Грамадства / Палітыка

БЕЛАРУСЫ І ВІЛЬНЯ

«На самай справе, што тычыцца маіх прэтэнзій да ЕГУ – гэта адсутнасць усякіх кантактаў…»

Інтэрв’ю са старшынёю Таварыства Беларускай Культуры Літвы Хведарам Нюнькай

Інфармацыя “The EHU Times»

Хведар Нюнька

Хведар Нюнька – беларускі грамадскі дзеяч у Літве. Нарадзіўся ў 1928 г. у  в. Алешавічы ў Польшчы (зараз Гарадзенская вобл., Беларусь). Вучыўся ў польскай школе, якая пасля надыходу саветаў зрабілася беларускай. У 14 гадоў увайшоў у арганізацыю “Беларуская народная самапомач”. У 1943 разам з сям’ёю пераехаў у Вільню, дзе скончыў расійскую гімназію. Скончыў Літоўскую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў у праектных інстытутах. З 1980-х гадоў вядзе актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве. З 1989 г. — старшыня Таварыства Беларускай Культуры). Сябра прэзыдыюму Рады БНР.  Атрымаў узнагароду  «За заслугі для Віленскай самаўправы». Дзякуючы ягоным намаганням у Вільні з’явілася больш за 10 мемарыяльных дошак у гонар слынных беларусаў. Жыве ў Вільні.

— Спадар Нюнька, што такое Таварыства Беларускай Культуры?

— Наша арганізацыя заснавана ды афіцыйна зарэгістравана 4 лютага 1989 года. Тады была “гарбачоўская перабудова”, крок да незалежнасці Летувы. Гэтым скарысталіся ўсе, у тым ліку і беларусы. Думка пра стварэнне беларускай арганізацыі паўстала ў Зоські Верас (паэтка, беларуская дзяячка). І першай такой арганізацыяй стаў клуб “Сябрына” – клуб аматараў беларускай творчасці ды культуры. А праз год з’явілася патрэба ў стварэнні больш сур’ёзнай арганізацыі. Так і нарадзілася наша Таварыства.

… У міжваенны час тут, у Вільні, віравала актыўнае беларускае жыццё. Калі не памыляюся, было трынаццаць дэпутатаў у Сойм і Сенат. Была нават створана асобная фракцыя.

Жыццё ішло вельмі актыўнае. Існавала беларуская гімназія, якая і дагэтуль робіць гонар беларусам, таму што тыя, хто там вучыўся, выйшлі ў людзі, панеслі беларускую мову, культуру па ўсім свеце.

Пасля «вызвалення»

А пасля таго, як скончылася вайна і Савецкая Армія “вызваліла” гэтыя тэрыторыі, беларускае жыццё замерла. Раней была гімназія, быў музей беларускі, быў банк беларускі, касцёл беларускі і школа беларуская – усе ўмовы. Але 4 ліпеня 1944 г. прыйшла савецкая ўлада. І з часам ўсё беларускае было знішчана…

Дазвол на стварэнне нашай арганізацыі было даволі складана атрымаць, але ўсё адно ўдалося. Толькі нам была зроблена заўвага, што ў ёй не могуць удзельнічаць Лявон Луцкевіч і Юрка Луцкевіч, якія былі асуджаны за антысавецкую дзейнасць. Мы зрабілі так: афіцыйна яны не ўдзельнічалі, але неафіцыйна, канешне, яны рабілі амаль усю галоўную працу. Тым больш, што яны былі старэйшыя і мелі досвед арганізатарскай працы.

Мы стварылі Раду, у якой 5 ці 7 чалавек было спачатку. І паўстала пытанне: каго абраць старшынёй? Потым вырашылі: паколькі я “чысты”, маю дадатковыя сродкі дапамогі – часова прызначыць мяне. І так камічна атрымліваецца, што гэтае “часова” цягнецца ўжо амаль дваццаць тры гады.

— Якія мэты вы для сябе тады ставілі?

