Універсітэт

БЕЛАРУСКАЯ ВНУ, ЕЎРАПЕЙСКІ УНІВЕРСІТЭТ І УЛАСНЫ ДОСВЕД

Аўтару гэтых радкоў пашанціла на ўласным вопыце ў хаатычным парадку праходзіць усе гэтыя “школы”. Адразу хочацца адзначыць, што дзве першыя саступаюць апошняй, але, напэўна, гэта адзінае, што іх аб’ядноўвае: прынцыпы падыходу да выкладання “прафесіі” у беларускай навучальнай установе і ВНУ еўрапейскага кшталту адрозніваюцца кардынальна…

Нескладаны абумоўлены выбар

Ва ўзросце 17-ці гадоў, будучы яшчэ вучнем старэйшых класаў сярэдняй школы, я добра зразумела: журналістыка — гэта тое, чым я хачу займацца. Выбар ВНУ тады ў сілу многіх абставінаў звузіўся проста і “геаграфічна”: у маім горадзе ў былым педагагічным інстытуце (сёння – Магілёўскі Дзяржаўны Універсітэт імя Аркадзя Куляшова) якраз з’явілася аддзяленне журналістыкі.

Вучоба там ад самага пачатку падалася зусім нескладанай – наведванне (ці ненаведванне) лекцый, падобныя да школьных урокаў практычныя заняткі, а пасля – некалькі тыдняў здачы экзаменаў і залікаў. Лекцыі прачытваліся і завучваліся – пасля знікалі бясследна, як і веды, атрыманыя з іх. І толькі малая іх частка клалася ў адмысловую “тэчку” для перачытвання.

Будучым журналістам выкладалі шмат розных дысцыплінаў – ад этыкі да філасофіі: усё было цікава і пазнавальна для дапытлівага розуму…

І амаль нічога з першых 2-х курсаў ад “прафесіі” у галаве не засталося, бо не было чаму… Толькі што цікавы тэрмін “лід”, які спатрэбіўся пазней на практыцы для лягчэйшага разумення рэдактараў, з якімі давялося сустракацца.

Маленькая практыка маленькага журналіста

Падчас вучобы мы часам павінныя былі прадстаўляць артыкулы, напісаныя намі. Некаторыя з маіх матэрыялаў былі апублікаваныя ў мясцовых гарадскіх газетах. Яны былі патрэбныя для здачы сесіі. Я атрымлівала за іх высокія адзнакі і не задумвалася пра тое, наколькі прафесійна былі яны напісаныя: пісалі так, як вучылі.

Забягаючы наперад, хачу заўважыць, што калі адзін з такіх артыкулаў трапіў на вочы праз 5 год, адзінае, што звязвала яго са мною, — гэта прозвішча і імя, якім быў ён падпісаны. У астатнім – сваім (цяпер больш вопытным) вокам я убачыла: журналісцкім тэкстам яго назваць нельга і не зразумела за што і чаму калісьці ён быў прыняты і высока ацэнены ў маёй навучальнай установе.

Ілюзій наконт таго, што з гэтага універсітэту нас выпусцяць прафесіяналамі ніхто не меў. А таму і ўладкоўвацца ў рэдакцыі мы пачалі самастойна, самастойна пачалі шукаць варыянты практычнага нашага навучання журналістыцы.

Адлічэнне як пачатак…

За 2-гі курс на летняй сесіі па іроніі лёсу не атрымалася здаць некалькі іспытаў – прадстаўнікі дэканату, дарэчы, ледзь не “за вушы прыцягвалі” – заклікалі прыйсці і даздаць. Але, чамусьці, захацелася пэўнай волі: мяне якраз пазвалі паспрабаваць працаваць рэгіянальным карэспандэнтам на Еўрарадыё. И я даведалася пра існаванне ў Літве Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта. Дыстанцыйнае навучанне ў апошнім я і сумясціла са сваёй першай працай.

Апынуўшыся на радыё, я (хоць і не мела поўны курс навучання ў ВНУ за спіною) добра адчула на сябе агульнавядомы выраз: “А зараз забудзьце усё, чаму вас вучылі”, бо вучыцца давялося наноў.

