Грамадства / Палітыка

ПІЯНЕРЫ І АПАЗІЦЫЯНЕРЫ

Альбо што адбываецца з маладымі ў Беларусі

Калі (ў залежнасці ад крыніцы інфармацыі) вам скажуць ці то, што моладзь у нас згубленая, ці то, што ўсё ў нас робіцца выключна дзеля будучага пакалення, – вы ў Беларусі. 

Дзяржаўная прэса вуснамі афіцыйных асобаў раскажа пра найлепшыя ў свеце магчымасці для адукацыі і кар’ернага росту, гранты за найлепшыя ідэі, рэалізацыю бізнес-праектаў, творчыя конкурсы з кватэрамі ў якасці прызоў за першыя тры месцы, прэмію прэзідэнта для таленавітай моладзі, і Ксенію Дзягелька як безумоўны прыклад і лідэра для беларускага маладзёна. Неафіцыйная версія – усё тое ж самае, толькі наадварот: моладзь зьехала – хто здабываць замежныя дыпломы, хто па ПМЖ у пагоні за высокімі заробкамі, высокім узроўнем жыцця і высокай самаадзнакай адпаведна, актыўную моладзь цкуюць і пераследуюць, перспектываў мінімум, крэдыты дарагія, заробкі малыя, на выбары заганяюць пад пагрозай звальнення і адлічэння. Як вядома, ісціна звычайна дзесьці пасярэдзіне. Аднак тут два супрацьлеглыя апісанні рэчаіснасці выглядаюць цалкам праўдзіва. Як быццам бы ёсць дзве Беларусі і два розныя пакаленні беларускіх маладзёнаў…

Дык дзе ж праўда? Што адбываецца з моладдзю ў Беларусі? І што ўжо адбылося з моладдзю ў Беларусі? Як стаўленне да рэчаіснасці ўплывае на далейшы лёс маладога чалавека?

Сярод маіх занёмых няма “застабілаў”, ды я і не збіраюся разважаць пра жыццёвыя перспектывы Ксеніі Дзягелька і тых, для каго яна сапраўды ёсць лідэрам. Размова пойдзе пра  адносна свядомых і свабодных у сваёй свядомасці маладых людзей, з еўрапейскай арыентацыяй светапогляду і з гадавым шэнгенам у пашпарце. Але і тут відавочна: розніца ў тым, як складаюцца іх жыцці, ёсьць.

Вось толькі некаторыя з магчымых варыянтаў развіцця падзеяў:

1. Зліцца з сістэмай

Гэтыя людзі падчас свайго студэнцтва маглі быць нават сябрамі моладзевых апазіцыйных арганізацый і дакладна хоць раз наведваліся ў намётавае мястэчка падчас выбараў 2006 года. Яны не давяраюць уладзе, галасавалі за Мілінкевіча, а пасля – за Саннікава ці Някляева. Некаторыя проста не пайшлі на выбары, бо ведаюць, што выбараў няма. Яны скончылі ўніверсітэт і зараз працуюць. Большасць – у прыватных фірмах: такі кампраміс паміж недаверам да дзяржавы і непазбежным “дзесьці ж працаваць трэба”. Гэты людзі – той патэнцыйны сярэдні клас, без якога мы ніколі не будзем жыць у заможнай і па-сапраўднаму незалежнай краіне. Гэтыя людзі дастаткова свабодыя, каб пры нагодзе аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны садок, аднак недастаткова для таго, каб ладзіць пікеты, калі такой нагоды не надасца. Яны з радасцю паставяць подпіс за дэмакратычнага кандыдата, але збіраць гэтыя подпісы лічаць марнасцю. З аднаго боку, гэтыя людзі сталі часткай сістэмы, з іншага – яны з іроніяй ставяцца да ўсяго, што звязана з афіцыйным. Мой аднакласнік, напрыклад, які вучыўся на юрыдычным факультэце БДУ, быў адвакатам на судзе Алеся Бяляцкага. Ён у сістэме?  Так. Ці ён за сістэму? Наўрадці.