— Мы жадалі аднавіць багатую спадчыну, якая заставалася ад таго вельмі бурнага беларускага жыцця. Часам у Літве выходзіла да 10-ці газет, якія распаўсюджваліся па ўсёй Заходняй Беларусі. Але гэта было да 1944-га году. Потым усе страчана. На працягу паловы стагоддзя не з’явілася аніводнай старонкі па-беларуску, аніводнай перадачы на радыё ці тэлебачанні, аніводнай арганізацыі – нічога не было! Па сутнасці, праз паўстагоддзя актыўнае пакаленне адышло ў іншы свет, а новае ўжо не мела адносінаў да беларускасці. І таму пачынаць трэба было з нуля.

У мяне было нават вялікае расчараванне. Я думаў, што калі мы выпусцім беларускую газету (яе ж ужо 50 гадоў не было!) , то людзі расхопяць яе! Таксама, калі мы захочам нешта аднавіць, то людзі пацягнуцца, ім будзе цікава! Аказваецца, памянялася ўсё. Адбылася асіміляцыя. Бо нават пры Савецкім Саюзе літоўцы здолелі паставіць сваю мову на першае месца. І тады ўжо без яе было цяжка што-небудзь зрабіць.

А беларускія камуністы нішчылі ўсё беларускае. Так што для нас пачатак быў вельмі складаны.

— І што ў вас атрымалася зрабіць?

— Спачатку мы выпусцілі газету “Беларусы Віленшчыны”, прычым нават літоўскія ўлады ды ЦК адносіліся прыхільна да гэтай ідэі.

… Я тут жыву амаль 70 годоў, але ніколі не адчуваў абразлівых адносінаў да беларускай мовы ці беларускай нацыі. І гэта вялікі плюс. У Польшчы, напрыклад, сітуацыя зусім іншая. Там могуць і пікнуць табе, што ты “кацап” ці “хаміч”, ці яшчэ як абразліва сказаць.

І стаўленне да роднай мовы ў літоўцаў было зусім іншае. Такога немагчыма ўявіць, каб літовец з літоўцам размаўлялі на іншай, чужой мове, а не на сваёй.

Але, каб наша газета выходзіла, мне трэба было ісці ў Цэнтральны Камітэт камуністычнай партыі – прасіць. Выпрасілі газету! Яна не была вялікай: толькі адна старонка. І яна была ўкладышам у літоўскую газету. Але было выдадзена літаральна некалькі нумароў, і праца спынілася.

Пазней мы ўжо выпускалі “Рунь” – салідную газету. Склалася свая маленечкая рэдакцыя, якая трымалася на самаахвярнай працы, ніякіх грошаў нікому не плацілі. Мы выпусцілі недзе 15 нумароў, а пазней яна перайшла паэту Алегу Мінкіну (ён меркаваў зрабіць з гэтага бізнэс, але не атрымалася). Каб газета выходзіла, мы мусілі знайсці буйнейшае выданне, і ім стала “Савецкая Літва” (з накладам, напэўна, 10000 асобнікаў.). І таксама патрэбны быў званок з ЦК… Дамова была такая: кожны тыдзень мы даём макет старонкі, але за гэта не плацім. І нам не плацілі. Так нашая газета выходзіла недзе паўтара гады.

А яшчэ мы паспрабавалі далучыцца і да польскамоўнай газеты, бо палякаў тут таксама было шмат. Мы звярнуліся да газеты “Польскі кур’ер” і нават без званкоў ЦК абышліся, таму што тут адразу пагадзіліся. Мы давалі макет – і гэта ішло.

Але ўсё разам скончылася, калі пачаліся эканамічныя праблемы. І такога фінансавання з боку ўрада, як было раней, ужо не атрымлівалі. І трэба было, каб газеты ішлі на самаакупнасць. Канешне, датацыі былі, але ўжо не такія, як раней. І тады з нас пачалі патрабаваць аплаты, гэта каштавала шмат. А грошай у нас як не было, так і няма. І мы скончылі на гэтым выдавецтва нашых газет.

Акрамя гэтай справы мы займаліся ўшанаваннем памяці тых, хто тут жыў і працаваў ці нават паклаў жыццё сваё і быў звязаны з Вільняй і з беларускасцю. Такіх людзей не так мала тут. Таму мы паступова на працягу ўсяго часу размясцілі ў цэнтры Вільні 10 мемарыяльных дошак.

Гэта ўсё таксама нялёгка, але калі штосьці робіш, то і вынік працы бачыш. Так, першы наш помнік быў у гонар Францішка Аляхновіча – драматурга, заснавальніка беларускага тэатра, які напісаў 17 п’ес, працаваў у газеце “Беларускі голас”. Але яго забілі. Тыя, хто не маглі дапусціць тут беларускасці. Я пра гэта з дзяцінства ведаў, і яшчэ тады вырашыў, што трэба будзе як-небудзь ушанаваць ягоную памяць. Нам ніхто грошай не даваў, скульптар – Эдвард Падбярэскі – дабрачынна зрабіў гэты помнік. Але помнік атрымаўся крыху бутафорскім, бо быў зроблены з гіпсу, а зверху пакрыты эпаксіднай смалой. Ён прыгожы вельмі, але пусты ўсярэдзіне. І яго трэба было б замяніць. Але помнік стаіць, а як змяніць — мы такіх сродкаў не маем.

— А якія яшчэ праблемы ў вас ёсць?

— А праўду сказаць, усе праблемы ў нас вырашыліся. А былі з больш істотных дзве.

Адну мемарыяльную дошку ў нас скралі, бо яна была з бронзы. Прысвячалася Пётру Сергіевічу – выдатнаму патрыёту, мастаку, беларусу, які пражыў у тым доме, дзе з’явілася дошка, 40 гадоў. Ён нават меў званне “Заслужаны мастак Літвы”, а гэта для беларуса шмат значыла.

Была і праблема з шыльдай Адаму Станкевічу – вялікаму беларускаму святару. Мы хацелі змясціць яе ў адной з нішаў у цаглянай агароджы, што насупраць касцёла Святога Міхала, альбо на гэтым будынку. Але нам адмовіла каталіцкая іерархія. Было некалькі спробаў. Потым на аўдыенцыі кардынал мне сказаў: “Вы можаце выпускаць артыкулы, можаце напісаць брашуру ці што-небудзь яшчэ і такім чынам ушанаваць памяць, але змясціць помнік ні там, ні тут мы вам дазволіць не можам”. І я тады яму адказаў: “Беларусы заўсёды будуць памятаць, што Вы нам адмовілі”.

Але шыльда была ужо гатовая. А пасля я прыдумаў павесіць яе на тое месца, на якое ўжо меў дазвол. Так і зрабілі. Зараз вісіць на Базыльянскім Муры, дзе некалі была гімназія, у якой Станкевіч выкладаў.

З меншых праблем гэта, канешне, фінансы. Але гэта ўсіх датычыцца, хто робіць штосьці. А хто нічога не робіць, той і праблем такіх не мае!

Але ж мы маем памяшканне, і па сутнасці, можам рабіць з ім усе, што захочам. У капіталістычным свеце ўласнасць – гэта вельмі важна. Яшчэ маем вялікае дасягненне за 20 гадоў – пляц пад забудову, якая будзе называцца “Цэнтр Беларускай Культуры імя Якуба Коласа”. Гэта 12 сотак зямлі, па рынкавых коштах 550 тысяч літаў. Так што, з аднаго боку, мы багатыя. Але ніхто зямлю не збіраецца ні прадаваць, ні аддаваць. Але з ёю ёсць і праблема. Спонсара на пабудову не можам знайсці. Стаіць пакуль і чакае.

А яшчэ ёсць адна так і не вырашаная на працягу 20 гадоў праблема – аднаўленне музея Івана Луцкевіча, які быў абрабаваны пасля вайны. Я падымаю гэта пытанне на ўсіх узроўнях, бываюць маленькія перамогі, але недастатковыя для агульнай. Напрыклад, Сойм і Гарадская Самаўправа нас падтрымліваюць, а Міністэрства культуры – не. Музей жа не самаакупная ўстанова. Літоўцам і на ўласнае грошай не хапае.

Гэта, напэўна, апошняе, што я хацеў бы зрабіць тут.

Яшчэ мы абавязкова адзначаем нашы нацыянальныя святы: Дзень Волі, Слуцкі Збройны Чын. Кожную апошнюю суботу месяца мы ладзім імпрэзы. І на працягу чатырох гадоў у нас яшчэ ні разу імпрэза не сарвалася. Калі больш людзей прыходзіць, калі – меньш, але няшмат.

 Адсутнасць усялякіх кантактаў

— Як думаеце, чаму да вас так мала людзей прыходзіць?

— Свядомасці ў людзей не хапае. Дарэчы, з ЕГУ да нас зараз ніхто не прыходзіць.

— На самай справе, што тычыцца маіх прэтэнзій да ЕГУ,– адсутнасць усялякіх кантактаў. І гэта таксама павінна была бы быць ініцыятыва з боку кіраўніцтва… Так што тое, што казаў спадар Шушкевіч пра ЕГУ, на жаль, праўда. Каго мы выхоўваем? Мы выхоўваем не беларусаў…

Яны не плануюць вярнуцца, каб пасля служыць Беларусі. І яшчэ я ведаю, што гэты ўнівэрсітэт у Беларусі быў як асінае гняздо сярод амаль усеагульнай русіфікацыі, і там беларускія патрыёты нічога не маглі зрабіць з гэтым. Але я думаў, што ў Летуве будзе іншая сітуацыя. Тут жа можна пабачыць сапраўдныя адносіны да мовы. Мова – гэта усё. Без мовы мы ніхто. Без мовы мы не нацыя, не народ. І самае галоўнае – не дзяржава. Чалавек, які атрымлівае вышэйшую адукацыю, павінен ведаць родную мову. І чаму Еўропа ды Амерыка дапамагаюць? Таму што яны лічаць, што гэта беларускі ўнівэрсітэт. І я думаў, што праз сем гадоў сітуацыя зменіцца. Але нічога не памянялася. Усё тое самае засталося. Плюс – тэндэнцыя ізаляцыі. Мы ўсе думалі, як прыедзе сюды унівэрсітэт беларускі, мы ажывем, тут будзе такая сіла беларуская, але няма нічога.

— Усё ж такі, людзям з Беларусі складана атаясамліваць сябе з адзіным магутным народам. Усякую сумленную дзейнасць імкнуцца знішчыць. На беларускай мяжы трэба, відаць, паставіць табліцу: “Беларусам уезд забаронены”! Я ледзь не палову жыцця аддаў Беларусі, а мяне не пускаюць. Прычым, даволі недарэчна атрымліваецца, бо на выпадковай сустрэчы з паслом Дражыным я спытаўся: “Чаму мне візу не даюць?” А яго дарадца па культуры кажа: “Ой, там чагосьці не хапае, дадзеных нейкіх”. Дражын: “Ну дык у чым прычына? Заўтра ўсё вырашым. Мы Вам пазвонім”. І так было некалькі разоў. Звоняць дагэтуль…

 — А такая сітуацыя з усімі членамі таварыства?

— Не. Толькі мяне закранула ды старшыню Таварыства Беларусаў Польшчы Яўгена Вапу.

 — І колькі Вы ўжо год на Радзіме не былі?

— Не так даўно быў. Гады два таму. Я, прызнацца, і не надта хачу ехаць. Чакаю, пакуль становішча зменіцца. Хачу наведаць родныя мясціны. Там дзяды пахаваныя.

Кірыла Калбасьнікаў

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s