Гэта было проста і цікава, тым больш, што атрыманыя веды падмацоўваліся штодзённай практыкай: падчас суровай і складанай. Складанай з-за таго, што за ўсе гэтыя гады ніхто не папярэдзіў мяне і не засяродзіў маёй увагі на тым, што журналіст працуе для свайго чытача, у якога ёсць праблемы, характар… Адсюль і адказнасць журналіста перад ім – бо менавіта ён, чытач, прыносіць выданням наклад, рэйтынгі і г.д.

Падчас навучання ў ЕГУ я змяніла некалькі выданняў, паспрабавала ўсё: пачалося ўсё з радыё, пасля была праца ў друкаванай самвыдатаўскай газеце, на рэспубліканскім інтэрнэт-рэсурсе, на тэлеканале…

Былі на маім шляху і спробы зарэгістраваць уласную гарадскую газету – спробы скончыліся няўдачамі (бо газеты ў Беларусі маюць права рабіць толькі ідэалагічна падрыхтаваныя асобы). Але я б назвала гэтыя спробы яшчэ і такімі, якія загартоўваюць характар.

Менавіта з такім загартаваным харакатарам я і некалькі маіх сяброў вырашылі стварыць гарадскі інфармацыйны сайт, над якім мы працуем ужо год. І, дарэчы, шмат чаму на гэтай новай практычнай сцяжынцы нам усім зноў даводзіцца вучыцца занава…

Вучоба ў ЕГУ

Дыстанцыйнае навучанне, якое абрала я, вельмі зручная для журналістаў-практыкаў – яно займае менш часу і больш накіраванае на самападрыхтоўку – а гэта і ёсць найважнейшы элемент, які развівае прафесіянала. Некаторыя дысцыпліны ў ЕГУ, дзе я апынулася на аддзяленні журналістыкі, на 2-гім курсе мелі тыя ж назовы, што і ў маёй беларускай ВНУ. Але веды, якія практыкуючыя выкладчыкі аддавалі нам задарма, аказаліся максімальна набліжанымі да штодзённай працы.

Я памятаю, як большасць лекцый спачатку “праглыналася” мною для здачы экзаменаў, а пасля перачытвалася ў любую вольную хвіліну і станавілася яшчэ адной “кнігай” практычнай падрыхтоўкі: настолькі былі яны карысныя, цікавыя, здольныя дапамагчы ў працы.

Менавіта тут я атрымала шмат ведаў, якія набліжаюць да разумення сутнасці маёй прафесіі, разумення яе ў шырокім, глабальным плане. І чым больш я атрымлівала ведаў, тым больш разумела, як многа мне яшчэ трэба даведацца.

Часам я сустракала былых аднагрупнікаў з МДУ, расказвала пра тое дзе і як мне працавалася, як выдатна я адчуваю сябе ў новай навучальнай установе. Ад іх жа чула, што з набліжэннем году выпуска яны “усё яшчэ чакаюць, але амаль страцілі надзею навучыцца там журналістыцы”…

Вяртанне са свядомасцю, якую падкарэктавала практыка

Пазней кошт навучання ў ЕГУ аказаўся для мяне занадта высокім і я вырашыла спыніць навучанне. Я аднавілася ў МДУ імя Куляшова – трапіла на 3-ці курс завочнага аддзялення ўсё на тую ж спецыяльнасць – журналістыка.

Сёння я пераведзена ўжо на 4-ты курс, я – практыкуючы журналіст, усё яшчэ чакаю адказ на пытанне маіх былых аднагрупнікаў: “Калі ж нас пачнуць вучыць журналістыцы?”…

І справа нават не ў тых прадметах, якія пазначаны ў маёй залікоўцы (большасць з іх гучыць “вельмі па-журналісцку”), і нават не ў тых словах і інфармацыйных падборках, якія даюць нам выкладчыкі, справа ў тым, што яны вучаць нас журналістыцы тэхнічнай: напісанне і структураванне тэксту, рэдагаванне, метады напісання, складнікі тэксту. Гэта ўсё вельмі патрэбна і карысна, але гэта толькі 10% ад таго, што даводзіцца рабіць нам на практыцы. Часам мне здаецца, што нас спрабуюць навучыць журналістыцы, якой нідзе няма і не будзе.

На маю суб’ектыўную думку, лепш быць журналістам, які яшчэ не ўмее структураваць уласны тэкст, затое добра зможа вылічыць хто і чаму хоча нябачна навязаць яму думкі, якія ператвараюцца ў сказы, якія пасля праглынаюцца нашым грамадствам…

Не лішнім лічаць выкладчыкі нагадваць пра тое, што ў нашай краіне ўсё стабільна і пра тое, што “на мітынгі апазіцыйныя лепш не хадзіць”, ці яшчэ нейкія падсумаванні, замаскіраваныя пад “прафесійныя журналісцкія” парады. Але не ўлічваюць, чамусьці, што тое, чаму яны нас па сутнасці не навучылі – а менавіта крытычны погляд на факты, меркаванні – можна выкарыстаць, каб не дазволіць прапусціць у сваю свядомасць гэтыя парады-высновы. І, як бы ні было, ўсё гэта звязана між сабой, але гаворка зараз не пра тое…

Безумоўна, ніякая навучальная ўстанова па-за межамі краіны не саступіць сваёй, местачковай у душэўнасці, у цікавай пабытовасці, у скаладанасці і варыянтнасці ўзаемаадносін. Але прыходзім мы ў іх не за гэтым. Складаецца такое ўражанне, што яны спрабуць найперш арганізаваць для студэнтаў своеасаблівую “школу жыцця”, а не “школу прафесіі”.

Праверана на ўласнай скуры: адрозненні, якія нельга не заўважыць

Дзве ВНУ — і велізарная розніца паміж імі: зараз узгадваюцца некаторыя асаблівыя моманты падчас навучання, якія не маглі не адбіцца ў памяці.

Гэтыя думкі вельмі суб’ектыўныя, і ніяк не абагульняюць сітуацыю ў цэлым. Гэта прыватнасці, часам непрыемныя, але казаць пра іх я лічу патрэбным. Падсумоўваючы эмацыйна-параўнаўчы аповяд, прывяду іх каротка.

Асоба выкладчыка. Хто не памятае страх перад іспытам: ён знаёмы нам са школы. Але адкуль і галоўнае навошта ён узнікае? Гэта я зразумела толькі тады, калі здавала адзін з самых страшных для мяне іспытаў у ЕГУ – і, чамусьці не баялася… І тады да мяне дайшло: наколькі ж у нашых навучальных установах усё банальна залежыць ад настрою і характару выкладчыка: калі самыя простыя і цікавыя дысцыпліны сдаваць страшна!

Уласныя думкі і творчасць. Нават самага відавочнага пачынаючага мастака загубіць нескладана. А скрытага (яшчэ маленькага мастака) – і падаўна. Тое, што страчваецца за спробай зрабіць усё тэхнічна і правільна – для адной канкрэтнай асобы можа быць невяртальным.

Прыкладны характар. Журналісцкая практыка займала нашмат болей часу майго жыцця, чым журналісцкая тэорыя. А таму часам тэорыя прыходзілася ўжо пасля практыкі. Я вельмі рада, што было менавіта так. Бо галоўнае – разуменне сутнасці, магчымасць даць волю свайму розуму паспрачацца з  перажытым на вопыце. А адчуўшы сутнасць на сабе, я пачынаю лягчэй успрымаць тэорыю, якая, дарэчы, адкуль пісалася?.. З той самай практыкі…

Сувязь з планетай Зямля — галоўнае адрозненне вучобы ў двух настолькі розных па прынцыпах сваіх ВНУ: хочацца заўважыць, што ўсё ж выкладчыкі, якія вучаць нас прафесіі, павінны быць майстрамі сваёй справы, мець вялікі вопыт працы у мінулым. Што ў выпадку маёй беларускай ВНУ – нажаль рэдкасць… А інфармацыя, якую ўкладаюць у нашыя галовы, павінна заўтра стаць нашай кропкай адліку: не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці.

І напрыканцы…

Хачу аднойчы, калі дозволяць магчымасці, вярнуцца ў ЕГУ.

Ганна Ільіна

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s