2. Дэсідэнцтва

Скончыць універсітэт альбо не скончыць яго. Не мець працоўнай кніжкі, але мець перагружаны расклад на бліжэйшы месяц, на бліжэйшы год. Не быць доктарам навук, але быць надзвычай skilled. Сустрэчы кааліцый, замежныя семінары, падрыхтоўка да акцый, выступы на круглых сталах, друк улётак – вось руціна такіх людзей. Імі можна захапляцца, іх можна шкадаваць, ім можна зайздросціць. Крэатыўнасць, лёгкасць на пад’ём, валоданне некалькімі замежнымі мовамі і безліччу карысных замежных кантактаў – вось іх працоўныя якасці. Іх вызначальнае адрозненне ад тых, хто ў сістэме, — вера ў тое, што ў краіне хутка ўсё памяняецца і вось тады яны заявяць пра сябе напоўніцу – і зусім не абавязкова ў палітыцы, магчыма ў бізнесе. Мой сябра вылецеў з лінгвістычнага ўніверсітэта, не давучыўшыся нават да першай сесіі. Затрымалі на акцыі, 15 сутак, адлічэнне за прагулы – стандартная гісторыя. Але чалавек не разгубіўся. Пазнаёміўшыся на Акрэсціна з такімі ж як ён, наслухаўшыся цікавых гісторый пра лёсы і жыцці такіх як і сам гора-змагароў, ён цвёрда вырашыў, што, як кажуць, краіна павінна ведаць сваіх герояў у твар, і выдаў зборнік успамінаў з турэмных нараў. Героямі яго “Акрэсцінскіх будняў”, сярод шэрагу маладзёнаў-актывістаў, сталі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўніца партала generation.by Вольга Кузміч, мастак Аляксей Марачкін, моладзевы лідэр Франак Вячорка, журналіст “Нашай Нівы” Сямён Печанко, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Цяпер кніга перавыдадзеная яшчэ на 4 мовах, а мой сябра аб’ехаў палову Еўропы, праводзячы яе прэзентацыі. Выснова: была б ідэя, а як яе рэалізаваць – заўсёды знойдзецца магчымасць. І не ў дыпломах справа.

3. З’ехаць на час “пакуль у Беларусі дыктатура”

Вось гэтых людзей найбольш цяжка зразумець. Яны паступаюць у самы прэстыжныя ўніверсітэты свету, атрымліваюць некалькі ступеняў. Выкладаюць у facebook пацверджанне чарговага дасягнення — і вось думаеш: ну зараз вернецца, павінен вярнуцца, бо мусіць жа ведаць, як патрэбны Беларусі. Адна мая аднакласніца жыве ў Каліфорніі, іншая – у Вашынгтоне. У абедзвюх – прэстыжная адукацыя і прэстыжныя месцы працы. Раз у год яны сустракаюцца з беларускай дыяспарай у ЗША, апранаюць нацыянальныя беларускія сукенкі і спяваюць “Купалінку”. Яны – малайцы.  Але падчас рэдкіх візітаў на радзіму распавядаюць пра жыццё за мяжой, пра вялікія магчымасці самарэалізацыі, пра тое ў рэшце рэшт, што “вярнуліся б, калі б тут нешта змянілася”. А змяняць хто будзе?

4. Асесці за мяжой

Таму што там лепш, таму што там няма дыктаруры, а ёсць дэмакратыя і правы чалавека, ды і заробкі ого-го. Таму што падчас вучобы сустрэў сваю другую палову і яна, ясная справа, не паедзе ў Беларусь. Таму што галоўнае – кім ты сябе лічыш сам, а не дзе жывеш. Таму што “ўсе звальваюць з гэтай дзюркі, сам разумееш”. Бла-бла-бла… У кожнага сваё “таму што”. І кожная прычына вартая, каб яе зразумелі. Зрэшты, не выключана, што прадстаўнікі  гэтай катэгорыі зробяць спробу вярнуцца ў Беларусь, калі б тут глабальна нешта памянялася. А дакладней, калі б тут стала лепш, чым там, дзе яны зараз. Але пакуль яны не хаваюць таго, што лепш ім там, а ахвяраваць сабой ці сваім дабрабытам – гэта не для іх.

У нас няправільная краіна. І не таму, што ў маладога спецыяліста маленькі заробак, а за плакат можна сесці ў турму. Кепска тое, што для адных гэта нармальна, а для іншых – невыносна.  У нас існуе дзікі падзел грамадзтва. Наша рэчаіснасці пабудавана так, каб піянер ненавідзеў сябра Маладога фронту, а студэнт праграмы Каліноўскага кпіў з атрымальніка прэміі прэзідэнта. Кнігі гэтых людзей па-рознаму называюцца, а героі маюць розныя імёны. У гэтых людзей розныя святы і розныя дэманстрацыі. Адныя панясуць кветкі да вечнага агня на 9 траўня, іншыя – расцяжку “Свабоду палітвязням” на 25 сакавіка.

Кепска тое, што гэтыя людзі ніколі не паразумеюцца, не сустрэнуцца, ніколі не працягнуць рукі насустрач адныя адным.

Трагедыя ў тым, што яны – тыя, каму будзе належыць Беларусь праз 10, праз 20 год.

Кацярына Маркоўская

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s