Ці даводзілася вам некалі адчуць неверагоднае жаданне кінуць выклік таму парадку, у якім ты павінен існаваць? А калі даводзілася, ці рабілі вы так, як жадалі? Але такіх прыкладаў мы маем няшмат. Вось адзін з іх – гістрыя Максіма Чарняўскага, які быў залічаны на першы курс Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Сярод беларускай моладзі Максім больш вядомы як хлопец, які “перагуляў КДБ”. У чым была сутнасць гульні, як Максім апынуўся ў Вільні і што плануе рабіць далей — калі вам цікава даведацца адказы, чытайце інтэрв’ю ніжэй.

— Распавядзі нам пра сваю гісторыю: якім чынам ты апынуўся ў ЕГУ?

— Раней я вучыўся ў БДУ, на журфаку, на другім курсе. Але ў лістападзе гэтага года мне прыйшлося ўцячы з Беларусі з-за ціску КДБ. Чаму на мяне ціснулі? Я адміністраваў суполку «Надоел нам этот Лукашенко», разам з «РЧСС» мы заклікалі людзей на маўклівыя пратэсты. Удзельнічаў у акцыях сам і быў адным з арганізатараў валанцёрскай дапамогі затрыманным на тых жа акцыях людзям. Тады на дапамогу ў нас сыйшло 30 мільёнаў рублёў. Гэта было спякотнае лета.

А яшчэ я адчыніў сайт незалежных навін «gonzo.by» – некалькі разоў мяне перадрукоўвалі вядучыя апазіцыйный СМІ. Зразумела, у краіне, дзе любая палітычная дзейнасць не застаецца без увагі спецслужбаў, на мяне не маглі не звярнуць увагу людзі з КДБ. У чэрвені выклікалі туды і дапытвалі ажно чатыры супрацоўніка. У выніку, пад ціскам і шматлікімі пагрозамі, асабліва пагрозамі маім родным, я даў ім падпіску аб садзеянні.

Кэдэбісты пачалі мяне «апрацоўваць» і рыхтаваць да працы агентам. Яны прапанавалі паехаць да Дзіянава, арганізатара маўклівых акцый, каб увайсці да яго ў давер. Я мусіў усталяваць у яго на ноўтбуку вірус. Таксама мне сказалі, што калі я змагу раптам даведацца, што Дзіянаў едзе ва Ўкраіну на які-небудзь семінар, я атрымаю прэмію ў некалькі тысяч даляраў.

Я пагадзіўся на заданне «Увайсці ў давер да Дзіянава ў Польшчы», таму што ведаў, што гэта адна з магчымасцей выехаць па-за межы ўплыву КДБ. Мне аплацілі прыкладна два мільёна рублёў на візу, квіткі і дробязныя выдаткі. Адначасова я непрыкметна запісваў вярбоўку на дыктафон, а мой сябр зфатаграфаваў чэкіста. Мы праінфармавалі аб сітуацыі праваабарончыя арганізацыі і журналістаў. А трэцяга лістапада я выехаў з Беларусі, але не ў Польшчу, а ў Літву. Адразу ж прыйшоў да рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава і распавёў сваю гісторыю. Ён мяне цалкам зразумеў і падтрымаў. І вось цяпер я вучуся ў ЕГУ на першым курсе, на праграме «Медыя і каммунікацыі».

— Як да тваёй сітуацыі паставіліся твая сям’я і сябры?

— Спачатку мая маці вельмі нэрвавалася і моцна сумавала. Зараз яна ўсё ўспрымае адэкватна і нармалёва. А бацькі ў мяне няма, памёр, калі мне было адзінаццаць. Сябры жа ўспрынялі ўсё вельмі добра і пазітыўна, усе мае сябры мяне падтрымлівалі, за што ім вялікі дзякуй.

— Як гэта – кідаць такі смелы выклік? Не баяўся наступстваў?

— Гэта весела. І цікава. Ведаеце, выставіць КДБ дурнямі – шмат чаго каштуе! Я ж думаў, як і большасць людзей нашай краіны, што КДБ – моцная неадольная структура з прафесіяналамі, якая можа за табой сачыць ў рэжыме 24 гадзіны і хіба што думкі твае не чытае… А аказалася, што там працуюць “калгаснікі”, якіх вакол пальца абвядзе і падлетак. Ці пужаўся я наступстваў? Толькі ў дачыненні да маёй сям’і. Шчыра скажу, самае цяжкае было з’язджаць, ведаючы, што тваім родным могуць адпомсціць. Таму я і пракансультаваўся ў дасведчаных у гэтай справе людзей. Мне сказалі, што такога амаль не было, каб сям’і помсцілі. Спытаў Дзіянава – яго сям’ю таксама не чапалі. І вось, ведаеце, нават ператрусу ў мяне дома не рабілі, родных ніяк не чапалі.

— Не шкадуеш аб зробленым выбары?

— Зусім не. Шкадаваць аб чымсці ўвогуле глупства, а шкадаваць аб цалкам усвядомленым рашэнні тым больш нельга. Якая з гэтага карысць? Глядзець назад і шкадаваць? Не, дзякуй. Лепей глядзець наперад і шукаць плюсы. Ва ўсім. У любой сітуацыі можна знайсці станоўчае.

— Зараз ты студэнт ЕГУ. Якія адрозненні паміж сістэмай выкладання БДУ і ЕГУ ты ўжо паспеў заўважыць?

— Увесь ЕГУ меней за журфак БДУ. Але я не скажу, што гэта адмоўная рыса. Калі набіраюць мала людзей, тады праходзяць самыя-самыя! А яшчэ тут можна мець любую кропку гледжання. Гэта не звыкла, бо ў БДУ студэнты павінны альбо не думаць (аб палітыцы), альбо думаць згодна дзяржаўнай дактрыне. Канешне, большасць студэнтаў БДУ усё роўна думае, і не так, як «трэба», і нават выказвае гэта, але… У ЕГУ выказвацца можна без наступстваў. А яшчэ я чуў шмат стэрыатыпаў пра ЕГУ. Што сюды паступаюць толькі багаценькія сынкі, што тут увесь год тусуюць і можна не вучыцца. І гэта хлусня.

— Чым ты плануеш займацца? Якой увогуле ты бачыш сваю будучыню?

— Зараз я планую ўключыцца ў вучобу. Што я і раблю. Таксама я працягваю адміністраваць суполку «Надоел нам этот Лукашенко», у нас ужо болей 31 тысячы ўдзельнікаў. А што я планую яшчэ? Планаваць, як і шкадаваць – глупства. А тым больш, казаць аб сваіх планах гучна. Чым больш ты плануеш, тым больш верагоднасць, што ўсё пойдзе не так. А калі ты распавядаеш аб сваіх планах усім запар, яны ўвогуле не ажыццявяцца.

круглое фото 100

Крысціна Калбаснікава

Оставьте комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Популярные

Больше на The EHU Times

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше