэўную актыўнасць свядомых грамадзян. Напрыклад, збор сродкаў для Барадуліна, для палітвязняў, Алеся Бяляцкага … І ва ўмовах вось гэтае дыктатуры, ўжо 18 год нешта робіцца, а гэта сведчыць пра тое, што грамадская супольнасць ёсць, жыве, і будзе жыць.

Кірыла Калбасьнікаў

Оставьте комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Популярные

Больше на The EHU Times

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше